Дзяцінства — гэта тое, што ўсім нам блізкае і зразумелае
У Познані два беларускія мастакі, Аляксандр Данілкін і Мікіта Расолька, адкрылі выставу «Childhood. Postsoviet song», што ў перакладзе азначае «Дзяцінства. Постсавецкая песня». Традыцыйна выстава адкрылася ў памяшканні фундацыі «Барак культуры», дзе пастаянна прадстаўляюцца розныя беларускія і ўкраінскія культурныя праекты.
Куратар выставы Ілля Меджумаеў распавядае, што ідэя такога праекта з’явілася пасля таго, як ён разглядаў працы абодвух мастакоў і яму захацелася аб’яднаць іх у адной выставе.
— Мне падавалася, што тэма дзяцінства постсавецкага мінулага — гэта тэма, у якой яны могуць добра выказацца. Па-другое, гэта тое, што ўсіх нас аб’ядноўвае, што блізкае і зразумелае не толькі нам, але і гледачам. Да таго ж у сучасныя часы моцна актуалізуецца тэма настальгіі. Мы зараз у тым узросце, калі ўжо можам разважаць пра сваё дзяцінства з вышыні пэўнага жыццёвага досведу: як яно выглядала, што сабой уяўляла. Было цікава паказаць гэта і польскай аўдыторыі, каб параўнаць, як усё адбывалася, — тлумачыць куратар.
Аляксандр Данілкін: “Міліцэйскія дручкі”
Сумныя вобразы
Звяртае на сябе ўвагу тое, што вобразы на карцінах даволі сумныя, нават песімістычныя: дарожны ўказальнік «Чужая краіна», міліцэйскія дручкі розных формаў — ад звычайных каляровых да тых, што з шыпамі, пашча вялікага твару, у якой сядзяць людзі, лазенка з іржавай ваннай і такой самай сантэхнікай, насценная плітка тых часоў і г.д. Цікаўлюся ў куратара выставы, чаму вобразы настолькі змрочныя, калі ў любым дзяцінстве звычайна бывае і шмат пазітыўнага.
— Мне падаецца, што гэтыя вобразы накладваюцца на нашу сённяшнюю рэальнасць. Магчыма, у сучасным свеце нам бліжэй менавіта такія змрочныя сімвалы. Вядома, рыхтуючы выставу, мы ўспаміналі і тое, што ў дзяцінстве было цікавае і вясёлае, але, як казалі хлопцы, малюецца тое, як сёння выглядае свет. І сваё дзяцінства мы цяпер успрымаем ужо праз гэтую прызму, — адказвае ён.
Карціна Аляксандра Данілкіна: “Помнік”.
«Я яшчэ не нарадзіўся, а Лукашэнка ўжо кіраваў і кіруе дагэтуль»
Падчас адкрыцця выставы прысутнічаў толькі Аляксандр Данілкін. Мікіта Расолька, як паведамілі арганізатары, не змог даехаць у Познань. Аляксандр вельмі сціпла распавядаў пра выставу, аднак зазначыў, што праз свае вобразы імкнецца паказаць не толькі асабістыя ўспаміны з дзяцінства, але і пэўную частку гісторыі сваёй краіны.
— Тут падзеі, якія адбыліся і са мной, і з маёй радзімай. Вось, напрыклад, міліцэйскія дручкі. Я яшчэ не нарадзіўся, а ў Беларусі ўжо быў папулярны лозунг: «Беларусь у Еўропу, Лукашэнку — у жопу!». Увесь гэты час адбываліся рэпрэсіі, і я з гэтым нарадзіўся, з гэтым дарастаў. Альбо вось на іншай карціне — дарожны знак «Чужая краіна». Я шмат чаго страціў праз рэпрэсіі, быў вымушаны з’ехаць з радзімы і цяпер не магу туды вярнуцца. Гэты знак і сёння было б дарэчы паставіць на мяжы перад уездам у Беларусь. Яна застаецца чужой, хоць свет змяняецца, а там усё застаецца па-ранейшаму, — кажа мастак.
Ён на хвіліну задумваецца і дадае, што нарадзіўся ў Беларусі ўжо пры Лукашэнку, дарослым з’ехаў у Польшчу, адвучыўся тут, абараніў магістарскую працу, а там дагэтуль кіруе той самы чалавек. Цікаўлюся ў яго, чаму гэтая тэма так не адпускае, калі вакол столькі іншага.
— Бо праз гэта я страціў свой дом, сваю радзіму і быў вымушаны шукаць іншае жыццё, каб проста мець магчымасць жыць, — адказвае Аляксандр.
Карціна Аляксандра Данілкіна: “Лазенка” .
Час мінае, а нічога не змяняецца
Мастак таксама згадвае, што яшчэ з дзяцінства памятае, як і ў школе, і на тэлебачанні, і ў дзяржаўных газетах панавала прапаганда вакол адной асобы, якую ніхто не мог, а, як высветлілася, дагэтуль не можа замяніць. І ўжо тады хацелася нешта змяніць.
— У мяне ёсць яшчэ дзве працы: на адной — занятая буслянка, у якую не могуць вярнуцца птушкі, а на другой — пашча, у якой сядзяць дзве асобы і спрабуюць выбрацца. Я назваў гэтую карціну «Падавіся». Тут такая алегорыя: у гісторыі заўсёды знаходзяцца крэціны, якія імкнуцца зжэрці ўвесь свет, бо ім заўсёды не стае. Калі я пісаў гэтую карціну, натхняўся вобразам Гарганцюа, створаным Анарэ Дам’е. Тут усе: і Гітлер, і Сталін, і Лукашэнка, і Пуцін — і не толькі яны. Крэціны, якія зжыраюць людзей. Час мінае, але ў гэтым сэнсе нічога не змяняецца, — падсумоўвае мастак.
Карціны Мікіты Расолькі: (злева) “Помнікі”, справа “У мінскім метро” .
Дарэчы, на вернісажы сабралася шмат зацікаўленых: людзі абмяркоўвалі ўбачанае, абменьваліся думкамі і слухалі музыку, ператвараючы выставу ў прастору жывога дыялогу і супольнага перажывання памяці.
Павел ЗАЛЕСКІ