У Супраслі (Supraśl) – гарадку ля Беластока, стартавалі незвычайныя спартыўныя заняткі для дзяцей і моладзі – заняткі па гістарычным фехтаванні. Іх вядзе беларускі акцёр, рэжысёр і рэканструктар спадар Васіль Калач, які з'яўляецца таксама членам Клуба гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863».
Навошта ў XXI стагоддзі вучыць дзяцей ваяваць архаічнай халоднай зброяй? Ці гэта бяспечнае хобі? Якую карысць гэта прынясе маладым удзельнікам заняткаў? Хто можа ўдзельнічаць у занятках па гістарычным фехтаванні?
Як запэўнівае спадар Васіль Калач, пол удзельнікаў ніякага значэння не мае. Крышку інакш справа маецца, калі гаворка ідзе пра ўзрост, кажа інструктар:
- Усё ж такі зброя крыху важыць. Таксама мастацтва фехтавання патрабуе крыху сканцэнтраванасці; трэба засяродзіцца на тэхніцы, на тактыцы… Таму мы абмяжоўваем узрост: ад дзевяці гадоў і старэйшыя дзеці.
Таксама не патрэбная нейкая асаблівая фізічная падрыхтоўка. Ніякіх тэстаў віду «можа падняць чалавек мех бульбы ці не» ў нас няма, жартуе інструктар:
- Самі заняткі я вяду так, каб дапасаваць іх нават да слаба падрыхтаваных ці слаба заангажаваных у нейкі спорт ці фізкультуру дзяцей; каб развіць іхнае цела, сілу, моц, лоўкасць і спрытнасць. Mы не патрабуем нейкіх спартыўных дасягненняў. Ніякіх тэстаў на тое: ці можа падняць чалавек мех бульбы, ці не ў нас няма.
Удзельнікі заняткаў спачатку будуць прызвычайвацца да бяспечнай, трэніровачнай зброі. Толькі праз нейкі час ім будзе прадастаўлены гонар узяць у руку сапраўдную шаблю:
- На гэтых занятках дзеці карыстаюцца такімі мяккімі шаблямі – гэтак званымі мяккімі пальцатамі, бо трэніровачная зброя ў нашай традыцыі заўсёды называлася пальцатай. Гэта палачка або звычайны кіёчак, да якога можа быць прымацаваны гэтак званы ялец кашовы – кошык або нешта іншае для абароны рукі. Спачатку гэта будуць пластыкавыя шаблі, а толькі потым сталёвыя. Аднак дзеля таго трэба, каб дзеткі хаця б год пазаймаліся з бяспечным інструментам.
У сувязі з гэтым, як запэўнівае інструктар, рызыка нейкай траўмы мінімальная, а нават значна меншая, чым у выпадку іншых папулярных відаў спорту:
- Пры гэтым, у мяне галоўны крытэр навучання – кантроль сваіх дзеянняў. Я перш за ўсё вучу не толькі біць чалавека палачкай, але яшчэ больш вучу не біць чалавека палачкай. Гаворка ідзе пра тое, каб вучні напоўніцу кантралявалі ўдары і ўколы, маглі спыніць у патрэбны момант сваю зброю не наносячы шкоды праціўніку.
Навошта зараз вучыць дзяцей ваяваць архаічнай халоднай зброяй? Якая з гэтага карысць маладым удзельнікам?:
- Самая галоўная каштоўнасць, на якую ў сучасным свеце не звяртаюць увагі – гэта пасіянарнасць, якая ідзе побач з гонарам і годнасцю. Фехтаванне выбудоўвае пачуццё ўласнай годнасці, уласнай абароненасці.
«Гістарычнае фехтаванне шабляй – гэта мастацтва, якое мяне захапляе і гэтае захапленне я хачу перадаць сваім вучням», – паясняе інструктар:
- Гэта валоданне сваім целам і прадметам, які ты трымаеш у руцэ. Гэта разуменне прасторы вакол сябе, сваёй раўнавагі – як псіхічнай, так і фізічнай у любой жыццёвай сітуацыі. Тое, што мы вывучаем на занятках дазваляе ці сысці ад канфлікту, ці вырашыць канфлікт да таго, як ён яшчэ пачаўся. Не скажу, што гэта панацэя, але гэта дазваляе лепш разумець людзей вакол сябе і сітуацыі, у якіх ты можаш стаць трыгерам канфлікту або ты трыгар канфлікту заўважаеш і можаш яго нейтралізаваць нават вербальна, карыстаючыся прынцыпамі тактыкі фехтавання.
Як мы ўжо згадалі спадар Васіль Калач з’яўляецца членам Клуба гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863», які два гады таму ў Беластоку заснавалі беларусы-палітычныя ўцекачы. У склад групы ўваходзяць людзі розных прафесіяў, якіх, паводле спадара Калача, абʼядноўвае туга па самых найпрыгажэйшых і славутых момантах у гісторыі Беларусі, ушанаванне якіх, на самой справе, забараняецца рэжымам Лукашэнкі. Адным з такіх момантаў несумненна з’яўляецца паўстанне Кастуся Каліноўскага, да якога навязвае назва клуба:
- Тут, у эміграцыі мы маем магчымасць гэтую тэму развіваць, раскрываць, выносіць яе на публіку. Дзяліцца сваімі ведамі і самі знаходзіць новыя веды.
Клуб гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863» прымае актыўны ўдзел у культурнцкім жыцці рэгіёна. Рэканструктары ўшаноўваюць гадавіны важных гістарычных падзеяў, прымаюць удзел у мерапрыемствах па рэканструкцыі. І так у красавіку члены клуба плануюць адправіцца на гістарычны пікнік у Кашолы (Koszoły) у Люблінскім ваяводстве.
- Пазней, калі ўсё атрымаецца, у тым ліку ўдасца своечасова падаць заяўку, мы хочам арганізаваць «Марш Урублеўскага». Пад Валіламі на Перацёсах і на Будзіску былі вялікія паўстанцкія лагеры. 29 красавіка 1863 года там адбылася вялікая бітва, гераічную абарону ў якой трымаў менавіта Валерый Урублеўскі – польскі і беларускі нацыянальны герой. Мы плануем наладзіць марш ад Ліповага Моста да Перацёсаў. На саміх Перацёсах плануем экскурсію, прэзентацыю паўстанцкага лагера. Мы таксама падалі заяўку на Фестываль «Tutaka» на living history «Паўстанцкі лагер». Гэта пляцоўка, якая будзе дзейнічаць кругласутачна ў рамках фестывалю.
Ужо зараз спадар Васіль Калач запрашае ўсіх пацікавіцца гэтымі мерапрыемствамі, падчас якіх можна будзе пашырыць свае веды пра гісторыю, пазнаёміцца з гістарычнай зброяй i вопраткай, а таксама паглядзець, як выглядала жыццё ў паўстанцкім лагеры – паспрабаваць паўстанцкую кашу і каву, то бок пазнаёміцца з гісторыяй не толькі з пазіцыі школьнага навучання і сухіх ведаў, але таксама з пазіцыі хаця б мінімальнага ўсё ж асабістага досведу.
Анна Задрожна