«Дом творцаў», заснаваны ў Польшчы беларускімі эмігрантамі, ужо некалькі гадоў ладзіць мастацкія рэзідэнцыі, у рамках якіх запрашае мастакоў падрыхтаваць уласныя творы. Пазней працы выстаўляюць на спецыяльнай экспазіцыі, якую можна ўбачыць у Варшаве ў Цэнтры культуры раёна Ахота (ОКО).
Сёлета ў арт-рэзідэнцыі ўдзельнічала 10 творцаў з Беларусі – не толькі мастакі, жывапісцы, але таксама фатографы і графікі. На адкрыцці выставы я паразмаўляла з арганізатарамі і ўдзельнікамі. Гаворыць кіраўнік «Дому творцаў» Сяржук Доўгушаў.
— Было шмат жадаючых паўдзельнічаць у рэзідэнцыі – таленавітых, унікальных творцаў з Беларусі. Не было дакладнай, зададзенай тэмы, у працах можна пабачыць розныя настроі, розныя матывы. Мастакі перадаюць свае перажыванні – ад балючых перажыванняў да надзей. Мы часам дапамагаем мастакам зладзіць сваю, асабістую выставу. Хацелася б выдаць каталог прац, зробім таксама паштоўкі.
Сяржук Доўгушаў (сядзіць) і Віктар Гут (з правага боку).
Беларускія мастакі працавалі пад кіраўніцтвам прафесара варшаўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў Віктара Гута (Wiktor Gutt). Ён кажа, што гэта была вельмі цікавая сустрэча, а вынік працы кожны наведнік экспазіцыі можа ацаніць сам.
— Вельмі прыгожа і адкрыта мастакі рэалізавалі тое, што я ім прапанаваў - маю, магчыма, дзіўную канцэпцыю. Я проста ў захапленні. А што я ім прапанаваў? Гэта разнавіднасць візуальнага дыялогу, у якім замест слоў мастакі карыстаюцца малюнкам – на паперы, на целе чалавека. Гэта была вандроўка праз розныя магчымасці мастацкай творчасці. Мяне радуе, калі можна зрабіць нешта добрае для іншых людзей. Я не палітык, не ваяр, але стараюся рабіць дабро па меры маіх магчымасцяў.
Каардынатарка праекту арт-рэзідэнцый Наста Някрасава звяртае ўвагу на тое, што выстава носіць не палітычны характар, але беларусы хаця б праз колер выражаюць свой пратэст супраць таго, што адбываецца ў Беларусі. Удзельнікі рэзідэнцыі нават за мяжой, у свабоднай Польшчы, не да канца адчуваюць сябе бяспечна, таму не ўсе працы падпісаны прозвішчам аўтара.
— Выстава мае перфарматыўны характар. Мастацтва прамаўляе на некалькіх узроўнях. Можа непасрэдна прамаўляць, як у мінулым годзе гэта былі плакаты Артура Вакарава, а ў гэтым годзе можна разумець пратэст, які адбываецца ў сэрцах вольных беларусаў, гледзячы, якія колеры яны выкарыстоўваюць, як прэзентуюць свае працы і якія тэмы абіраюць для сваіх прац. Мы бачым людзей, якія адчуваюць сябе не да канца бяспечнымі нават у артыстычнай рэзідэнцыі, таму не ўсе працы падпісаныя прозвішчам, гэта сведчыць, у якой сітуацыі мы знаходзімся.
Ілюстрацыі Кацярыны Еўдакімавай.
Кацярына Еўдакімава падрыхтавала ілюстрацыі да рамана Сашы Філіпенкі «Слон», які выйшаў зусім нядаўна. Гэта кніга пра тое, як людзі не заўважаюць відавочных рэчаў, якія адбываюцца навокал. Кацярына прапанавала гасцям выставы пашукаць «сланоў» на яе ілюстрацыях.
— Я была пад вялізным уражаннем кнігі, прасіла ўсіх знаёмых яе прачытаць, каб было з кім абмяркоўваць. І мне захацелася выкласці гэта на паперу. А рэзідэнцыя – выдатная магчымасць. «Сланоў» шмат, ёсць таксама такія, якія былі намаляваныя флуарэсцэнтнай фарбай, яны свецяцца толькі ў ультрафіялетавым святле. Гэта тыя «сланы», якіх мы не заўважаем – страхі, сумненні. У кожнага з нас шмат сваіх «сланоў», якіх мы не бачым.
Стася займаецца народнай творчасцю. Паводле ўзораў народнага мастацтва яна рыхтуе свае аўтарскія працы. Мастачка перажыла падвойную міграцыю – яна была прымушана з’ехаць з Беларусі, а пазней пакінуць і Украіну, калі пачалася поўнамаштабная вайна. Стася была ўдзельніцай папярэдняй мастацкай рэзідэнцыі ў Варшаве. Што даў ёй гэты вопыт?
— Вельмі падтрымаў, натхніў, даў магчымасць пабыць з іншымі мастакамі з Беларусі, пазнаёміцца з польскімі. Мне прыйшлося з'язджаць пасля 2021 года праз небяспеку. Спачатку была Украіна, пазней Літва, потым Польшча. Калі пачалася вайна ва Украіне, не ведалі, куды ехаць. Паехалі ў Варшаву, якраз адбывалася рэзідэнцыя. Для мяне гэта было лепшае, што можна было зрабіць – пераасэнсаваць праз мастацтва тое, што адбываецца.
Выставу ў Цэнтры культуры Ахоты (Ośrodek Kultury Ochoty OKO ul. Grójecka 75, Warszawa) можна паглядзець да 6 чэрвеня.
Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё
Праца ўдзельніка рэзідэнцыі.
нг