Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Рубрыка «Варшаўскі мост». Невядомыя малюнкі Варшаўскага паўстання ўбачылі свет

23.07.2026 16:01
У Інстытуце салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага адкрыецца выстаўка малюнкаў Валер’яна Бялецкага.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". К.Кулык пра В.Бялецкага.
    .
Афіша выстаўкі работ Валер'яна Бялецкага.Instytut Solidarności i Męstwa im. Witolda Pileckiego / akwarela / malował Walerian Bielecki / ze zbiorów Muzeum Wojska w Białymstoku

28 ліпеня ў Варшаве, у Інстытуце салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага (Instytut Solidarności i Męstwa im. Witolda Pileckiego, ul. Sienna 82), адкрыецца выстаўка, на якой будуць прадстаўлены акварэлі і малюнкі падзей Варшаўскага паўстання супраць нямецкай акупацыі і пагрозы савецкай акупацыі, якое пачалося 1 жніўня 1944 года.

Аўтарам акварэлей і малюнкаў пра Варшаўскае паўстанне з’яўляецца Валер’ян Бялецкі (Walerian Bielecki). Гэтыя працы паходзяць з фондаў Музея войска ў Беластоку, а таксама з калекцыі сям’і мастака.

Бялецкі нарадзіўся ў 1912 годзе ў Санкт-Пецярбургу, памёр у 1969 годзе ў Беластоку.

Ён скончыў факультэт архітэктуры Варшаўскай політэхнікі. У верасні 1939 года як добраахвотнік удзельнічаў у абароне краіны, а падчас акупацыі і Варшаўскага паўстання ваяваў у шэрагах Арміі Краёвай пад псеўданімам «Інжынер Ян».

Падчас Варшаўскага паўстання ён змагаўся на Павіслі і ў Сьрудмесці ў складзе групоўкі Krybar. Менавіта ён спраектаваў знакаміты Kubuś — браніраваны аўтамабіль, які стаў адным з сімвалаў паўстання.

Пасля капітуляцыі паўстанцаў Бялецкі трапіў у нямецкі лагер для ваеннапалонных Stalag XI B Fallingbostel. У Польшчу вярнуўся ў 1945 годзе. Працаваў архітэктарам — удзельнічаў у аднаўленні Варшавы.

З 1949 года — у Беластоку. Як праекціроўшчык і галоўны архітэктар Беластоцкага ваяводства ён ствараў пасляваеннае архітэктурнае аблічча горада.

Экскурсію па выстаўцы акварэлей і малюнкаў Бялецкага, прысвечаных Варшаўскаму паўстанню, праводзіць яе куратар Караліна Кулык (Karolina Kulyk).

— Валер’ян Бялецкі вядомы перш за ўсё як праекціроўшчык браніраванага аўтамабіля паўстанцаў Kubuś. На выстаўцы можна таксама ўбачыць яго акварэль, на якой намаляваны бранявік разам са стваральнікамі гэтага аўтамабіля. Аднак мэта экспазіцыі — не толькі адлюстраваць рэаліі Варшаўскага паўстання. Мы таксама хочам звярнуць увагу на малюнкі і акварэлі як на асаблівыя формы гістарычнага дакумента. У адрозненне ад фатаграфій ці кінахронікі, яны паказваюць не толькі дакладны выгляд месц, але і тое, як аўтар іх успрымаў. Мы хацелі паказаць, як Валер’ян Бялецкі — салдат Арміі Краёвай — прайшоў праз Варшаўскае паўстанне, якім ён бачыў яго — сваімі вачыма.

Гэтыя малюнкі і акварэлі амаль 80 гадоў ляжалі ў шафах — сямейных і музейных.

— Я натрапіла на іх толькі два гады таму падчас падрыхтоўкі біяграфічнай выстаўкі Валер'яна Бялецкага ў беластоцкім музеі. Тады я адразу падумала, што гэтыя работы абавязкова трэба паказаць у Варшаве — горадзе, з якім мастак быў звязаны ў гады сваёй маладосці. Падрыхтоўка гэтай выстаўкі заняла два гады. Дзякуючы вялікай падтрымцы беластоцкага музея, а таксама сям’і мастака, удалося сабраць малюнкі і акварэлі з відамі паўстання. Сёння мы ўпершыню можам убачыць іх у Варшаве.


Караліна Кулык.
Фота: Viktar Korbut / Polskie Radio. Караліна Кулык. Фота: Viktar Korbut / Polskie Radio.

Нашы слухачы не могуць убачыць гэтыя акварэлі. Калі ласка, раскажыце, якія сцэны прыцягваюць увагу?

— Перш за ўсё кідаюцца ў вочы колеры — тое, якім бачыў паўстанне Валер’ян Бялецкі. Пасля яго задушэння ён трапіў у нямецкі лагер для ваеннапалонных, дзе, нягледзячы на няволю, працягваў тварыць. Сама гісторыя пра тое, як яму ўдалося здабыць фарбы і пэндзлі, незвычайная! Гэтыя акварэлі вельмі асабістыя. На некаторых з іх можна ўбачыць жонку мастака. Іх тэматыка вельмі разнастайная — ад ваенных сцэн да штодзённага жыцця жыхароў Варшавы, якая змагалася. На гэтых працах відаць, з якімі цяжкасцямі сутыкалася цывільнае насельніцтва — з недахопам вады, харчавання і электраэнергіі, а таксама з пастаяннымі пагрозамі з боку акупантаў.

Пра Варшаўскае паўстанне мы, здавалася б, ужо ведаем многа. Але што дзякуючы акварэлям Бялецкага мы адкрываем для сябе пра гэтую падзею — чаго раней не заўважалі?

— Я выхоўвалася на чорна-белых фотаздымках Варшаўскага паўстання, таму знаёмства з гэтымі акварэлямі стала для мяне незвычайным вопытам. Што асабліва цікава, Бялецкі ваяваў на Павіслі. Мая сям’я паходзіць з Павісля, а мой дзядуля ваяваў як на Павіслі, так і ў Сьрудмесці. На жаль, ён вельмі рана памёр, і мне не ўдалося даведацца пра падрабязнасці паўстання ад яго. Таму ў пэўным сэнсе я адкрываю гэтыя падзеі разам з Валер'янам Бялецкім. А адна з незвычайных памятных рэчаў, якую мы атрымалі для выстаўкі ад сям’і мастака, — гэта падсвечнік, зроблены з аскепкаў снарада. Менавіта ў ім кожнага 1 жніўня запальвалі сімвалічную свечку — як знак памяці пра Варшаўскае паўстанне і яго ўдзельнікаў.

Менавіта з такіх дэталей складаецца гісторыя. Выстаўка малюнкаў Валер’яна Бялецкага будзе адкрыта да 10 кастрычніка.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Варшаўскі мост». Вітальд Пілецкі: герой з-пад Ліды ў Аўшвіцы і Варшаве

04.06.2026 16:01
Інстытут салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага дбае пра гістарычную памяць.