35 гадоў таму, 13 ліпеня 1990 года, у Польшчы недалёка ад мяжы з Беларуссю прайшоў першы Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».
Штогадовы музычны форум беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі рэгулярна праводзіўся Беларускім аб’яднаннем студэнтаў на некамерцыйнай аснове на лясной паляне Борык каля мястэчка Гарадок на Беласточчыне з 1990 да 2019 года. Арганізатары вырашылі, што 30-е па ліку «Басовішча» стане апошнім.
Гледачы на фестывалю
Назва фестывалю была створаная ад абрэвіятуры Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС) – арганізацыі, якая гуртавала маладых людзей, прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.
Журналіст Мікола Ваўранюк, які на пачатку 1990-х быў членам БАСу і арганізатарам першых фестываляў, некалькі гадоў таму расказаў нам пра тое, як з’явілася ідэя арганізацыі музычнага мерапрыемства (слухайце аўдыёфайл).
Традыцыйна, фестываль праходзіў на працягу двух ліпеньскіх дзён. На сцэне выступалі зоркі беларускай музыкі (у розныя гады – УЛІС, N.R.M., Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, «Палац», «Крама», «Нейра Дзюбель» і інш.), а таксама праходзіў конкурс маладых выканаўцаў, якія даслалі свае заяўкі на ўдзел і паспяхова прайшлі адбор.
Здаралася, што менавіта «Басовішча» давала маладому гурту штуршок да далейшай музычнай кар’еры. Паводле ацэнак, штогод на фестываль прыязджала ад 5 тыс. да 20 тыс. тысяч чалавек.
Палатачны гарадок. «Басовішча – 2011»
У асноўнай частцы праграмы «Басовішча» бралі ўдзел каля двух дзясяткаў гуртоў. Пераважная колькасць з іх з’яўляліся беларускімі, але звычайна ў праграму ўваходзілі некалькі польскіх гуртоў. Здаралася, што ўдзел у фестывалі прымалі каманды з іншых краін, для прыкладу, з Літвы, Украіны і Італіі.
У першы дзень фестывалю перад асноўнай часткай звычайна ладзілася вольная сцэна, дзе гурты маглі прадэманстраваць свае здольнасці. У 2007 годзе музычны форум працягваўся тры дні замест традыцыйных двух, у выніку чаго больш за 30 камандаў атрымалі магчымасць выступіць на «Басовішчы».
Інтэрв'ю ва ўдзельнікаў
У 2009 годзе пры правядзенні юбілейнага, 20-га фестывалю, ад конкурсу маладых выканаўцаў было вырашана адмовіцца, а замест гэтага былі запрошаныя пераможцы конкурсаў папярэдніх гадоў.
Беларуская служба Польскага радыё заўсёды прысутнічала на «Басовішчы» – нашы журналісты з кожнага фестывалю рыхтавалі сюжэты, размовы і фотарэпартажы. Часта таксама наша рэдакцыя забяспечвала інфармацыйную падтрымку мерапрыемства.
Тагачасны журналіст Беларускай службы Польскага радыё Дзмітрый Гурневіч і банэр нашай станцыі на «Басовішчы». Ліпень 2011 года
А вось у 2011 годзе наша радыёстанцыя стала спонсарам адзінай і галоўнай узнагароды на «Басовішчы». Тады, 14 гадоў таму, я і мой калега Дзмітрый Гурневіч, які актуальна з’яўляецца журналістам Радыё «Свабода», працавалі на фестывалю. А ў журы засядаў Міхал Аўчарэк – тагачасны музычны журналіст, а сёння – журналіст Англійскай службы Польскага радыё. Пераможцам фестывалю стаў Yellow Power, які ад нас атрымаў дыплом, а таксама грашовую прэмію.
рэпартаж з фестывалю «Басовішча – 2011» – слухайце аўдыёфайл
Фестываль «Басовішча» – гэта не толькі музыка і гурты, але перш за ўсё гледачы. А атмасфера ў палатачным гарадку была проста супер – гэта была атмасфера свабоды, талерантнасці і сяброўства!
Момант уручэння галоўнай прэміі ад Беларускай службы Польскага радыё гурту Yellow Power - пераможцы «Басовішча – 2011»
Ці хто мог бы падумаць тады, што праз 14 гадоў Беларусь трапіць за жалезную заслону, стане таталітарнай краінай і што ў дзяржаве будзе задушанае ўсё, што звязана з незалежнай беларускай культурай? І што каб трапіць у Польшчу, то не тое што 30 еўра, як казаў адзін з удзельнікаў, а трэба некалькі сот еўра.
Дарэчы, «Басовішча» – гэта не толькі музыка і канцэрты. На фестывалі адбываліся таксама суправаджальныя мерапрыемствы: майстар-класы, літаратурныя сустрэчы, выставы і г.д.
«Басовішча» – гэта ўжо гісторыя, але, як здараецца ў жыцці, месца пустым не застаецца. Цяпер традыцыю мерапрыемства працягвае Фестываль абуджаных «Тутака», які якраз у гэтыя дні праходзіць каля Гарадка. Неўзабаве – рэпартаж з мерапрыемства, бо там знаходзіцца наш калега Эдуард Жолуд.
Валеры Саўко