Беларуская Служба

Беларускі віртуоз Ягор Забелаў выступіць на польскім фестывалі «Усход культуры» (ВІДЭА)

11.06.2025 13:00
Больш за сто культурных мерапрыемстваў — канцэрты, кінапаказы і тэатральныя спектаклі, выставы і майстар-класы — гэта сёлетні фестываль «Усход культуры».
Аўдыё
  • Беларускі віртуоз Ягор Забелаў выступіць на «Усходзе культуры»
   ,
Мерапрыемства пройдзе ў Жэшаве, Любліне і Беластокуfoto: https://stadionkultury.pl/

Мерапрыемства пройдзе ў Жэшаве, Любліне і Беластоку. Фестываль пачнецца 27 чэрвеня ў сталіцы Падкарпацця. Як і штогод, галоўнай падзеяй стане шматмерны фестываль «Еўрапейскі стадыён культуры». Мэр Жэшава Конрад Фіёлэк кажа, што ў гэтым годзе ён адзначае сваё пятнаццацігоддзе:

— Частка, якая будзе праходзіць у Жэшаве, называецца Стадыён культуры, паколькі яна нарадзілася за год да Чэмпіянату па футболе, які арганізавалі Польшча і Украіна. У сувязі з гэтым нарадзілася ідэя стадыёна, поўнага культуры і культурніцкага супрацоўніцтва. Сёлета будуць сапраўды цікавыя, бо і польска-ўкраінскія, і польска-грузінскія калектывы. Будуць нашыя зоркі, але будуць і зоркі з Усходу.

Галоўная падзея, Еўрапейскі музычны фестываль, які адбудзецца 27 чэрвеня, гэта адно з сімвалічных завяршэнняў польскага старшынства ў Радзе Еўрапейскага Саюза.

Кампазітар, аўтар тэкстаў Радэк Лукасевіч кажа, што выступіць на сцэне разам з Матыльдай Даменцкай і беларускім артыстам Ягорам Забелавым:

— Мы вельмі радыя супрацы з Ягорам Забелавым. Гэта віртуоз акардэону, што тут шмат казаць. Мы не абавязкова хацелі зайграць з артыстам, у якога мільённыя прагляды ва Украіне ці Грузіі, але мы хацелі разам стварыць новую музыку, новую якасць. Ягор – паэт акардэону. Ён з акардэону выцягвае гукі, якія я нават не спадзяваўся, што можна выцягнуць.

Фестываль «Усход культуры» будзе працягвацца з 27 па 29 чэрвеня ў Жэшаве, з 3 па 6 ліпеня ў Любліне і з 10 па 13 ліпеня ў Беластоку.

Гэта адно з найбуйнейшых культурных мерапрыемстваў у Польшчы, якое аб'ядноўвае артыстаў з Еўропы і краін Усходняга партнёрства.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры