Беларуская Служба

У Познані выйшла кніга пра мінскі кафедральны касцёл

04.09.2025 16:01
Аўтар выдання — ураджэнец Мілана Андрэа Марыяні, які працуе ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Марыяні пра Мінск і Беларусь.
  ()    Inwentarze kolegium jezuitów w Mińsku oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774.
Андрэа Марыяні (справа) і яго кніга Inwentarze kolegium jezuitów w Mińsku oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774.https://amu.edu.pl/uniwersytet/z-zycia-uniwersytetu/newsy/dr-andrea-mariani-laureatem-nagrody-przegladu-wschodniego

Inwentarze kolegium jezuitów w Mińsku oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774 («Інвентары езуіцкага калегіума ў Мінску і яго маёнткаў 1773–1774 гадоў») — кнігу пад такой назвай выдала Навуковае выдавецтва Універсітэта імя Адама Міцкевіча (Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza) у Познані.

Аўтар выдання — ураджэнец Мілана Андрэа Марыяні (Andrea Mariani). Ён вывучае спадчыну езуітаў у Вялікім Княстве Літоўскім. І ўжо выдаў інвентары езуіцкіх калегіумаў у Нясвіжы і Навагрудку. Цяпер рыхтуе пра слуцкі, які павінен убачыць свет  у 2026 годзе.

Гэтыя гістарычныя крыніцы з’явіліся пасля роспуску Таварыства Ісуса на мяжы 1773 і 1774 гадоў. Такім чынам, скасаванне дзейнасці ордэна езуітаў у свеце і ў Рэчы Паспалітай, у прыватнасці, у нейкай ступені адыграла станоўчую ролю. Гэта дае нам магчымасць зазірнуць унутр калегіумаў і келляў, якія апісаны ў інвентарах.

Інвентар езуіцкага калегіума ў Мінску асабліва каштоўны. Ад калегіума захаваўся адзін з будынкаў, а таксама касцёл — цяпер кафедральны Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Езуіты пасяліліся ў Мінску ў другой палове XVII стагоддзя. У сваёй працы італьянска-польскі вучоны раскрывае падрабязнасці з'яўлення і дзейнасці езуітаў у горадзе.

Андрэа Марыяні расказвае пра сваю кнігу.

— Я ўводжу ў навуковы ўжытак матэрыял, які дагэтуль не быў шырока выкарыстаны даследчыкамі. Гэта вельмі разнастайны матэрыялы — акрамя апісанняў пабудоў, тут знаходзім таксама каталог кнігазбору, спісы лекаў з аптэкі, якая, мабыць, была першай або прынамсі адзінай аптэкай, што дзейнічала ў Мінску ў той час. Варта таксама нагадаць пра існаванне езуіцкага тэатра ў Мінску. Езуіты часта на сваіх сцэнах ставілі п’есы пра, напрыклад, Японію ці Кітай — краіны, дзе дзейнічалі іх місіянеры. Са сцэны расказвалі пра гісторыю гэтых дзяржаў — галоўным чынам для азнаямлення патэнцыйных ахвярадаўцаў з эфектыўнасцю езуіцкай місіі. У канцы інвентара ёсць апісанне некалькіх маёнткаў, якія належалі езуітам у момант скасаавання Таварыства Ісуса. Гэта важны дакумент, які дазваляе пазнаёміцца з функцыянаваннем гаспадаркі таго часу і жыццём жыхароў вёсак і маёнткаў. Часам здараецца, што нехта з Беларусі піша мне, шукаючы карані карані ў пэўнай вёсцы, і пытаецца, ці не жыў там у канцы XVIII стагоддзя чалавек з яго прозвішчам. Таму такія даследаванні, як праведзенае мною, могуць спрыяць аднаўленню генеалогіі асобных сямей — не абавязкова вялікіх шляхецкіх або магнацкіх родаў, але і сялянскіх.

Інвентар, які вывучыў Андрэа Марыяні, цяпер захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У. Вярнадскага ў Кіеве.

А вось як Андрэа Марыяні прыйшоў да Польшчы.

— Падчас вучобы ў Мілане я пазнаёміўся з дзвюма прафесарамі, якія, можна сказаць, заразілі мяне цікавасцю да краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Рыхтуючыся да напісання магістарскай працы, я вырашыў паехаць у Польшчу па праграме Erasmus. Мая ВНУ мела дагавор з Познанню, таму я трапіў менавіта туды. Пасля вяртання ў Мілан і заканчэння вучобы я вырашыў падаць дакументы на дактарантуру ў Польшчы — і мне ўдалося. Сваю доктарскую дысертацыю я напісаў на тэму адносін паміж езуітамі і нясвіжскімі Радзівіламі ў XVIII стагоддзі. Дзякуючы гэтай тэме пазней я працягваў даследаванні ў галіне крыніцазнаўства.

А шлях Андрэа Марыяні да Беларусі вёў праз Польшчу.

— З Беларуссю я ўпершыню сутыкнуўся яшчэ падчас вучобы ў сярэдняй школе, хаця тады мне не вельмі многа расказвалі пра гэту краіну — таму яна заставалася для мяне пэўнай «белай плямай» на карце. І толькі ў Польшчы я сур'ёзна пазнаў гісторыю Рэчы Паспалітай, асабліва яе ўсходніх зямель, гэта значыць былога Вялікага Княства Літоўскага.

З Познані Андрэа Марыяні паехаў ў Мінск.

— Архіўная спадчына Радзівілаў, гісторыю якіх я вывучаў, знаходзіцца сярод іншага ў Варшаве. Аднак у ходзе далейшых даследаванняў мне спатрэбілася паехаць у Мінск, куды я ўпершыню прыбыў дзякуючы падтрымцы прафесара Богдана Рока з Вроцлава. Аказалася, што ў Мінску сабраны надзвычай цікавыя матэрыялы, таму пазней я наведваў гэты горад яшчэ некалькі разоў. Мне таксама ўдалося трапіць у Нясвіж, Полацк і некалькі іншых беларускіх гарадоў. Найчасцей менавіта езуіцкія сюжэты вадзілі мяне па розных кутках Беларусі.

З XVI стагоддзя ў Польшчу, Украіну, Літву, Беларусь з Італіі даляталі павевы рэнесансу, барока. Ці Андрэа Марыяні адчуў сляды гэтых уплываў, падарожнічаючы па Беларусі?

— Я адчуў гэту атмасферу. У якасці прыкладу прывяду касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Там знаходзіцца незвычайны алтар. Яго кампазіцыя складаецца з анёлаў, які падтрымліваюць калоны. Падобны алтар ёсць у Мілане, у касцёле святога Саціра (San Satiro), які калісьці з’яўляўся храмам езуітаў. Існуюць здагадкі, што Мікалай Кшыштаф Радзівіл Сіротка, заснавальнік касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, мог асабіста бачыць гэты міланскі алтар. У езуіцкай перапісцы можна знайсці згадкі пра тое, што калі князь нешта бачыў за мяжой, то хацеў мець тое самае ў сябе. Гэта паказвае, наколькі моцным было яго зацікаўленне мастацкай культурай, асабліва рэнесанснай. Езуіты заўважалі гэты запал, што мела істотны ўплыў на фарміраванне мастацкага аблічча Нясвіжа.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Капернік і Скарына вучыліся ў адных і тых жа універсітэтах: цяпер пра гэта выходзяць кнігі

11.01.2024 16:01
Інстытут Polonika выдаў кнігу Ольгі Кухарчык пра Падуанскі ўніверсітэт.