Беларуская Служба

Фальклор паміж традыцыяй і сучаснасцю — цяпер фалькларысты даследуюць нават мемы

06.01.2026 17:00
Паняцце фалькларыстыкі цяпер заўважна пашыраецца.
Аўдыё
  • З Аленай Ляшкевіч размаўляем пра традыцыі ў сучаснай Беларусі і Польшчы.
 .
Алена Ляшкевіч. Фота Паўла Залескага

З беларускай фалькларысткай Аленай Ляшкевіч размаўляем пра традыцыі ў сучаснай Беларусі і Польшчы.

— Алена, вы беларуская фалькларыстка, а ці ёсць чым займацца беларускай фалькларыстцы ў Польшчы?

— Так, насамрэч, я б не сказала, што беларуская фалькларыстыка ў Польшчы некаму ўжо так цікавая. У нас існуе такая класічная фалькларыстычная школа, якая абапіраецца на тэксты. Наша ўсё — гэта шматтомны збор «Беларуская народная творчасць», які выдаваў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вось у такім стылі беларускія фалькларысты і працуюць — на зборах тэкстаў, гэта такая класічная школа. Хаця цяпер і ў Беларусі, і ў іншых краінах фалькларысты займаюцца і іншымі пытаннямі: бяруць новыя тэмы, даследуюць мемы, інтэрнэт-фальклор, штодзённае жыццё. Наогул паняцце фалькларыстыкі цяпер заўважна пашыраецца.

— Тым не менш Польшча — суседняя з намі краіна, і тут таксама ёсць сляды беларускага фальклору. Ці спрабавалі вы праводзіць нейкія даследаванні на Падляшшы?

— Так, я ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі на Падляшша. Гэта, безумоўна, цікавы рэгіён, частка беларускай этнічнай тэрыторыі, і там яшчэ можна запісаць розныя фальклорныя жанры, можна пагутарыць з жывымі людзьмі — носьбітамі фальклору. Гэта, вядома, неацэнны ўклад у развіццё беларускай фалькларыстыкі. Але калі мы кажам пра Польшчу, то тут ужо больш папулярная сацыяльна-культурная антрапалогія — трошкі іншы падыход, іншыя тэорыі. Таму з такім класічным фалькларыстычным падыходам цяжкавата, хаця ёсць людзі, якія займаюцца класічнай тэкставай фалькларыстыкай: казкамі, фальклорнымі сюжэтамі, паказальнікамі, але гэта, трэба сказаць, не мэйнстрым у Польшчы.

— А што датычыць мэйнстрыму, новых папулярных тэорый — што б вы вылучылі? І чаму, на вашу думку, гэта не назіраецца ў беларускай фалькларыстыцы?

— Тут навукоўцы ў шматлікіх навучальных установах бяруць тэмы, звязаныя больш з сучаснасцю. Студэнты ў пераважнай большасці, акрамя вучобы, яшчэ працуюць, як правіла, на некваліфікаваных працах — у кавярнях, офісах, дзе часта назіраюць за жыццём свайго месца працы або нейкай супольнасці, дзе яны практыкуюць сваё хобі. І вось такія сучасныя тэмы маюць перавагу. У той самы час я б не сказала, што надта некага цікавіць сучаснае жыццё традыцыйнай культуры, як гэта, напрыклад, дазваляе даследаваць Канвенцыя ЮНЭСКА Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятая ў 2003 годзе. Я б сказала, што гэта такая сацыялогія, якая робіцца якаснымі, а не колькаснымі метадамі, з майго, такога класічнага фалькларыстычнага, погляду. Для мяне гэта даволі далёка, але ёсць людзі, якія самаідэнтыфікуюцца як фалькларысты, але займаюцца сучаснасцю — інтэрнэт-гумарам ці нечым падобным, і для іх гэта нармальная фальклорная тэма.

— Калі вярнуцца да беларускага фальклору, што новага цікавага адбываецца ў яго даследаваннях, пра што новыя публікацыі?

— Так, даследчыкі працуюць, выходзіць часопіс «Беларускі фальклор», адзінае беларускае выданне ў галіне фалькларыстыкі, якое індэксуецца ў міжнароднай навуковай базе Scopus. Таксама ёсць шмат фальклорных гуртоў, яны дзейнічаюць пры ўстановах культуры. Нам цяпер адсюль складана сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Сацыяльныя сеткі, СМІ дапамагаюць, але  гэта не тое самае, што прысутнічаць на месцы дзеяння.

— Алена, як вы адчуваеце сябе ў эміграцыі?

— Я зараз выкладаю два курсы ў Варшаўскім універсітэце. На першым курсе я дапамагала студэнтам падрыхтаваць Каляды, а на другім курсе ў мяне будуць заняткі пра калядныя абрады як элемент польскай нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

— Вы цяпер як бы з боку назіраеце за тым, як адбываецца праца з беларускім фальклорам там, на радзіме. Ці ўзнікаюць нейкія новыя думкі адносна новых праектаў у гэтым накірунку?

— Для мяне было цікава ў Польшчы назіраць жывыя каляндарныя абрады. У Беларусі, да прыкладу, прыязджаеш у нейкую вёску і бачыш, што там ёсць гурт людзей, якія працуюць пры ўстанове культуры. Яны на святы абыходзяць вяскоўцаў, ім усе радыя, але ўсё роўна гэта такая традыцыя аніміраваная. А вось у Польшчы я даволі часта бачыла гурты падлеткаў, маладых хлапцоў, і тады зразумела, што ўласна калядаванне — гэта традыцыя нежанатай моладзі, пераважна мужчынскага полу. У Беларусі таксама ёсць дзіцячае калядаванне, часам разам з дарослымі, і калядоўшчыкаў прымаюць добра, але вось такую жывую ўзроставую і палавую дыферэнцыяцыю падчас рытуальных абыходаў на калядныя святы я пабачыла толькі тут, у Польшчы.

— Атрымліваецца, што тут гэта традыцыя больш натуральная, чым у Беларусі?

— Не тое, каб зусім так, проста ў нас яна больш аніміраваная. У нас таксама ёсць розныя гурты, проста ў поле зроку фалькларыста часцей трапляюць тыя, якія існуюць пры ўстановах культуры. Але ў вёсцы заўсёды можна заўважыць, што калядаваць ходзіць некалькі гуртоў: адзін можа складацца з работнікаў культуры, а другі — з людзей, якія проста самі збіраюцца. Магчыма, яны не робяць гэта паводле нейкага сцэнару, як было запісана ад старых людзей, а робяць так, як самі гэта разумеюць. Але сама ідэя калядавання ў іх дзеяннях прысутнічае. Таксама і ў Польшчы ўстановы культуры дапамагаюць арганізаваць калядаванні, але ў той жа самы час існуюць гурты, якія робяць гэта самастойна.

Павел ЗАЛЕСКІ