Сёлета Польскае радыё адзначае сваё стагоддзе. Роўна столькі ж спаўняецца і Польскаму ПЭН-клубу — арганізацыі, якая ад пачатку стаяла на варце свабоды слова і аб’ядноўвала пісьменнікаў розных поглядаў.
Пра абставіны яго стварэння, ролю падчас Другой сусветнай вайны і ў часы ПНР, сучаснае супрацоўніцтва з Беларуссю і Украінай, а таксама выклікі ХХІ стагоддзя распавядае сябра праўлення ПЭН-клуба Павел Бэм:
— Калі гаворка ідзе пра абставіны стварэння Польскага ПЭН-клуба, то пачатак руху — першага клуба ў Лондане — найчасцей звязваюць з досведам Першай сусветнай вайны і патрэбай пісьменнікаў у сяброўскім аб’яднанні інтэлектуалаў. Але імкненне да міжнароднага cупрацоўніцтва паміж літаратарамі ўзнікла значна раней — можна сказаць, яно такое ж старажытнае, як і сама літаратура.
У XIX і XX стагоддзях на фоне росту нацыянальнай самасвядомасці і паглыблення падзелаў патрэба ў гуманістычным супрацьдзеянні зрабілася асабліва вострай. Першая сусветная вайна, стаўшы апагеем нацыяналістычных канфліктаў, яшчэ больш умацавала імкненне пісьменнікаў аб’ядноўвацца вакол агульных каштоўнасцяў, а не сацыяльнага статусу ці нацыянальнасці.
Варта падкрэсліць, што афіцыйная ініцыятыва стварэння ПЭН-клуба належала жанчыне — Доусан Скот. У 1921 годзе яна звярнулася да Джона Галсуорсі з ідэяй міжнароднага саюза пісьменнікаў. Літаратар падтрымаў прапанову і далучыў да справы выдатных літаратараў, сярод якіх былі Джозэф Конрад іГілберт Кіт Чэстэртан. Першае паседжанне клуба адбылося ў кастрычніку таго ж года.
Польскі ПЭН-клуб быў заснаваны ў 1925 годзе. Сярод яго стваральнікаў — Ян Лехань, Браніслава Нейфельдуўна, Леапольд Стаф і найперш Стэфан Жаромскі, першы прэзідэнт клубу і галоўны ініцыятар яго стварэння. Ён падкрэсліваў, што стварэнне клуба неабходнае: гэта павінна было стаць «вакном у Еўропу» для польскай літаратуры.
ПЭН-клуб паўставаў як прадстаўнічая, пазапалітычная арганізацыя, якая аб’ядноўвала розныя літаратурныя плыні, падтрымлівала пераклады польскіх аўтараў і прасоўвала польскую літаратуру за мяжой. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 12 чэрвеня 1925 года ў Каралеўскім замку ў Варшаве ў прысутнасці прэзідэнта Польшчы і двух польскіх маршалаў.
ПЭН-клуб у гады вайны і ў часы ПНР
— Дзейнасць ПЭН-клуба цесна звязаная з тэмай свабоды слова. Якую ролю ён адыгрываў падчас Другой сусветнай вайны і ў часы ПНР?
— Падчас Другой сусветнай вайны Польскі ПЭН-клуб працаваў бесперапынна — з лістапада 1939 па кастрычнік 1945 года. Члены клуба знаходзіліся ў розных краінах і ў розных умовах. Адны заставаліся ў акупаванай Польшчы і ўдзельнічалі ў падполлі, што стала часткай руху Супраціву. Так, былы прэзідэнт клуба Фердынанд Гётэль адкрыў у Варшаве на вуліцы Пірацкага (сёння Фоксаль) падпольную сталоўку для пісьменнікаў і мастакоў, якая дзейнічала з 1940 да 1944 года.
Пісьменнікі, што апынуліся на Захадзе, падтрымлівалі працу клуба ў эміграцыі: спачатку ў Парыжы, а пасля капітуляцыі Францыі — у Лондане. Ключавой асобай клуба ў выгнанні стала віцэ-прэзідэнтка Марыя Кунцэвічова, якая фактычна кіравала клубам. Асноўнай задачай у той час было ўплываць на грамадскую думку на Захадзе — праз кантакты з англійскімі пісьменнікамі, радыёвяшчанне і ўдзел у міжнародных сустрэчах.
У 1941 годзе па ініцыятыве Польшчы ў Лондане адбыўся Міжнародны ваенны кангрэс ПЭН-клуба. Падчас Варшаўскага паўстання клуб падтрымаў заяву польскага ўраду ў Лондане, які асудзіў рашэнні Ялцінскай канферэнцыі.
У часы ПНР кіраўніцтва клуба неаднаразова выступала супраць цэнзуры, забароны на выезд для пісьменнікаў і ў абарону інтэрнаваных падчас ваеннага становішча. Важную ролю ігралі замежныя аддзяленні ПЭН-клуба, якія накіроўвалі ў Польшчу прадукты, вопратку, лекі і аказвалі матэрыяльную падтрымку пісьменнікам.
Супрацоўніцтва з Беларуссю і Украінай
— Як сёння будуецца міжнароднае супрацоўніцтва Польскага ПЭН-клуба і як ён падтрымлівае свабоду слова?
— Вельмі актыўнае супрацоўніцтва існуе паміж Польскім і Беларускім ПЭН-клубамі. Нягледзячы на забарону ў Беларусі, Беларускі ПЭН працягвае сваю працу ў Польшчы, яго штаб-кватэра цяпер у Варшаве.
16 чэрвеня ў варшаўскім Тэатры Nowy прайшла сустрэча са Святланай Алексіевіч — беларускай пісьменніцай, лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі, ганаровай старшынёй Беларускага ПЭН-клуба. Яна пакінула Беларусь у 2020 годзе пасля падтрымкі пратэстаў. Гэтая сустрэча выклікала вялікі розгалас у Польшчы.
Польскі ПЭН-клуб пастаянна падтрымлівае ініцыятыву «Беларускае вольнае слова» — серыю публікацый пра пераследаваных пісьменнікаў, журналістаў, перакладчыкаў і літаратуразнаўцаў з Беларусі. Акрамя таго, нас вельмі цікавіць супрацоўніцтва з украінскім бокам. Вялікай сувязной і крыніцай натхнення для нас з’яўляецца прафесар Аляксандра Гнацюк, якая выдатна ведае і ўкраінскую, і польскую культуру. Мы плануем працягнуць сустрэчы, прысвечаныя ўкраінскай культуры, пачынаючы з восені.
Выклікі ХХІ стагоддзя
— З якімі выклікамі сутыкаецца арганізацыя, што абараняе свабоду слова, у свеце, які ўсё больш палярызаваны?
— Некаторыя выклікі застаюцца нязменнымі. Клуб існуе ўжо 100 гадоў і працягвае адстойваць гуманістычныя каштоўнасці і дэмакратычныя традыцыі. Ён па-ранейшаму выступае супраць любых формаў абмежавання свабоды слова і гвалту ў дачыненні да пісьменнікаў, а таксама прасоўвае літаратуру як важны элемент дэмакратычнага грамадства.
Аднак усё больш актуальнымі становяцца дзве глабальныя тэмы: па-першае, новыя медыя як інструмент эфектыўнай маніпуляцыі, і па-другое, штучны інтэлект, які, нягледзячы на відавочныя перавагі, уяўляе сур’ёзны выклік не толькі для пісьменнікаў, але і для ўсяго грамадства.
— Што ўключае праграма святкавання 100-годдзя Польскага ПЭН-клуба?
— Кульмінацыяй нашага юбілейнага 2025 года стане 91-ы кангрэс Міжнароднага ПЭН-клуба, які адбудзецца ў Кракаве з 2 па 5 верасня. Гэта будзе найбуйнейшая і, магчыма, найважнейшая падзея года.
Кангрэс, часткова даступны толькі для сяброў клуба, будзе суправаджацца адкртымі дэбатамі і літаратурнымі сустрэчамі з удзелам выбітных пісьменнікаў і інтэлектуалаў з усяго свету. Адной з вядучых стане Нобелеўская лаўрэатка Вольга Такарчук.
Запланаваныя дыскусіі пра свабоду ў Усходняй Еўропе і выстава, прысвечаная дзейнасці клуба ў міжваенны перыяд, у тым ліку яго ідышскаму аддзелу, які пасля вайны працаваў у Нью-Ёрку да пачатку 1980-х гадоў. Будуць прадстаўленыя матэрыялы, што адлюстроўваюць жыццё клуба ў 1920–1930-я, у час Другой сусветнай вайны, у складаныя гады ПНР і ваеннага становішча, аж да пачатку ХХІ стагоддзя.
Слухайце аўдыё!
Ірына Завіша/эж