Беларуская Служба

Мешка ці Баляслаў: хто быў першым палякам? Адказвае археолаг Пшамыслаў Урбаньчык

11.12.2025 16:35
2025 год у Польшчы прайшоў пад знакам тысячагоддзя каранацыі першых двух каралёў Польшчы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". П.Урбаньчык пра пачаткі польскай дзяржавы.
     20 .
Баляслаў Храбры на купюры наміналам 20 злотых.https://pixabay.com/

Калі Польшча з’явілася на карце свету? І хто быў першым палякам? Гэтыя пытанні не такія простыя. Сёлета пра гэта ёсць нагода пагаварыць падрабязна. 2025 год у Польшчы прайшоў пад знакам «Тысячагоддзя каранацыі першых двух каралёў Польшчы ў Гнезне». Сейм Рэспублікі Польшча абвясціў 2025-ы Годам Тысячагоддзя. Сцвярджаецца, што тысячу год таму адбылася каранацыя польскага князя Баляслава Храбрага (Bolesław Chrobry) (у 1025 годзе), які стаў першым каралём Польшчы. Праз некалькі месяцаў карону атрымаў яго сын — Мешка II (Mieszko II). Сцвярджаецца, што гэта адбылося ў Гнезне.

Сусветна вядомы польскі археолаг прафесар Пшамыслаў Урбаньчык (Przemysław Urbańczyk), які глыбока даследаваў гісторыю Польшчы гэтага перыяду і напісаў пра гэта некалькі кніг і яшчэ больш артыкулаў, удакладняе перш за ўсё, што даных пра тое, што гэта падзея адбылася ў Гнезне, няма.

А калі ўласна Польшча з’явілася на карце Еўропы?

— Насуперак даволі распаўсюджаным перакананням, пра Польшчу, якую адназначна называлі дзяржавай, мы можам гаварыць толькі з пачатку XI стагоддзя. Раней Мешка I, безумоўна, не ведаў, што ён кіруе «Польшчай», а Баляслаў Храбры на працягу першых некалькіх гадоў свайго кіравання таксама гэтага не ведаў. Гэта таму, што назва Polonia («Польшча») упершыню на тэрыторыі нашай краіны фіксуецца на манеце, выбітай пры Баляславе Храбрым, прыкладна ў 1005 годзе. Менавіта з гэтага часу мы можам фактычна гаварыць пра Польшчу як пра дзяржаву, якая так называлася.

Удакладнім, што адбывалася на землях сучаснай Польшчы да і ў часы Мешкі.

— Нейкія людзі, вядома, тут жылі. Аднак калі палітычныя эліты, разам з Мешкам, яшчэ не карысталіся паняццем «Польшча», дык тым больш звычайныя людзі на розных палянах сярод пушч не мелі аб гэтым аніякага ўяўлення. Больш за тое, шчыра кажучы, іх гэта зусім не цікавіла. Яны жылі сваім рытмам штогадовых, галоўным чынам сельскагаспадарчых, работ. Іх хвалявала толькі бяспека, каб хтосьці гарантаваў ім гэту бяспеку і каб было зразумела, каму трэба плаціць падаткі ці даніну.


Прафесар Пшамыслаў Урбаньчык у студыі Польскага радыё са сваёй кнігай Zanim Polska została Polską. Прафесар Пшамыслаў Урбаньчык у студыі Польскага радыё са сваёй кнігай Zanim Polska została Polską.

Пшамыслаў Урбаньчык адзначае, што польская гісторыя нярэдка палітызуецца, што і становіцца прычынай распаўсюджання недакладных уяўленняў пра яе. У якасці прыкладу вучоны ўспамінае святкавання г. зв. Тысячагоддзя Польшчы ў 1966 г., прывязанае да хрышчэння ў 966 г. князя Мешкі I (Mieszko I).

— Гэта была барацьба за душы палякаў, і падрыхтоўка да святкавання ішла рознымі шляхамі. Касцёл адзначаў сваю гадавіну — 14 красавіка 1966 года, бо 14 красавіка тысячу гадоў раней быў Вялікдзень, таму палічылі, што, мабыць, тады Мешка прыняў хрышчэнне. А вось афіцыйныя дзяржаўныя ўрачыстасці адбыліся 22 ліпеня і былі злучаны з так званым Днём адраджэння Польшчы. З гэтай нагоды штогадовы парад, які праводзілі на плошчы Дэфіляд перад Палацам культуры і навукі ў Варшаве, пачаўся з рэканструяванага маршу воінаў Мешкі I. Мы ведаем дзякуючы археалагічным даследаванням, што гэтая дзяржава — ранняя дзяржава Пястаў — не была створана Мешкам. Насуперак таму, што раней лічылася, Мешка не быў будаўніком дзяржавы; правільней сказаць, што ён не быў будаўніком дзяржавы Пястаў. Ён ужо атрымаў у спадчыну пэўную тэрытарыяльную арганізацыю, якую нехта стварыў у трэцяй дэкадзе X стагоддзя, г. зн. за некалькі дзесяцігоддзяў да хрышчэння Мешкі I.

Пшамыслаў Урбаньчык звяртае ўвагу яшчэ на адну дэталь.

— Калі ўвогуле хрышчэнне сапраўды адбыўся ў 966 годзе, бо на гэты конт існуюць сур’ёзныя сумненні. Але дапусцім, што так і было. Тады змена рэлігіі, пераход на заходняе, лацінскае хрысціянства, які азначаў далучэнне да Захаду (дзякуючы чаму і сёння мы адчуваем сябе часткай Заходняй Еўропы, а не Усходняй), тычылася перадусім самога князя, яго сям’і і найбліжэйшага кола, г.зн. той палітычнай эліты, што адчувала салідарнасць са сваім уладаром. Што ж да іншых жыхароў дзяржаўнага ўтварэння, якое складвалася пры Мешку, дык ёсць сур’ёзныя сумненні, ці ўдалося іх тады ахрысціць. Больш за тое, паводле археалагічных даследаванняў, няма ніякіх слядоў пашырэння хрысціянства да самага канца X стагоддзя. Ніякіх. Інакш была б выяўлена сетка касцёлаў, нейкія сведчанні асабістай набожнасці: крыжыкі, знаходкі касцельных прадметаў, а перш за ўсё — змены ў пахавальным абрадзе: пераход ад трупаспалення, якое на працягу тысячагоддзяў дамінавала на нашых землях, да інгумацыйнага (шкілетнага) пахавання, г. зн. да змяшчэння цел памерлых у магілы згодна з патрабаваннямі Касцёла.

Дзяржава Мешкі І — дзе яна знаходзілася?

— Яе межы мы не можам дакладна вызначыць, бо ў той час не было сэнсу праводзіць нейкія лінейныя межы — усё было вельмі рухомае, і адна ваенная выправа магла лёгка іх зрушыць. Паводле археалагічных даных, у трэцяй і чацвёртай дэкадах X стагоддзя нехта збудаваў над сярэдняй Вартай некалькі магутна ўмацаваных гарадзішчаў: Познань, Геч, Оструў-Лядніцкі, Гжыбова (Poznań, Giecz, Ostrów Lednicki, Grzybowo), а крыху пазней і Гнезна (Gniezno). Археолагі ацэньваюць, што гэтае невялікае дзяржаўнае ўтварэнне магло займаць каля 5000 км², і прыблізна такі абшар Мешка атрымаў у спадчыну. Ён вельмі дынамічна і паспяхова пашырыў гэту дзяржаву ва ўсе бакі, а пасля перадаў значна большую тэрыторыю свайму сыну Баляславу Храбраму, які павялічыў яе яшчэ больш.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

З чаго пачыналася ВКЛ? Адказ апублікаваны ў Кракаве

27.11.2025 15:37
Перакладчыца з літоўскай на польскую мову Катажына Кажанеўска расказвае пра кнігу Эдвардаса Гудавічуса Narodziny królestwa – Litwa za Mendoga.