Беларуская Служба

«Праект быў вельмі паспяховым, на жаль» — кіраўнік Kamunikat.org

24.06.2025 17:11
Інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org будзе перададзена ў Нацыянальную Бібліятэку Беларусі, калі Беларусь стане сапраўды незалежнай дзяржавай,- заявіў Яраслаў.
Аўдыё
  • «Праект быў вельмі паспяховым, на жаль» — кіраўнік Kamunikat.org
Яраслаў Іванюк з гістарычнымі бюлетэнямі "Камуніката" Беларускай службы Польскага радыёБеларуская служба Польскага радыё/Яланта Смялоўская

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org, якую заснаваў і каардынуе Яраслаў Іванюк, працуе ўжо 25 гадоў. Задума парталу нарадзілася, калі заснавальнік працаваў у Беларускай службе Польскага радыё. Яраслаў Іванюк адказваў за сувязь з аўдыторыяй. У пэўны момант ён вырашыў падтрымліваць кантакт са  слухачамі ў Беларусі з дапамогай бюлетэня, які і называўся «Камунікат».

Цяпер Kamunikat.org выдае беларускія друкаваныя бестселеры, кнігі ў электронным выглядзе, аўдыёбукі, алічбоўвае беларускія газеты. Чаму грамадзянін Польшчы, вырашыў займацца такой справай і на карысць каго ён працуе: беларускай эміграцыі ці этнічных беларусаў у Польшчы?

Яраслаў Іванюк: Калі ідзецца пра папяровыя кнігі, якіх выданнем «Камунікат» заняўся ў 2021 годзе, гэта, вядома, кнігі для беларускай дыяспары, для беларускіх эмігрантаў, якія з'ехалі са сваёй радзімы пасля 2020 году не па сваім жаданні, а па прычыне палітычных рэпрэсіяў, па прычыне пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі. І, як аказалася, гэтым людзям вельмі патрэбнае было нешта сваё — беларускае, да чаго можна было дакрануцца.

Да гэтага часу «Камунікат» быў інтэрнэт-бібліятэкай, дзе можна было загрузіць сабе нейкія файлы PDF і ePUB, mp3 i іншыя, але да іх не прытулішся, нават тая жа чыталка, у якую загрузіў кнігі з інтэрнэт-бібліятэкі гэта не тое самае, што кніга. Друкаванае выданне можна разгарнуць, панюхаць, прытуліць. Гэта было для беларускай дыяспары вельмі важна, што мы і зразумелі, выдаўшы ўжо першую кнігу на паперы. Гэта быў раман «Гэй Бэн Гіном» Уладзіміра Някляева.

У 2021 годзе мы зрабілі са спадаром Уладзімірам і з музыкам Змітром Вайцюшкевічам тур па польскіх гарадах, дзе на той момант жыла найбольшая беларуская дыяспара. Наведалі таксама Вільню, дзе было дзве прэзентацыі кнігі. І фактычна першы наклад гэтай кнігі разышоўся падчас сустрэч.

Праект быў вельмі паспяховым, на жаль. Аднак усе гэтыя кнігі павінны выходзіць у Беларусі, бо там застаўся асноўны чытач беларускай літаратуры. І таму гэта «на жаль» паспяховы праект. ». Гэта была яркая думка, ці з нейкай бояззю аб гэтым падумаў?

Яраслаў Іванюк: Хутчэй, не з бояззю, але з пэўнымі сумневамі. Алесь Аркуш запытаў, ці я не быў бы зацікаўлены выдаць раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». Я падумаў: ну добра, ну, выдам я гэты раман, і што далей. У той час, ніхто ў Беларусі, ніхто ў беларускіх незалежных выдавецтвах, якія тады існавалі, гэтага раману не хацеў выдаць. Пры чым, не сам раман, не яго змест быў нейкім апальным у Беларусі, а само прозвішча «Уладзімір Някляеў». Я вырашыў, што будзем выдаваць, не маючы нават уяўлення, як мы прафінансуем друк, як мы будзем распаўсюджваць кніжку.

Рэдактар: Але ж ты пагадзіўся, даў слова Някляеву...

Яраслаў Іванюк: Хутка з'явілася думка, што можна зрабіць цыкл прэзентацый. Першы наклад разышоўся падчас прэзентацый, другі наклад прадаўся праз інтэрнэт. А ў гэтым годзе мы выдалі трэці наклад кнігі Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» і ён так сама прадаецца. А да канца вакацыяў гэтага году будзе запісаны аўдыёбук «Гэй Бэн Гіном». Гэтым займаецца вельмі добрая каманда, якой кіруе Хрысціна Дробыш. Для нас гэта вельмі важная падзея,  таму што выйдзе першы аўдыёбук на кнігу, якую выдаў «Камунікат».

Рэдактар: Інтэрнэт-бібліятэка пастаянна разрастаецца, яна пашырае свае сферы дзейнасці. А для цябе асабіста, што дае гэтая дзейнасць? Робіш гэта дзеля заробку, дзеля задавальнення?

Яраслаў Іванюк: Калі гаварыць пра грошы, то гэта не абавязкова нейкія вялікія грошы, але несумненна дае шмат задавальнення. Дзякуючы «Камунікату», я пазнаёміўся з дзясяткамі, а нават можа і сотнямі беларускіх літаратараў, са светлымі людзьмі. Чарговая важная рэч для мяне — гэта тое, што калі я бачу, што на сайт увесь час заходзяць інтэрнаўты, чытачы з розных краін, гэта таксама прыносіць вялікае задавальненне. Паводле нашай унутранай статыстыкі, за 2024 год з «Камуніката» было спампавана 1 200 000 файлаў. Цяпер, у палове 2025 ужо 1 300 000 спампоўванняў. Мне радасна бачыць, што сайт патрэбны, ім карыстаюцца, што тое, што я пачаў 25 гадоў таму надалей развіваецца, карыстаецца папулярнасцю.

Рэдактар: Беларуская прапаганда прадстаўляе цябе этнічным палякам, але ты абураешся на гэта. Бо ты лічыш сябе этнічным беларусам у Польшчы і робіш сваю справу дзеля Беларусі...  Чым для цябе напоўнена слова «Беларусь»?

Яраслаў Іванюк: Беларусь гэта мая вялікая бацькаўшчына. Калі думаю пра Беларусь, то ў асноўным думаю пра прынцыпы, якія былі ўведзеныя Беларускай Народнай Рэспублікай. На жаль, сённяшняя Беларусь далёкая ад Беларусі маіх мараў. Я лічу, што бел-чырвона-белая Беларусь пад гербам Пагоні, сапраўды стане незалежнай, дэмакратычнай, свабоднай дзяржавай, хаця, хутчэй за ўсё, гэта не здарыцца хутка. Тады «Камунікат» будзе перададзены ў Нацыянальную Бібліятэку Беларусі. Яны там цяпер алічбоўваюць нейкую беларускую прэсу, выстаўляюць нешта з беларускіх кніг, але гэта прэса савецкага часу, якая не адлюстроўвае істотных момантаў  гісторыі беларускай дзяржавы.

Рэдактар: Яраслаў, чаму табе важна свабодная Беларусь? Ты жывеш у Польшчы...

Яраслаў Іванюк: Свабодная Беларусь важная для мяне, таму што я беларус. Так, я беларус з польскім пашпартам. Так, я нарадзіўся ў Польшчы. Так, тут нарадзіліся мае бацькі, дзяды, прадзеды, і гд. Але я па нацыянальнасці беларус. І я хацеў бы, каб Беларусь была сапраўды сучаснай дзяржавай, за якую, не трэба саромецца ў Еўропе, у свеце. І калі незалежнай будзе Рэспубліка Беларусь, тады і нам беларусам тут у Польшчы будзе на многа прасцей. Тое, што беларусы Падляшша, беларусы Беласточчыны  адмаўляюцца ад сваёй нацыянальнай прыналежнасці, адмаўляюцца вывучаць мову гэта таксама ў вялікай ступені звязана з тым, што няма незалежнай Беларусі.

Рэдактар: Так сталася, што ў Польшчы жыве цяпер многа беларусаў з Беларусі. Ці гэта шанец на больш цесныя сувязі паміж беларускай этнічнай меншасцю ў Польшчы і беларускай дыяспарай? Ці існуе паміж гэтымі коламі супрацоўніцтва?

Яраслаў Іванюк: На гэтае пытанне я магу адказаць коратка – яно недастатковае. Сувязі павінны быць намнога большымі, але трэба прызнаць, што цяпер ужо значна лепш, чым было гэта адразу ў 2020-ым. Усё радзей пытаюць мяне, напрыклад, на розных сустрэчах, кніжных кірмашах: «я прыехаў два гады таму, вось там той дзядзька прыехаў 10 гадоў таму ў Польшчу, а вы калі прыехалі?» Я тлумачу, што я не прыехаў. «Ага, значыць, вашы бацькі прыехалі?» Я гавару: не, ні бацькі, ні дзяды, ніхто не прыехаў. «Як гэта?» - пытаюць.

Рэдактар: То бок, людзі з Беларусі не ведаюць, што ёсць этнічныя беларусы ў Польшчы.

Яраслаў Іванюк: Так, а мы не ведалі, што ў Беластоку ёсць эканамічныя эмігранты з Беларусі. Толькі ў 2020 годзе мы пачалі знаёміцца. І мая праца будзе скіраваная менавіта на тое, каб беларусы з Беларусі і беларусы з Беласточчыны — беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы, як найбольш наладжвалі сувязі, як мага больш супрацоўнічалі паміж сабою. Гэта вельмі важна, бо мы — беларуская меншасць на Падляшшы і ёсць часткай беларускага народу. Для мяне не існуе паняцце двух розных беларускіх народаў: у Беларусі і на Падляшшы. Мы адзін агульны беларускі народ.

Рэдактар: Дзякуй за размову. Віншуем з 25-годдзем «Камуніката», які развівае інтэрнэт-бібліятэку, выдае па-беларуску кніжкі і аўдыёбукі, а ты сваёй асобай яднаеш розныя колы беларусаў.

Размаўляла Яланта Смялоўская