Стыпендыяльная праграма Нацыянальнага цэнтра культуры Польшчы Gaude Polonia, якая ўжо чвэрць стагоддзя падтрымлівае маладых творцаў і даследчыкаў з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, стала неад'емнай часткай культурнага дыялогу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Сёлета яе стыпендыятамі сталі 48 чалавек, у тым ліку 17 прадстаўнікоў Беларусі — гэта другая па колькасці нацыянальная група пасля ўкраінцаў.
Сімвалічнай падзеяй сёлетняй цырымоніі ўручэння дыпломаў стала ўзнагароджанне адной з заснавальніц праграмы і яе шматгадовай кіраўніцы Багумілы Бердыхоўскай Залатым медалём «Gloria Artis — Заслужаны дзеяч культуры».
Багуміла Бердыхоўская
— Спадарыня доктар, што для вас азначае гэтая дзяржаўная ўзнагарода?
— Перш за ўсё, гэта была надзвычай прыемная нечаканасць, бо ніхто загадзя не папярэдзіў мяне пра гэтае ўзнагароджанне. Па-другое, мне ўсё ж здаецца, што я не да канца заслужыла такую высокую адзнаку. І, нарэшце, асабліва сімвалічна, што гэта адбылося менавіта цяпер. Калі б усё было спакойна, была іншая атмасфера ў грамадстве, як яшчэ два гады таму, гэтая ўзнагарода, магчыма, не мела б такога значэння. Але сёння, калі існуюць цяжкасці ў адносінах з Украінай, напружанне і шматлікія выклікі, яна ўспрымаецца зусім інакш.
— Менавіта ва ўмовах гэтага напружання асабліва бачна, што ёсць людзі, зацікаўленыя ў тым, каб разбураць масты паміж культурамі і народамі, якія Вы ўжо дзесяцігоддзямі дапамагаеце будаваць. Якое месца займае праграма Gaude Polonia менавіта ў працэсе наладжвання гэтых мастоў пасля 25 гадоў існавання?
— Спадзяюся, што сёння гэта ўжо важная з'ява не толькі для польскай культуры, але і для беларускай ды ўкраінскай. Хоць стыпендыі атрымлівалі таксама творцы з Казахстана, Грузіі, Арменіі, Паўночнай Македоніі, Балгарыі, Сербіі, а ў мінулым — і Расіі, галоўнымі ўдзельнікамі праграмы з самага пачатку былі Беларусь і Украіна. Гэта замацавана нават у яе статуце.
За дваццаць пяць гадоў праграма стала значным элементам культурнай прасторы. Але каб яна стала такой, якой мы ведаем яе сёння, спатрэбіўся час. Калі мы толькі пачыналі, усё было значна складаней.
Асобна хачу падкрэсліць выключную ролю міністра культуры Вальдэмара Дамброўскага ў стварэнні гэтай праграмы. Да яго многія міністры культуры разумелі неабходнасць міжнароднай стыпендыяльнай праграмы такога кшталту, але пасля кансультацый з юрыстамі чулі адказ, што гэта немагчыма. Дамброўскі проста прыняў палітычнае рашэнне і запусціў праект.
Вялікая каштоўнасць Gaude Polonia яшчэ і ў тым, што за ўсе гэтыя гады ў Польшчы неаднаразова змяняліся ўрады, міністры культуры мелі самыя розныя палітычныя погляды — правыя, левыя, ліберальныя, — але ніхто не паставіў пад сумнеў неабходнасць існавання праграмы.
Яна мае некалькі вымярэнняў. Па-першае, пасля геапалітычных змен паўстала патрэба не дапусціць культурнага аддалення паміж Польшчай і яе ўсходнімі суседзямі. Праграма павінна была кампенсаваць гэты дэфіцыт узаемнай прысутнасці культур.
Па-другое, яна дапамагае будаваць супольнасць Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Нас многае адрознівае, але мы таксама маем вялікую агульную культурную спадчыну. Можна доўга спрачацца, кім лічыць Манюшку ці Агінскага — польскімі ці беларускімі творцамі. Насамрэч гэта наша супольная спадчына. Ад гэтага ніхто нічога не губляе — наадварот, агульная культурная памяць толькі ўзбагачае ўсіх.
І трэцяе. Калі праграма стваралася, яна была адказам на цяжкае эканамічнае становішча нашых суседзяў. Сёння гэты аспект зноў набыў асаблівую актуальнасць — ужо праз палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і вайну ва Украіне.
Трэба сказаць, што звычайны паляк не заўсёды ўсведамляе маштаб і працягласць беларускіх рэпрэсій. Многія нібыта спыніліся ў сваім успрыманні на падзеях 2020–21 гадоў, хаця арышты, знішчэнне беларускіх незалежных выдавецтваў і іншыя формы пераследу працягваюцца і цяпер. Ва Украіне ж усё яшчэ больш відавочна: калі ідзе вайна, змяняецца літаральна ўсё.
— Калі не памыляюся, за чвэрць стагоддзя праграма падтрымала ўжо 1058 стыпендыяльных творчых і даследчых праектаў у сферы культуры. Як за гэтыя гады змяніўся профіль праектаў? Пытаюся таму, што Беларусь і Украіна сёння выглядаюць зусім інакш, чым дзесяць, пятнаццаць ці нават пяць гадоў таму.
— Гэта сапраўды цікава. Калі на пачатку пераважалі індывідуальныя праекты — калі канкрэтны творца працаваў над уласным даследаваннем ці мастацкай задумай, — то з цягам часу ўсё большую ролю пачалі адыгрываць праекты ў сферы культурных індустрый. Найперш гэта датычыцца тэатра і кіно.
Раней такога амаль не было. Цяпер жа, як можна было заўважыць і падчас сёлетняй урачыстасці Gaude Polonia, сярод стыпендыятаў вельмі шмат прадстаўнікоў тэатральнага і кінамастацтва.
Гэтыя змены часткова сталі вынікам развіцця самой праграмы, але ў значнай ступені іх абумовілі палітычныя падзеі. Рэпрэсіі ў Беларусі і вайна ва Украіне прымусілі многія творчыя калектывы працягваць працу ўжо ў эміграцыі. У Беларусі гэта перадусім «Купалаўцы», але не толькі яны. Ва Украіне пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе ў Польшчу выехала вялікая колькасць дзеячаў тэатра і кіно, асабліва з усходніх рэгіёнаў краіны. Таму сёння кірунак культурных індустрый у праграме прадстаўлены значна шырэй, чым раней.
— І яшчэ адно пытанне напрыканцы нашай размовы. Ці можна сказаць, што ідэя Ежы Гедройца, якую часта сцісла абазначаюць як канцэпцыю ULB — пра патрэбу Польшчы ў незалежных, дэмакратычных і моцных Украіны, Літвы і Беларусі, — якая, дарэчы знаходзіць працяг у праграме Gaude Polonia, ці застаецца гэтая спадчына актуальнай у сучаснай Польшчы? Ці ідэі Гедройца цяпер запатрабаваныя сярод палякаў?
— Думаю, адказ будзе неадназначным. Калі казаць пра шырокую грамадскую дыскусію, то, хутчэй, не. З розных прычын значная частка польскага грамадства сёння ставіцца да гэтай канцэпцыі значна больш стрымана. Аднак у культурным асяроддзі я не бачу істотных змен. Беларускія і ўкраінскія творцы па-ранейшаму выклікаюць вялікую цікавасць, а часам і шчырае захапленне. Мне не даводзілася сустракаць у свеце культуры адкрытага непрыняцця ці варожасці да іх.
Таму сітуацыя выглядае даволі супярэчліва. З аднаго боку, у шырэйшым грамадстве сапраўды назіраецца пэўны адыход ад гэтай канцэпцыі. Прычын таму шмат, але зараз важны сам факт. З другога боку, культурнае асяроддзе па-ранейшаму адкрытае да супрацоўніцтва і цікавіцца беларускай і ўкраінскай культурай.
Пра гэта сведчыць хаця б тое, што не змяншаецца колькасць перакладаў з беларускай і ўкраінскай моў, не скарачаецца колькасць выданняў беларускай і ўкраінскай літаратуры ў Польшчы. Значыць, існуе чытач, існуе попыт.
Тое самае можна сказаць і пра тэатр, і пра кіно (асабліва гэта датычыць Украіны). У апошнія гады з'явілася шмат сапраўды моцных фільмаў, якія цікавыя не толькі таму, што яны ўкраінскія, а перадусім дзякуючы сваёй мастацкай якасці.
Напрыклад, «Памфір» Дзмітра Сухаліцкага-Сабчука — гэта выдатнае кіно. Так, у ім прысутнічаюць букавінскі кантэкст, украінская рэальнасць, праблемы карупцыі і іншыя характэрныя тэмы. Але галоўнае — гэта моцная і выразная кінематаграфічная мова, дасканалыя візуальныя рашэнні, гук і тое, як рэжысёр выбудоўвае ўсю гісторыю.
— Такім чынам, 25 гадоў праграмы Gaude Polonia — гэта толькі пачатак?
— 25 гадоў — гэта ўжо вельмі значны шлях. Але я вельмі спадзяюся, што праграма будзе працягвацца і ў будучыні.
Слухайце аўдыё!
Эдуард Жолуд