Сёлетняя прэмія – 14 па ліку. Яе лаўрэатам стаў Сяргей Дубавец. Журналіст і пісьменнік атрымаў галоўную ўзнагароду за сваю апошнюю кнігу «Занзібар. Сталенне маладой душы».
«Занзібар. Сталенне маладой душы» – кніга, у якой асабістая гісторыя ператвараецца ў мазаіку з мноства жыццяў, сцэн, пачуццяў і сюжэтаў. Аўтар вандруе праз час і прастору, праз каханне, сяброўства, сустрэчы і страты, ствараючы прастору для счытвання сябе без самапрэзентацыі.
Кніга – гэта жыццёвы досвед Сяргея Дубаўца, у прыватнасці, яго прыход да беларускай справы. Але чаму кніга называецца Занзібар, з якім звязана толькі невялікая частка жыцця журналіста і пісьменніка.
- Занзібар – гэта частка майго жыцця, а ўся кніга – гэта мой, у нейкім сэнсе, эксклюзіўны досвед, бо ўсім, што там адбывалася са мной, я адчуваў патрэбу падзяліцца. Распавесці пра сюжэты са свайго жыцця, пра свае пытанні да свайго жыцця. Гэта было галоўнае, а ўсё астатняе – на другім плане: дзе я быў, што я бачыў, што супастаўляў у гэтым свеце. Будучы на Занзібары я адчуў падабенства тамтэйшага жыцця з маім жыццём у дзяцінстве. Гэта мяне падштурхнула да таго, каб падзяліцца досведам. Гаворачы пра падабенствы, я маю на ўвазе найперш непасрэднасць людзей, іх нічым не сапсаванасць, непасрэдныя эмоцыі. Мне гэта вельмі падабалася, бо ў гэтым няма хлусні. Гэта такое самае жыццё, якое я бачыў у беларускай вёсцы ў дзяцінстве.
Югася Каляда
Другое месца журы прызнала Югасі Калядзе і яе кнізе «Перамена месцаў», трэцяе – Зміцеру Дзядзенку за кнігу «Гульні Цырцэі. Раман».
Зміцер Дзядзенка
Андрэй Хадановіч
Сябра журы Андрэй Хадановіч гаворыць, што сёлета ў шорт-лісце сустрэліся два жанры: нон-фікшн і сюжэтная фікцыйная літаратура.
- Асабіста я за апошнія гады засумаваў па сюжэтнай літаратуры. Таму мне было вельмі прыемна чытаць яго ці яе – Клёк Штучны. Аўтара, якія напісаў/ла дэтэктыў пра Мінск «Забойства на вуліцы Макаёнка». Зміцер Дзядзенка стварыў не менш цікавае з гістарычнай Воршай, дзе 100 гадоў таму адбываюцца гульні Цырцэі. Югася Каляда апісала чароўны Гомель 2017 году, паказаўшы на фантасмагарычным прыкладзе таго, чаго не бывае. Дзве жанчыны селі ў цягнік і памяняліся целамі. Праз гэтую метафару аўтарцы ўдалося правесці думку пра паўстанне беларускага грамадства, пра месца ў ім жанчын.
З трох кніг нон-фікш наймацнейшым быў мэтр Сяргей Дубавец, які стварыў прэцэдэнт. Упершыню за 14 гадоў у нас ёсць двухразовы лаўрэат Гедройця. Першыя 10 гадоў гэтага нельга было па статуце. Усё ж мемуары, як ні кажы, ёсць нейкая тэндэнцыя. Маладой жаночай літаратуры, як і год таму, самую кропельку не хапіла для перамогі.
Кароткі спіс уключае шэсць кніг: «Гульні Цырцэі. Раман» Зміцера Дзядзенкі, «Занзібар. Сталенне маладой душы» Сяргея Дубаўца,, «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» Аляксандра Лукашука, «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» Анкі Упалы і «Забойства на вуліцы Макаёнка» Клёка Штучнага.
Напіс перад уваходам у Еўрапейскі цэнтр салідарнасці ў Гданьску
Уручэнні прэміі адбывалася ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску, каля ўвахода ў які бачны напіс «Жыве Беларусь». Цэнтр рэгулярна падтрымлівае правядзенне беларускіх ініцыятываў. Намеснік мэра Гданьска Пётр Бараўскі адзначае, што гэта адна з задач установы:
- Задача Еўрапейскага цэнтра салідарнасці – з аднаго боку паказваць польскі шлях да свабоды, паказваць перамены, якія адбыліся ў Польшчы. А з другога – падтрымка ўсялякіх дэмакратычных рухаў у свеце. Для мяне абсалютна відавочна, што нашыя суседзі, беларусы, атрымаюць падтрымку таксама тут, у Польшчы. Я рады, што мы чарговы раз падтрымліваем ініцыятыву ў Цэнтры салідарнасці, якая з’яўляецца каштоўнай таксама і для жыхароў Гданьска.
Падчас мерапрыемства адбываўся шэраг спадарожных мерапрыемстваў. У прыватнасці, выстава пра забароненыя беларускімі ўладамі кніг:
Забароненыя беларускай уладай кнігі
Свята літаратуры - гэта таксама стэнды беларукіх выдавецтваў:
У Цэнтры салідарнасці праходзілі сустрэчы з аўтарамі кніг з шорт-ліста прэміі, а таксама дыскусіі, прысвечаныя беларускай літаратуры ў Польшчы:
Сустрэча з Анкай Упалай
На ўручэнні прэміі імя Ежы Гедройця традыцыйна былі пустыя крэслы за здымкамі зняволеных літаратаў. 15 лістапада - Дзень зняволенага пісьменніка
.
ав