У Нараўцы прайшоў першы выпуск кінадакументальнага фестывалю «НараўкаДок», прысвечанага Тамары Саланевіч. Гэта фестываль, які аб’ядноўвае аўтараў, якім блізкія тэмы чалавечай годнасці, памяці, прыроды і культурнай разнастайнасці Падляшша.
Мерапрыемства прайшло ў гонар журналісткі Тамары Саланевіч, легенды польскай, падляшскай і беларускай дакументалістыкі, стваральніцы ўласнай школы рэпартажу, якая з далікатнай дакладнасцю паказвала жыццё простых людзей сваёй Малой Айчыны, іх сувязь з прыродай і культурай Падляшша.
Былі абвешчаныя таксама пераможцы конкурснай часткі фестывалю, сярод якіх першую ўзнагароду атрымаў фільм «Врубле» Монікі Скіпчынскай. Спецыяльную ўзнагароду атрымалі кінарэжысёры, звязаныя з беларускім асяроддзям: Юры Каліна, Арцём Лобач і Пётр Лазавік.
«Выбар быў сапраўды цяжкі, – гаворыць сябра конкурснай камісіі Пётр Нэстэровіч. – Былі розныя катэгорыі, фільмы зробленыя аматарамі і фільмы зробленыя прафесійна, таксама розная тэматыка, ад нашых беларускіх справаў да сусветнага ўніверсалізму. Усе фільмы былі вельмі добрыя і нам, як камісіі, цяжка было зрабіць выбар. Мы ўзнагародзілі, сярод іншага, фільм пра іканаграфічную школу ў Бельску Падляшскім, фільм пра забойства вазакоў на Падляшшы ў пасляваенны час. Гэта былі для нас важныя тэмы».
Тамара Саланевіч – знакавая постаць для дакументалістыкі і тэлебачання. Яна выхавала пакаленне беларускім дакументалістаў, і пры гэтым сама, як мясцовая беларуска, зрабіла ўсё магчымае, каб зафіксаваць завяршэнне пэўнай эпохі жыцця мясцовай супольнасці.
Анна Пятроўская
слухайце аўдыё