Беларуская Служба

Славутай варшаўскай пальме - 23 гады (ФОТА/ВІДЭА)

12.12.2025 19:20
У 2022 годзе прэстыжны польскі штотыднёвік Polityka назваў інсталяцыю адным з дзесяці найважнейшых польскіх твораў мастацтва.
Аўдыё
  • Славутай варшаўскай пальме - 23 гады
   -    , -,   2002
Вядомая варшаўская пальма - адзін з сімвалаў сталіцы, арт-інсталяцыя, узведзеная ў 2002 годзе commons.wikimedia.org/Malick78/CC BY-SA 4.0

Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра незвычайны арыенцір Варшавы, які ўзвышаецца над кальцавой развязкай імя Шарля дэ Голя ў самым сэрцы польскай сталіцы. Гэта – варшаўская пальма, арт-інсталяцыя, якая была пастаўленая 12 снежня 2002 года. Знаходзячыся ў Варшаве, абавязкова трэба ўбачыць гэты арыгінальны сімвал горада.
Аўтарам інсталяцыі з'яўляецца польская мастачка Яанна Райкоўска.

Натхненнем для стварэння пальмы стала яе паездка ў Ізраіль у 2001 годзе.

Першапачатковая канцэпцыя інсталяцыі прадугледжвала цэлы шэраг пальмаў, але ў канцы Райкоўска вырашыла ўстанавіць адно штучнае дрэва.

Пальма была вырабленая амерыканскай кампаніяй з пластыка і натуральных матэрыялаў. Мастацкі абʼект адкрылі 12 снежня 2002 года – роўна 23 гады таму. Вышыня штучнай фінікавай пальмы – каля 15 метраў. Яна ўстойлівая да атмасферных умоваў і перападу тэмператур. Інсталяцыя замацаваная на металічнай канструкцыі, абцяжаранай жалезабетоннымі элементамі.

Калі варшаўская пальма была пастаўленая ў цэнтры горада, то выклікала хвалю абмеркаванняў – ад пазітыўных па негатыўныя. Многім жыхарам сталіцы інсталяцыя падабалася, але кола праціўнікаў арт-абʼекту таксама было немалым.

Першапачаткова пальма павінна была застацца ў цэнтры Варшавы цягам года, і на такі перыяд быў выдадзены дазвол на інсталяцыю. На яе будаўніцтва не выдаткоўваліся дзяржаўныя сродкі, аднак утрыманне аб’екту і яго абслугоўванне, у тым ліку рамонт пашкоджанняў, выкліканых дажджом і ветрам, аказаліся дарагімі для аўтаркі. У мінулым годзе Райкоўска перадала пальму на баланс Варшаўскага музею сучаснага мастацтва і адмовілася ад аўтарскіх правоў. У размове з Польскім радыё год таму мастачка сказала, што гэта важная для яе падзея.

- Пальма ніколі не належала толькі мне, яна сімвалічна заўсёды належала гораду і яго жыхарам. Паводле мяне, яна – частка гораду, прычым неад’емная, гэта матэрыя Варшавы. Гэта ўласнасць усіх жыхароў сталіцы, і я радая, што пальма перайшла ва ўласнасць музея, бо я ўжо не магу залезці на рыштаванні, каб нешта рамантаваць. Фінансава таксама ўжо не спраўлялася з рэканструкцыяй. Я гэтым займалася 20 гадоў, цяпер гэтым будзе займацца ўстанова.

Дарэчы, у 2007 годзе, у абмен на грант у памеры 40 тыс. злотых (цяпер гэта каля 10 тыс. еўра) на рэстаўрацыю інсталяцыі, атрыманы д сталічнага муніцыпалітэту, аўтарка перадала свае аўтарскія правы гораду, пагадзіўшыся на тое, каб гарадскія ўлады маглі выкарыстоўваць выяву пальмы ў рэкламных матэрыялах. Тэрмін дзеяння дамовы скончыўся ў 2011 годзе.

У пачатку лета 2007 года пальма прайшла сурʼёзную рэстаўрацыю, падчас якой была заменена кара на ствале і лісце, а таксама правераны стан мацавальных шрубаў і злучэнняў.

У чэрвені 2019 года, у Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя, пальму сімвалічна «высушылі». Крыніца: commons.wikimedia.org/Adrian Grycuk/CC BY-SA 3.0 pl У чэрвені 2019 года, у Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя, пальму сімвалічна «высушылі». Крыніца: commons.wikimedia.org/Adrian Grycuk/CC BY-SA 3.0 pl

У чэрвені 2019 года, у Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя, пальму сімвалічна «высушылі», часова замяніўшы штучнае зялёнае лісце на сапраўднае, сухое. Мэтай акцыі было прыцягненне ўвагі да праблем экалогіі і знішчэння чалавекам экасістэмы. Дарэчы, Яанна Райкоўская лічыць гэтую акцыю самай важнай у гісторыі арт-абʼекту.

У 2022 годзе прэстыжны польскі штотыднёвік Polityka назваў інсталяцыю адным з дзесяці найважнейшых польскіх твораў мастацтва.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу