Літаральна размова ідзе пра раку Вепш, якая працякае праз гэты горад, і вобразна – пра прыгожую раку польскай мовы. Сёлета гэта мерапрыемства прайшло ўжо дзявяты раз.
Чаму менавіта Шчэбжэшын? Тлумачыць прафесар Івона Хофман з Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, старшыня Праграмнай рады фестывалю.
— Адзінаццаць гадоў таму Шчэбжэшын стаў сталіцай польскай мовы ў фармальным сэнсе, а ў нефармальным – быў заўсёды, бо самы складаны сказ на польскай мове – W Szczebrzeszynie chrząszcz brzmi w czcinie — тлумачыць, чаму менавіта гэтае месца. Я таксама мяркую, што важныя сувязі, напрыклад, паміж Лешмянамі і Бжэхвамі з ваколіцамі Шчэбжэшына, Замосцем. Вось чаму мы таксама падумалі пра гэты фестываль тут. Традыцыі фестывалю «Сталіца польскай мовы» – гэта, найперш, узнагароды «Чалавек слова», якія мы з самага пачатку ўручаем людзям, якія адказна ставяцца да сваіх выказванняў, якія шануюць каштоўнасць слоў і выказваюцца прыгожай польскай мовай. Другая ўзнагарода – гэта ўзнагарода «Вернасць кнізе», раней «Вялікі рэдактар», цяпер – прэмія «Вернасць кнізе», для людзей, якія звязваюць сваё прафесійнае жыццё з кнігамі, найпрыгажэйшы падарунак, які творцы могуць зрабіць сваім чытачам.
Іншыя традыцыі ўключаюць моўную секцыю, дзіцячую, моладзевую і мясцовую секцыю, якія дэманструюць увесь патэнцыял Расточа. Мы прадстаўляем найважнейшыя кнігі, дэманструем культуру і літаратуру розных народаў. Я лічу, што гэта вельмі важныя элементы ў стварэнні брэнда гэтага фестывалю.
Фестываль быў ініцыяваны фондам «Крэатыўная прастора», пра што кажа яго заснавальнік і прэзідэнт, а таксама дырэктар Сталіцы польскай мовы Пётр Дуда:
— Назва фонду даволі шмат тлумачыць. Наша творчая прастора – гэта інструмент, бо яна дазваляе нам удзельнічаць у праграмах фінансавання. Сярод іншага, мы ўпершыню адважыліся падаць заяўку на праграму «Творчая Еўропа» з групай з некалькіх краін і арганізацый, якія займаюцца кнігамі. Гэта будзе, так бы мовіць, даследчы і развіваючы праект, бо мы хочам даследаваць прычыны, чаму мужчыны менш чытаюць, хочам пашукаць спосабы, як можна дайсці да мужчын і заахвоціць іх да актыўнасці, а затым рэалізаваць гэтыя распрацаваныя ідэі. Сярод іншага, гэта адбудзецца на фестывалі ў Шчэбжэшыне, сталіцы польскай мовы, які з'яўляецца адным з найважнейшых праектаў у нашай творчай прасторы. Гэта праца пастаяннай каманды, якая невялікая.
Больш за ўсё мяне радуе тое, што мы не кідаем словы на вецер, здаецца, я магу так сказаць. І гэта яшчэ адна польская прымаўка, напэўна, знаёмая ўсім нам. Ад пачатку я быў катэгарычна супраць таго, каб рабіць фестываль проста падзеяй дзеля падзей. І я з самага пачатку казаў, што мы пачынаем вялікае падарожжа з фестывалем, добра прадуманай стратэгіяй, каб гэта мерапрыемства магло дапамагчы і падтрымаць горад Шчэбжэшын, а таксама і рэгіён Расточа. І мы прапанавалі тэзіс, што Расточа — гэта прастора, дзе можа квітнець крэатыўны сектар, дзе турызм павінен спалучацца з гэтым, таму што тут праводзіцца шмат мастацкіх і культурных мерапрыемстваў. Наша місія – зрабіць так, каб гэты фестываль служыў мэце, каб стварыць брэнд Сталіцы польскай мовы.
Фестываль у Шчэбжэшыне і яго філія ў Замосці сустракалі найбольш вядомых спецыялістаў у галіне польскай філалогіі і гісторыі літаратуры, у тым ліку прафесараў Рафала Хабельскага і Юзэфа Алейнічака, членаў Рады польскай мовы Марыюша Руткоўскага і Паўла Новака, а таксама аднаго з найвялікшых аўтарытэтаў у галіне лінгвістыкі, прафесара Ежы Бральчыка. Фестывальны тыдзень быў напоўнены дыскусіямі, сустрэчамі аўтараў і літаратурнымі майстар-класамі, сярод іншага, на такія тэмы, як рэдакцыйны стыль Ежы Гедройца, неалагізмы Вітэка Цэга, традыцыі і сучаснасць ва ўласных імёнах, а таксама спецыфічная мова юрыстаў і чыноўнікаў.
Сустрэча з рэжысёрам Кшыштафам Зануссі і дырэктарам Сталіцы польскай мовы Пятром Дудам
Кульмінацыяй мерапрыемства стала прэзентацыя праекта Цэнтр польскай мовы, які мае паўстаць у Шчэбжэшыне, і шырэй у самым цэнтры Расточа.
— Расточа — гэта месца, куды гадамі прыязджаюць людзі, якія шмат чытаюць, а таксама ходзяць у тэатр, карыстаюцца культурнымі прапановамі, бібліятэкамі і канцэртнымі заламі, — расказвае Пётр Дуда. — Людзі, якія прыязджаюць у Расточа для адпачынку і рэлаксацыі, маюць доступ да канцэртаў, тэатральных пастановак вечарамі, а перад гэтым яны ходзяць у лес, катаюцца на роварах або байдарках. Важна, каб такія мастацкія мерапрыемствы стваралі ідэнтычнасць месца, стваралі вобраз гэтага месца.
У канцэпцыі, над якой працуем ужо некалькі гадоў, і вельмі інтэнсіўна са снежня мінулага года, мы прадстаўляем яе як ідэю культурнай установы, у адпаведнасці з магчымасцямі, якія нам дае польскае заканадаўства, Закон аб стварэнні культурных устаноў. Такім чынам, мы хацелі б стварыць культурныя ўстановы і, натхняючыся існуючымі ўстановамі, мы хацелі б, каб яны сумесна кіраваліся некалькімі арганізацыямі, у тым ліку Упраўленнем маршалка ў Любліне, горадам Шчэбжэшын, Замойскім паветам і нашым Фондам.
Мы ўяўляем сабе гэтую ўстанову як складзеную з існуючых будынкаў у Шчэбжэшыне, якія будуць перабудаваны або адрамантаваны. Будзе праведзена так званая рэвіталізація гэтых будынкаў. Гэта гістарычны будынак, дзе жыў Зыгмунт Лукоўскі, лекар у Шчэбжэшыне, які зрабіў значны ўнёсак у нашу гісторыю, але таксама вядомы бібліяфіл. У нас ёсць усходняя прыбудова на тэрыторыі Замойскай акадэміі, дзе мы думаем пра правядзенне майстар-класаў. Мы хацелі б, каб гэта была жывая ўстанова, як Навуковы цэнтр «Капернік», месца, дзе да навукі можна дакрануцца і зразумець, а не слухаючы музейных экскурсаводаў, хутчэй асабіста, індывідуальна.
Можна будзе прыязджаць на больш працяглы час, бо ў цэнтры таксама будзе даступна пражыванне. Я мяркую, што гэты цэнтр прызначаны для ўсёй сям'і. І калі людзі пасля візіту будуць адгукацца пра цэнтр так: «Наша мова прыгожая і захапляльная. Я яшчэ гэтага не ведаў, і гэта мяне вельмі ўразіла», а таксама чамусьці тут навучацца, то мы дасягнём сваёй мэты.
Шчэбжэшынскі фестываль як сталіцу польскай мовы мы абмяркоўвалі са старшынёй Праграмнай рады фестывалю прафесарам Івонай Хофман і дырэктар Пётр Дуда.
Ірына Завіша/вх