21 жніўня 2025 года нечакана памёр Станіслаў Сойка (Stanisław Soyka), пакінуўшы пасля сябе пустату не толькі сваіх блізкіх, але і тысяч прыхільнікаў яго творчасці. Пахаванне музыканта пройдзе 8 верасня ў Варшаве.
Станіслаў Сойка павінен быў стаць хэдлайнерам сёлетняга фестывалю Top of the Top Sopot. Музыкант падрыхтаваў спецыяльную песню «Absolutnie nic». З-за яго смерці трансляцыя музычнага мерапрыемства была перапынена. На жаль, замест музычнага свята атрымалася жалоба. Але гэта нагода, каб згадаць жыццё і творчасць знакамітага выканаўцы.
Станіслаў Сойка нарадзіўся ў красавіку 1959 года ў Жорах. Быў вакалістам, піяністам, скрыпачом, кампазітарам і аранжыроўшчыкам. Адзін з найважнейшых артыстаў польскай джазавай і папулярнай сцэны. Музычную адукацыю атрымаў у Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школе ў Катавіцэ.
Пачаў выступаць ва ўзросце 7 гадоў, вельмі хутка распачаў эстрадную кар’еру, спярша ў дуэце з іншымі музыкантамі, а пазней і сольную. Першыя выступленні Сойкі былі з выкарыстаннем джазавай музыкі, пазней звярнуўся ў бок поп-кампазіцый.
На сцэне дэбютаваў у 1970-х, а ў 1979 годзе з поспехам выступіў у Варшаўскай філармоніі. У наступныя дзесяцігоддзі спалучаў джаз, поп, соул, блюз і паэтычную песню. Папулярнасць прынеслі яму такія творы, як «Cud niepamięci», «Tolerancja (na miły Bóg)» і «Absolutnie nic». Супрацоўнічаў, між іншым, з Янам «Пташынам» Врублеўскім, Міхалам Урбанякам і Стынгам. Вядомы таксама сваімі інтэрпрэтацыямі паэзіі, у тым ліку Чэслава Мілашa, Агнешкі Асецкай і біблейскіх вершаў з «Песні песняў». Спяваў у дуэце з самай папулярнай у 70-ыя гады поп-музыканткай Аннай Янтар, выступаў разам з такімі зоркамі, як Марыля Радовіч ці Анджэй Заўха.
У рэпэртуары Станіслава Сойкі было нямала хітоў, вядомых амаль кожнаму паляку. Напрыклад, “Талеранцыя”, якую праспявалі музыканты на сцэне ў Сопаце, калі даведаліся пра смерць Станіслава Сойкі.
Dlaczego nie mówimy o tym, co nas boli otwarcie?
Budować ściany wokół siebie - marna sztuka
Wrażliwe słowo, czuły dotyk wystarczą
Czasami tylko tego pragnę, tego szukam
Na miły Bóg. Życie nie tylko po to jest, by brać
Życie nie po to, by bezczynnie trwać
I aby żyć siebie samego trzeba dać
Problemy twoje, moje, nasze boje, polityka
A przecież każdy włos jak nasze lata policzony
Kto jest bez winy niechaj pierwszy rzuci kamień, niech rzuci
Daleko raj, gdy na człowieka się zamykam
Na miły Bóg...
Чаму мы не гаворым адкрыта пра тое, што нам баліць? Будаваць сцены вакол сябе — марная справа. Далікатнае слова, пяшчотны дотык — і гэтага дастаткова. Часам толькі гэтага прагну, гэтага шукаю. Дальбог… Жыццё не толькі дзеля таго, каб браць. Жыццё не дзеля таго, каб бязмэтна трываць. І каб жыць — сябе самога трэба даць.
Твае праблемы, мае, нашы змаганні, палітыка… Але ж кожны валасок, як і гады нашы, палічаны. Хто без віны — хай першы кіне камень, хай кіне. Далёка рай, калі ад чалавека я замыкаюся. Дальбог… Жыццё не толькі дзеля таго, каб браць...
Гэта адна з самых знакавых песень польскай музыкі пачатку 90-х гадоў. Станіслаў Сойка напісаў яе ў часе вялікіх грамадскіх і палітычных змен, калі Польшча перажывала пераход ад сацыялізму да дэмакратыі. «Твор быў напісаны на калене» — успамінаў Станіслаў Сойка ў размове з Польскім Радыё. У такія хвіліны, калі трэба было хутка выказаць нешта істотнае, артыст звяртаўся да евангелля.
— Песня «Tolerancja» — гэта не што іншае, як збор пэўных парад, евангельскіх рэкамендацый, якія ўсе мы ведаем, але не заўсёды ўмеем ужываць у сітуацыях, што датычаць нас саміх і нашых блізкіх, — адзначыў музыкант.
Польшча 90-х гадоў змагалася з грамадскім крызісам, звязаным з эпідэміяй ВІЧ. Асабліва моцна пацярпелі людзі, залежныя ад наркотыкаў. Страх перад заражэннем прыводзіў да актаў агрэсіі супраць іх. У гэты цяжкі час артысты, у тым ліку Сойка, уключаліся ў дзейнасць у карысць талерантнасці і падтрымкі людзей, якія змагаліся з хваробай.
Nie mówimy o tym, co nas boli – мы не гаворым адкрыта пра тое, што нам баліць. Яшчэ раз нагадваю, што палякі спалучаюць дзеяслоў баліць з займеннікам у вінавальным склоне (па-польску гэты склон называецца biernik), а не давальным, як у беларускай мове («баліць каму», а па-польску «баліць каго» ).
Rano bolała go głowa, nie poszedł więc do szkoły – раніцай балела яму галава, і таму не пайшоў у школу.
Marna sztuka – кепская справа. Польскі выраз sztuka можна перакласці па-рознаму на беларускую мову ў залежнасці ад кантэксту. Гэта і штука, і мастацтва, і справа.
Dostałam w prezencie pięć sztuk śliwek – Я атрымала ў падарунак пяць штук сліў.
W starożytnym Rzymie prężnie rozwijała się kultura i sztuka – У старажытным Рыме квітнелі культура і мастацтва.
Na miły Bóg - гэтая фраза выкарыстоўваецца як клічны стан здзіўлення, абурэння, болю ці разгубленасці.
Na miły Bóg, przestań już płakać! – Дальбог, перастань ужо плакаць!
нг