Беларуская Служба

З чаго пачыналася ВКЛ? Адказ апублікаваны ў Кракаве

27.11.2025 15:37
Перакладчыца з літоўскай на польскую мову Катажына Кажанеўска расказвае пра кнігу Эдвардаса Гудавічуса Narodziny królestwa – Litwa za Mendoga.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". К.Кажанеўска пра Э.Гудавічуса і Міндоўга.
    Narodziny królestwa  Litwa za Mendoga.
Вокладка кнігі Эдвардаса Гудавічуса Narodziny królestwa – Litwa za Mendoga.https://www.facebook.com/KsiegarniaAkademickaKrakow/photos/litwa-by%C5%82a-kr%C3%B3lestwemna-po%C5%82ow%C4%99-xiii-w-przypad%C5%82o-kr%C3%B3tkie-burzliwe-panowanie-ochrz/1244670874335955/?_rdr

У Кракаве выйшаў пераклад манументальнай працы літоўскага гісторыка Эдвардаса Гудавічуса (Edvardas Gudavičius; 1929–2020) Narodziny królestwaLitwa za Mendoga («Нараджэнне каралеўства — Літва ў часы Міндоўга»). Падрыхтоўку кнігі да друку прафінансавала Рада навукі Літвы (Lietuvos mokslo taryba), а ажыццявіць праект дапамог гістарычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

Менавіта Міндоўг у сярэдзіне XIII ст. заклаў асновы сярэдневяковай літоўскай дзяржавы, у межах якой неўзабаве апынуліся землі сучаснай Беларусі, а затым, у часы Ягайлы, яна ў саюзе з Польшчай стала наймагутнейшай краінай Усходняй Еўропы.

Пра агульныя старонкі гісторыі Літвы, Польшчы і Беларусі разважае перакладчыца кнігі Эдвардаса Гудавічуса — Катажына Кажанеўска (Katarzyna Korzeniewska), якая прыехала ў студыю Польскага радыё з Кракава. А нашу размову мы пачалі з таго, чаму кніга пра Міндоўга выйшла менавіта ў Кракаве — у тамтэйшым выдавецтве Księgarnia Akademicka.

— У Кракаве існуюць своеасаблівыя «астраўкі» людзей, якія па-сапраўднаму і бескарысна цікавяцца Літвой. Гэта тыя, хто жыве, памятаючы пра гістарычныя сувязі і культурную роднасць. Да такіх цэнтраў належыць, між іншым, выдавецтва Księgarnia Akademicka, якое ўпарта выдае творы літоўскіх аўтараў у перакладзе на польскую мову. І нават калі на гэтым можна нешта зарабіць, то ўсё ж пагадзіцеся: выдаваць літаратуру нямецкіх ці іспанскіх аўтараў значна больш выгадна. Таму тут перш за ўсё трэба адзначыць традыцыйную, але надзвычай важную ролю выдаўца. Кніга Эдварда Гудавічуса па-польску — можна сказаць, своеасаблівая памятная дошка выдатнаму літоўскаму гісторыку, які лічыцца сапраўдным нестарам літоўскай медыявістыкі. Аднак склалася так, што ў той перыяд, калі ён быў найбольш актыўны прафесіянальна, магчымасці выйсці са сваімі даследаваннямі на міжнародную навуковую сцэну былі вельмі абмежаваныя. Гэта быў позні савецкі час і пачатак 1990-х гадоў: не ўсе валодалі англійскай мовай, не было сродкаў на ўдзел у міжнародных канферэнцыях — і ў выніку гэты выдатны даследчык застаўся крыху на перыферыі. А яго кніга напісана з шырокім выкарыстаннем крыніц: лацінскіх, старанямецкіх, старажытнарускіх, старапольскіх і іншых. І таму яна цяжка паддаецца перакладу на мовы, якія не маюць культурнай сувязі з гэтым гістарычным асяроддзем. Публікацыя гэтай «памятнай дошкі» па-польску мае сваё глыбокае абгрунтаванне. На працягу многіх дзесяцігоддзяў найлепшымі даследчыкамі гісторыі Літвы былі палякі. Прафесар Гудавічус сам гэта прызнаваў. Але з таго часу, як яго вучні сталі прафесіянальнымі гісторыкамі ў Літве, гэтае сцвярджэнне ўжо страціла актуальнасць.

Адкуль у Катажыны Кажанеўскай цікавасць да Літвы?

— Мая цікавасць да Літвы паходзіць яшчэ з бацькоўскага дома. Я маю даволі складанае паходжанне, у тым ліку літоўскія карані. А пазней я зразумела, што Літва — сапраўды цікавая краіна. Гэта адбывалася ў 1990-я гады, калі я паступова выходзіла з падлеткавага ўзросту і ўваходзіла ў дарослае жыццё. Тады і адкрылася, што Літва не толькі існуе як незалежная дзяржава, але і развіваецца надзвычай дынамічна і інтэнсіўна, аднаўляючы сваю дзяржаўнасць. Акрамя таго, з нечага трэба жыць. Таму я займаюся пытаннямі польска-літоўскіх адносінаў, а пакуль яшчэ — і перакладамі. Прынамсі да таго часу, пакуль гэтую працу за мяне не пачне выконваць штучны інтэлект.

Гаворачы пра сваё складанае паходжанне, Катажына Кажанеўска ўдакладняе дэталі.

— Я нарадзілася на так званых Вернутых землях (Ziemie Odzyskane; частка тэрыторый даваеннай Германіі, перададзеных пасля Другой сусветнай вайны Польшчы. — Рэд.), куды трапілі мае бацькі — прадстаўнікі першага пасляваеннага пакалення. На хвалі сексуальнай рэвалюцыі яны вырашылі быць разам, жыць па-свойму і пярэчыць волі сваіх бацькоў — асабліва бацькоў майго бацькі. Яны жылі ў Гданьску. У Гданьску, як некалі, так і цяпер, жывуць людзі вельмі рознага паходжання. Мае ж дзед і бабуля апынуліся там таму, што здолелі выбрацца з Сібіры, куды былі сасланы з Літвы. Дзед быў выключна паслядоўным у падкрэсліванні сваёй прыналежнасці да палякаў — паўсюль указваў, што ён паляк. Для савецкіх чыноўнікаў гэтага было дастаткова: яны больш нічога не ўдакладнялі і ў 1957 годзе дазволілі сям'і выехаць з ссылкі пад Іркуцкам у Польшчу. Дзед і бабуля выбралі Гданьск. Пазней з’явіліся магчымасці вяртання ў Літву, але тады ніхто пра гэта не ведаў. У 1970-я гады, калі я была дзіцем і жыла разам з дзедадам, бабуляй і бацькам у Гданьску, аднавіліся кантакты з Літвой і сваякамі, што там засталіся. І бабуля палічыла недапушчальным, што я, яе ўнучка, не валодаю літоўскай мовай. Яна пачала размаўляць са мной па-літоўску, і я засвоіла гэтую мову цалкам натуральна — і так яна са мной і засталася. Пазней высветлілася, што літоўская мова — асабліва ў канцы 1980-х і пачатку 1990-х — была вельмі каштоўнай, бо належала народу, што імкнуўся да аднаўлення сваёй самастойнасці.

Наколькі сёння літоўцы добра ведаюць старонкі агульнай гісторыі з Польшчай, а палякі — агульнай гісторыі з Літвой, ужо не кажучы пра беларусаў?

— Што ж, палякі таксама выказваюць прэтэнзіі да немцаў за тое, што тыя мала ведаюць пра гісторыю Польшчы, асабліва пра тую яе частку, якая, скажам далікатна, не ставіць немцаў у найлепшым святле. Таму, думаю, мы цікавімся адно адным толькі настолькі, наколькі гэта нам патрэбна. І ведаем адно пра аднаго роўна столькі, колькі патрабуе жыццё. Мне здаецца, што паляк для літоўца і літовец для паляка цікавыя не сваёй нацыянальнасцю, а тым, што іх яднае: прафесія, агульныя інтарэсы або сумесная дзейнасць. І я лічу, што за апошнія трыццаць гадоў гэта ўдалося наладзіць — і гэтаму варта шчыра радавацца.

Кракаў з часоў Ягайлы быў сталіцай польска-літоўскай дзяржавы. Тут і пахаваны Ягайла і яго нашчадкі — Ягелоны. Тут вучыўся, у Кракаўскім універсітэце, Францыск Скарына. На галоўнай — Рыначнай — плошчы горада стаіць помнік Адаму Міцкевічу. Тут жа пачынаў паўстанне за незалежнасць Рэчы Паспалітай Тадэвуш Касцюшка. Агульных старонак гісторыі Польшчы і Літвы, а таксама Беларусі ў Кракаве безліч. І іх не забываць нам дапамагаюць у тым ліку пераклады прац літоўскіх гісторыкаў пра сумесную гісторыю Літвы, Беларусі і Польшчы, якія з’яўляюцца дзякуючы Катажыне Кажанеўскай.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У прыватным музеі ў Вільні ёсць творы мастацтва, звязаныя з Беларуссю і Польшчай

02.10.2025 16:57
У Цэнтры пазнання мастацтва Літвы Tartle захоўваюцца рарытэты з XV стагоддзя.

Kostuś Czurlanis: польскія і беларускія сляды літоўскага мастака і кампазітара

23.10.2025 15:11
Сёлета адзначаецца 150-годдзе Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса.