У дзяцінстве ці маладосці амаль кожны меў нейкае хобі. Людзі калекцыянавалі паштовыя маркі, старыя манеты, этыкеткі з тары, пачкі ад цыгарэт, бляшанкі ад піва і шмат іншага.
Аднак пазней гэтае захапленне ў большасці праходзіць: няма часу, натхнення, з'яўляюцца іншыя абавязкі. Але частка калекцыянерствам займаецца і ў дарослым жыцці, напрыклад, Андрэй Мялешка, гродзенскі журналіст, які зараз жыве ў Беластоку.
- Я займаюся гэтым з дзяцінства. Калі я пайшоў у першы клас у школу, тады, як да ўсіх, да нас таксама прыходзілі ў школу нейкія дзядзькі і запрашалі на нейкія гурткі. І я пайшоў у такі гурток. Ён быў недалёка каля дома ў Палацы піянераў. Гэта ў савецкі час яшчэ. І я прыйшоў да Віктара Аляксандравіча Грабштэйна, доктара, які займаўся філатэліяй. І ў выніку гэтае захапленне стала нечым такім, як кажа мой знаёмы, «гэты Мялешка можа манетызаваць сваё хобі». Бо сапраўды, з аднаго боку – гэта хобі, а з другога – гэта такая рэч, якая час ад часу прыносіць нейкія грошы.
Чаму я пра гэта кажу? Бо вось, у свой час, яшчэ да падзеяў 2020 году, я паездзіў крыху па іншых краінах: наведаў Польшчу, Расію, Украіну, і быў там сябрам мясцовых філатэлістычных таварыстваў. Я ездзіў туды на выставы, дзе такія як мы, як кажуць, хворыя людзі, выстаўлялі свае калекцыі і распавядалі людзям, якія прыйшлі на выставы, што яны збіраюць і чым могуць іх зацікавіць.
І гэта стала такім хобі, якое адцягвае мяне ад грамадска-палітычнай дзейнасці і паказвае іншы спектр жыцця.
Але нельга сказаць, што маркі якія знаходзяцца ў тваіх альбомах, не палітызаваныя?
- Калі мы кажам пра палітызаванасць, то тут я магу згадаць сваю дыпломную працу ва ўніверсітэце, дзе мне ставілі заганам, што маркі – палітызаваныя. Я бараніў у Гродзенскім універсітэце дыпломную працу, якая называлася «Культурныя адносіны Беларусі XІX-XX стагоддзя па матэрыялах філатэліі». У гэтай працы я пісаў, між іншым, пра тое, што паштовая марка – сімвал дзяржавы, яна з’яўляецца тады, калі дзяржава становіцца незалежнай, калі ў яе з’яўляецца сцяг, герб, межы акрэсленыя, мова. Тады і з’яўляецца паштовая марка. І тады мы можам казаць пра палітызаванасць, бо гэта ёсць прыкмета незалежнасці гэтай краіны.
І таму ў гэтых марках, якія вы пабачылі ў маіх альбомах, ёсць свая палітызаванасць, бо там ёсць, напрыклад, маркі Асобага атраду Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзеныя ў 1920 годзе, ці самой Рады БНР з 1921 года.
Падрыхтаваў Яраслаў Іванюк
слухайце аўдыёфайл