Беларуская Служба

Фестываль SONCAHRAJ запрашае на сустрэчу з беларускай традыцыяй на Беласточчыне

10.06.2026 09:46
12 і 13 чэрвеня на Беласточчыне пройдзе фестываль SONCAHRAJ — свята традыцыйнай беларускай культуры, музыкі і спеваў.
SONCAHRAJ     ,
SONCAHRAJ — свята традыцыйнай беларускай культуры, музыкі і спеваў.

Падзея стане магчымасцю не толькі паслухаць аўтэнтычныя мелодыі, але і бліжэй пазнаёміцца з багатай творчай спадчынай беларусаў.

Сёлета фестываль адбудзецца ў дзвюх розных па настроі і атмасферы лакацыях. 12 чэрвеня а 18-й гадзіне ўдзельнікі збяруцца на Рынку Касцюшкі ў Беластоку, дзе цэнтр горада напоўніцца гукамі беларускай традыцыйнай музыкі. На сцэне выступяць гурты BARVY (Гданьск), KASARY (Варшава) і PADLASKI WIANOK (Беласток).

На наступны дзень, 13 чэрвеня а 17-й гадзіне, фестываль перамесціцца ў вёску Вілюкі ў гміне Дубічы Царкоўныя. Тут гасцей чакае больш камерная атмасфера сярод прыроды і падляскіх краявідаў. У праграме — выступленні гуртоў BARVY, KASARY і ŻEMERWA са Студзіводаў.

Акрамя канцэртаў, арганізатары падрыхтавалі майстар-класы па традыцыйных танцах, супольныя спевы і сустрэчы з жывой інструментальнай музыкай. Завершыць вечары танцавальная забава для ўсіх ахвотных.

Асобную ўвагу арганізатары звяртаюць на традыцыйны строй. Гасцей заахвочваюць прыходзіць у вышыванках, з традыцыйнымі паясамі або ў поўных народных строях, каб стаць часткай агульнага святочнага настрою.

Фестываль SONCAHRAJ працягвае папулярызаваць беларускую культурную спадчыну на Падляшшы, аб'ядноўваючы выканаўцаў і аматараў традыцыйнай культуры вакол музыкі, спеваў і танца. 

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры