Беларуская Служба

У Канадзе выдалі «Дзве душы» Максіма Гарэцкага на англійскай мове (ФОТА)

18.09.2025 20:05
Выдавецтвы прадставілі сваю прадукцыю на Дню беларускай кнігі ў Празе.
Аўдыё
  • Дзень беларускай кнігі прайшоў у Празе
Дзень беларускай кнігі прайшоў у Празе Фота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У Празе пражывае менш беларусаў чым, для прыкладу, у Варшаве ці Вільні. Тым не менш беларусы Чэхіі правялі ў сталіцы краіны Дні беларускай кнігі. У празе таксама праходзіў расійскі кірмаш «Кніжная вежа», дзе вялікім зацікаўленнем карыстаўся стэнд з беларускай літаратурай, выдадзенай па-за межамі Беларусі.

Вольга Яноўская з канадскага выдавецтва «Грунвальд» і беларускі дзеяч ды пісьменнік з Чэхіі Макс Шчур Вольга Яноўская з канадскага выдавецтва «Грунвальд» і беларускі дзеяч ды пісьменнік з Чэхіі Макс Шчур

Ініцыятарам Дня беларускай кнігі ў Празе з'яўляецца пісьменнік і грамадскі дзеяч Макс Шчур, які лічыць, што ідэя сустрэлася з добрым водгукам з боку беларусаў.

– Па-мойму, сапраўды гэта спрацавала, бо попыт сустрэў прапанову. Я нават не памятаю, што было раней, але мне здаецца, што яшчэ раней існаваў попыт менавіта ад пражскіх беларусаў і ўвогуле ад беларусаў у Чэхіі на падзеі кніжнага кшталту. Дагэтуль у нас не было такіх буйных сустрэч, калі некалькі аўтараў і выдаўцоў на працягу паўдня фактычна ладзяць невялікі фестываль. На беларускія кнігі ўсіх аўтараў ёсць попыт – у гэтым уся справа. А прапанова паступіла ад беларускіх выдаўцоў, якія палічылі, што варта і пражскім беларусам паказаць сваю прадукцыю. І яны гэтым займаюцца.
Таму мне здаецца, што дзякуючы гэтай падзеі і прыезду выдаўцоў мы знайшлі новую аўдыторыю для беларускай кнігі. Я вельмі задаволены. Цудоўна, што беларускае жыццё ў Празе атрымала такі імпульс і пачало квітнець.

У Дні беларускай кнігі і на кірмашы «Кніжная вежа», які праходзіў у той жа час, прынялі ўдзел беларускія выдавецтвы не толькі з Еўропы, але і з іншых краін. Вольга Яноўская прадстаўляе выдавецтва «Грунвальд» з Канады.

– Для мяне гэта вельмі каштоўна і цікава. Найперш гэта сустрэчы з іншымі беларускімі выдаўцамі і з беларусамі, якія прыходзяць на міжнародную кніжную ярмарку і якім можна прадставіць нашыя апошнія кнігі – як на англійскай мове, так і на беларускай ды рускай. Нядаўна мы выдалі білінгву Уладзіміра Наважыла. Гэта таксама нетворкінг: новыя кантакты з чытачамі, выдаўцамі, дыстрыб’ютарамі.

Выдавецтва «Грунвальд» адносна новае – мы працуем толькі каля паўтара года. На сённяшні дзень ужо маем чатыры кнігі і плануем да канца года выдаць яшчэ тры. Наша першая кніга – пераклад на англійскую мову аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы», напісанай у 1918 годзе. Гэта быў першы яе пераклад на англійскую. Нам было цікава паглядзець, ці можа такая літаратура зацікавіць канадскіх і амерыканскіх чытачоў. Мы атрымалі вельмі нечакана пазітыўныя водгукі і бачым, што беларуская тэма сапраўды цікавая і мае патэнцыял.

Падрыхтаваў Яраслаў Іванюк

слухайце аўдыёфайл

фота аўтара