Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве правёў прэзентацыйна-практычную сесію Беларускай музейнай лабараторыі, падчас якой абмяркоўвалася, між іншым, стварэнне беларускіх лічбавых калекцый. Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з досведам беларускіх культурніцкіх арганізацый замежжа ў стварэнні ўласных электронных архіваў, а таксама з асноўнымі праблемамі і дасягненнямі на гэтым шляху.
— Ідэя такой сустрэчы ўзнікла таму, што мы таксама пачынаем лічбавізацыю нашых экспанатаў і хацелі пераняць досвед іншых, — адзначыла Наталля Задзяркоўская з Музея Вольнай Беларусі. — Мы самі ўжо пачалі гэты працэс і сутыкнуліся з шэрагам пытанняў, таму нам было цікава пачуць пра практыку калег.На сустрэчу, акрамя прадстаўнікоў Музея Вольнай Беларусі, які толькі пачынае гэты шлях, былі запрошаны Бібліятэка «Камунікат», якая мае некалькі дзясяткаў гадоў досведу, Музей Лондана і Музей імя Луцкевіча — яны знаходзяцца на розных этапах працы з гэтай тэмай.
Акрамя музейнай і архіўнай дзейнасці, існуюць таксама ініцыятывы па лічбавізацыі сучасных твораў мастацтва, музыкі і іншых элементаў культурнай спадчыны. На думку ўдзельнікаў, калі беларусы пачуюць адзін аднаго і ўбачаць, хто на якой стадыі знаходзіцца і з якімі цяжкасцямі сутыкаецца, гэта дазволіць лепш разумець, як шукаць уласцівыя рашэнні. Таму падобныя сустрэчы, а ў перспектыве — больш дэталёвыя працоўныя сесіі, маюць вялікую практычную каштоўнасць.
— У межах гэтага праекта мы плануем алічбаваць каля 200 артэфактаў, — распавёў Ігар Станкевіч, каардынатар напрамку лічбавізацыі ў Музеі Вольнай Беларусі. — Гэта не толькі дакументы, але і асабістыя рэчы ўдзельнікаў пратэстаў, байцоў палка Каліноўскага, а таксама людзей, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі.
Паводле яго слоў, асноўнай праблемай з’яўляецца патрэба ў высокіх тэхнічных навыках. — Мы ніколі раней гэтага не рабілі і не з’яўляемся спецыялістамі. Першыя спробы паказалі, што нам яшчэ далёка да еўрапейскіх стандартаў. Больш за тое, узнікаюць складанасці з апісаннем экспанатаў, асабліва калі размяшчаць іх на адкрытых інтэрнэт-платформах. Па-першае, гэта можа пагражаць бяспецы былых уладальнікаў. Па-другое, некаторыя аб’екты не маюць поўнай дакументацыі, як патрабуе еўрапейскае і польскае заканадаўства.
Яраслаў Іванюк