Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Рэжысёр «Вольных Купалаўцаў» Аляксандр Гарцуеў: Тэатр жыве, пакуль жывуць людзі, якія яго ствараюць

14.07.2026 08:32
За пяць гадоў у эміграцыі «Вольныя Купалаўцы» стварылі дзясяткі пастановак, супрацоўнічалі з еўрапейскімі партнёрамі, правялі ў Варшаве ўласны тэатральны фестываль і працягваюць ставіць найперш сучасную беларускую драматургію.
    ()
Спектакль «Белы лебедзь» (ілюстрацыя)фота: Купалаўцы

Тэатр — гэта не толькі сцэна і будынак. Найперш гэта людзі: рэжысёры, акцёры, драматургі, якія здольныя ствараць мастацтва нават тады, калі страцілі свой дом. Менавіта так сёння жывуць і працуюць «Вольныя Купалаўцы» — незалежная беларуская тэатральная трупа, што паўстала пасля сыходу большасці калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў 2020 годзе.

Беларускі рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, адзін з найаўтарытэтнейшых дзеячаў нацыянальнага беларускага тэатра, далучыўся да іх пасля звальнення з пасады мастацкага кіраўніка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Сёння ён разам з калектывам працуе ў Польшчы, дзе тэатр існуе без уласнай сцэны, але не без уласнай місіі.

— Мы ўжо зразумелі, што ўласнага будынка ў нас, хутчэй за ўсё, не будзе. Былі такія ідэі, але яны аказаліся наіўнымі. Таму мы захавалі галоўнае — саму арганізацыю. Людзі працуюць у розных месцах, зарабляюць на жыццё, а калі знаходзіцца фінансаванне, збіраюцца разам, каб зрабіць новы спектакль, — кажа Гарцуеў.

За пяць гадоў у эміграцыі «Вольныя Купалаўцы» стварылі дзясяткі пастановак, супрацоўнічалі з еўрапейскімі партнёрамі, правялі ў Варшаве ўласны тэатральны фестываль і працягваюць ставіць найперш сучасную беларускую драматургію.

— Мы не працуем дзеля заробку. З тэатральнай працы ў эміграцыі не пражывеш. Нас збірае ідэя. Мы павінны жыць, гаварыць па-беларуску і рабіць беларускі тэатр. Гэта наш выбар і наша адказнасць, у пэўным сэнсе — місія, — падкрэслівае рэжысёр.

Праца ў новых умовах змяніла і сам падыход да творчасці. Калі раней на падрыхтоўку спектакля ішлі месяцы, цяпер каманда здольная зрабіць пастаноўку ўсяго за некалькі тыдняў.

— Я ніколі не думаў, што можна стварыць спектакль менш чым за месяц. Аказалася, можна. Галоўнае — усё дакладна падрыхтаваць і арганізаваць. Гэта стала для нас вялікай прафесійнай школай і доказам таго, што беларусы таксама ўмеюць працаваць вельмі хутка і эфектыўна, — адзначае творца.

Для «Вольных Купалаўцаў» тэатр сёння стаў не толькі мастацтвам, але і спосабам захаваць культурную памяць. Калектыў свядома працягвае традыцыю Купалаўскага тэатра, гісторыя якога для многіх яго ўдзельнікаў мае і асабістае вымярэнне.

— Мы адчуваем адказнасць перад гісторыяй Купалаўскага тэатра і перад тымі людзьмі, якія яго стваралі. Гэта не цяжар, а гонар. Мы не ведаем, ці вернемся калі-небудзь дадому, але хочам, каб наша праца засталася маленькай цаглінкай у будынку беларускай культуры, — гаворыць Аляксандр Гарцуеў.

Сёння «Вольныя Купалаўцы» працягваюць даказваць: сапраўдны тэатр жыве не ў сценах, а ў людзях, іх мове, памяці і адданасці роднай культуры.

Слухайце аўдыё!

эж

Фестываль Блізкі Усход амаль цалкам прысвечаны «Купалаўцам»

02.12.2025 15:36
Гэта сем дзён (8-14 снежня) выступаў, інтэнсіўных дыскусій і абмену вопытам для мастакоў, якія штодня працуюць у экстрэмальных абставінах.

«Калі пасадзіць усіх урагоў, хто ж рабіць будзе». Аляксандр Гарцуеў паставіў нуарны дэтэктыў пра жыццё сучаснага Мінска

26.06.2026 18:24
Яшчэ да прэм’еры ўсе квіткі былі раскупленыя ўсяго за некалькі дзён — нечаканы вынік нават для самой трупы.