Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ці стане антыўкраінская рыторыка галоўнай тэмай парламенцкіх выбараў у Польшчы? Адказвае публіцыст Якуб Маймурэк

20.07.2026 13:33
Антыўкраінскія настроі ў Польшчы мацнеюць, а палітыкі ўсё часцей выкарыстоўваюць гэтую тэму ў грамадскай дыскусіі і выбарчых кампаніях.
Ілюстрацыя Фото: AP

У Польшчы расце колькасць злачынстваў, учыненых на глебе нянавісці ў дачыненні да грамадзян Украіны. Міністр юстыцыі Вальдэмар Журэк заявіў, што такія дзеянні больш не застануцца без жорсткай рэакцыі дзяржавы.

Паводле яго, раней многія такія справы спыняліся, бо следчыя недаацэньвалі іх грамадскую небяспеку. Цяпер у пракуратуры створана спецыяльная сістэма кантролю за расследаваннем злачынстваў, учыненых на глебе нянавісці, а пракуроры праходзяць адпаведную падрыхтоўку.

Пра прычыны росту антыўкраінскіх настрояў, ролю палітыкаў і рызыкі далейшай радыкалізацыі грамадства Беларуская служба Польскага радыё пагутарыла з публіцыстам, аўтарам выдання Krytyka Polityczna Якубам Маймурэкам.

— Я б не сказаў, што падобныя напады ўжо сталі паўсядзённасцю. Пакуль гэта хутчэй асобныя, хоць і ўсё больш прыкметныя інцыдэнты. Аднак грамадскія настроі вакол украінскіх уцекачоў і мігрантаў сапраўды істотна змяніліся. У дачыненні да беларускіх палітычных эмігрантаў такая тэндэнцыя выяўляецца значна слабейшай.

Гэтыя змены маюць некалькі прычын. Перш за ўсё, яны шмат у чым натуральныя. Суіснаванне розных нацыянальных і этнічных груп непазбежна стварае напружанне, а першапачатковы энтузіязм з цягам часу слабее. Польскае грамадства ў 2022 годзе праявіла выключную салідарнасць з Украінай. Але я не думаю, што менавіта людзі, якія тады актыўна дапамагалі ўкраінцам, сёння сталі крыніцай антыўкраінскіх настрояў. Хутчэй наадварот: магчымасць адкрыта выказвацца атрымалі тыя, хто і раней прытрымліваўся такіх поглядаў, але маўчаў. Адначасова частка грамадства, якая раней займала нейтральную пазіцыю, паступова стала больш насцярожанай.

Ёсць і іншыя прычыны: стомленасць ад вайны, вычарпанне эмацыйнай мабілізацыі, а таксама свядомая дзейнасць асобных палітыкаў і медыя, якія мэтанакіравана падаграваюць антыўкраінскія настроі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэальныя сацыяльныя праблемы, гістарычныя спрэчкі — перад усім вакол Валынскай разні, — а таксама асцярогі наконт эканамічнай канкурэнцыі з боку Украіны пасля вайны, асабліва сярод фермераў і жыхароў сельскай мясцовасці. Вось гэта асноўныя прычыны: натуральная стомленасць ад вайны, згасанне першапачатковага энтузіязму, складанасці працяглага суіснавання розных груп і, нарэшце, свядомая дзейнасць палітычных і медыйных гульцоў.

— Ці варта шукаць у гэтым прыкметы расійскага ўплыву? Ці ў Польшчы ён менш заўважны, чым, напрыклад, у постсавецкіх краінах?

— На сённяшні дзень ніхто з вядомых польскіх палітыкаў не быў злоўлены за руку на рэалізацыі расійскага парадку дня. Няма доказаў таго, што тыя ці іншыя публічныя асобы дзейнічаюць паводле прамых указанняў Масквы.

Але было б наіўна лічыць, што Расія не вядзе супраць Польшчы кагнітыўную вайну і не займаецца маштабнай дэзінфармацыяй. Іншае пытанне — робіцца гэта праз агентурную дзейнасць або праз віруснае распаўсюджванне выгадных Крамлю наратываў, якія пасля пачынаюць самастойна паўтараць іншыя людзі. У мяне няма дастатковых звестак, каб адназначна адказаць на гэтае пытанне.

Аднак цалкам відавочна, што ў польскай публічнай прасторы сёння ёсць палітычныя гульцы, якія паўтараюць тэзісы, што выглядаюць так, нібыта яны літаральна запазычаныя з расійскай прапаганды.

— Калі казаць пра рэакцыю польскіх уладаў на рост гвалту ў дачыненні да ўкраінцаў, ці можна лічыць яе адэкватнай? Ці існуе рызыка, што сітуацыя можа перарасці ў маштабныя міжнацыянальныя канфлікты? З аднаго боку, мы бачым жорсткую і паслядоўную рэакцыю дзяржавы на распальванне нянавісці, з другога — асобныя прадстаўнікі кіроўнай кааліцыі заяўляюць, напрыклад, пра неабходнасць вяртання ва Украіну мужчын прызыўнога ўзросту.

— Хочацца спадзявацца, што да маштабнага гвалту справа не дойдзе і гэтыя эмоцыі ўдасца стрымаць. Пакуль нават палітычныя сілы, якія найбольш скептычна ставяцца да Украіны, здаецца, асцерагаюцца асацыяцый з вулічным гвалтам. Гэта было прыкметна, напрыклад, па рэакцыі часткі лідараў «Канфедэрацыі» на інцыдэнт у Бельску-Бялай, калі мужчына праявіў агрэсію на нацыянальнай глебе ў дачыненні да дзвюх украінскіх дзяўчынак. Маю на ўвазе найперш Кшыштафа Босака і Славаміра Мэнтцэна.

Тым не менш цалкам выключаць новыя напады нельга. Хутчэй гаворка ідзе не пра арганізаваныя парамілітарныя групоўкі, а пра асобныя выпадкі бытавой агрэсіі — калі чалавека збіваюць у аўтобусе ці нападаюць на яго проста на вуліцы. На жаль, такія выпадкі, верагодна, яшчэ будуць здарацца.

Таму выключна важная эфектыўная праца праваахоўных органаў, барацьба з дэзінфармацыяй і алгарытмамі сацыяльных сетак, якія ўзмацняюць негатыўныя эмоцыі. Гэта таксама пытанне інфармацыйнай бяспекі дзяржавы. І, безумоўна, неабходны вельмі выразны сігнал з боку палітыкаў: ніякай згоды на гвалт у дачыненні да ўкраінцаў у Польшчы быць не можа.

— Некаторыя польскія публіцысты ўжо прагназуюць, што антыўкраінская рыторыка будзе дамінаваць падчас парламенцкай выбарчай кампаніі наступнага года і ў выніку згуляе на карысць Расіі, якая зацікаўлена ў расколе саюзнікаў па ўсходнім флангу НАТА. Наколькі, на ваш погляд, такі сцэнар рэалістычны?

— Мне здаецца, цяпер вельмі цяжка рабіць падобныя прагнозы. Мы жывём ва ўмовах, калі палітычныя тэмы імкліва ўзнікаюць, выклікаюць моцныя эмоцыі і гэтак жа хутка знікаюць з парадку дня. Таму сёння немагчыма ўпэўнена сказаць, што менавіта стане галоўнай тэмай парламенцкіх выбараў праз год.

Вельмі многае будзе залежаць ад развіцця расійска-ўкраінскай вайны, дзеянняў Пуціна і ад таго, ці не адбудзецца новая эскалацыя, напрыклад, у дачыненні да краін Балтыі. Гэта магло б цалкам змяніць характар палітычнай дыскусіі ў Польшчы. Не менш важна, які курс працягне праводзіць Дональд Трамп, якім будзе стан НАТА і трансатлантычнага саюза. Нельга выключаць і зацяжнога крызісу на Блізкім Усходзе, які здольны справакаваць сур'ёзныя эканамічныя наступствы для Еўропы. Таму любыя катэгарычныя прагнозы сёння выглядаюць вельмі рызыкоўнымі.

Тым не менш, калі не адбудзецца падзей, якія кардынальна зменяць парадак дня, палітычныя сілы, верагодна, пачнуць спаборнічаць паміж сабой у тым, хто зойме больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Украіны і ўкраінцаў, хто будзе больш настойліва патрабаваць ад Кіева годнага ўшанавання памяці ахвяр Валынскай трагедыі і хто прапануе больш прагматычны, менш эмацыйны падыход да адносін з Украінай. У значнай ступені такую дыскусію будуць вызначаць дзве палітычныя сілы — «Канфедэрацыя» Славаміра Мэнтцэна і «Канфедэрацыя Польскай Кароны» Гжэгажа Браўна.

Гэта сапраўды адзін з найбольш верагодных сцэнароў. Але не варта забываць і пра фактар Дональда Трампа, які застаецца вельмі непрадказальным. Не выключана, што галоўнай тэмай выбараў стане ўжо не Украіна, а пытанне, ці павінна Польшча яшчэ больш інтэгравацца з Еўрапейскім Саюзам, ці, наадварот, будаваць сваю палітыку ў саюзе з адміністрацыяй Трампа, якая нярэдка займае пазіцыю, супрацьлеглую Бруселю.

Таму магчымых ліній палітычнага размежавання сёння занадта шмат, каб з упэўненасцю сцвярджаць, якая з іх стане вызначальнай на выбарах наступнага года.

Слухайце аўдыё!

эж

«Мы ўсе перамяшаныя»: польская пісьменніца Анета Прымака-Онішк — пра міф монаэтнічнай Польшчы

18.05.2026 08:21
Анета Прымака-Онішк разважае, ці гатовае польскае грамадства прыняць сваю шматэтнічнасць.

Мігранты складаюць больш за 16% супрацоўнікаў гасцініц і рэстаранаў, 14% — транспарту і лагістыкі

08.06.2026 16:11
У многіх галінах прамысловасці ўжо немагчыма цалкам адмовіцца ад працы мігрантаў, паколькі гэта прывяло б да значнага росту цэн.

«Бізнес чакае людзей, а не забаронаў»: эксперт пра тое, чаму Польшча не можа адмовіцца ад працоўнай міграцыі

06.07.2026 12:12
Асабліва востра гэта адчуваюць галіны, дзе ўжо сёння не хапае людзей: догляд за пажылымі, будаўніцтва, лагістыка, транспарт і прамысловасць.