Усё гэта прымушае яго прыстасоўвацца да новай рэальнасці і шукаць спосабы выжывання, гаворыць рэжысёрка Валянціна Мароз, з якой размаўляе Павел Залескі.
— Спадарыня Валянціна, мы толькі што паглядзелі перфарматыўнае чытанне п'есы «Кураж», падрыхтаванае вамі і вашай камандай творчых людзей. Яно натхнёнае аднайменнай вядомай п'есай Бертольта Брэхта «Мамаша Кураж і яе дзеці», але перанесенае ў сучасную рэальнасць беларускай міграцыі. Ваша галоўная гераіня таксама завецца Мамаша Кураж. Як з'явілася такая ідэя?
— Летась у Вільні адбывалася драматургічная лабараторыя, якая праходзіла ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Мы з Мікітам Ільінчыкам вялі групу дзяўчат і для працы выбралі п'есу «Мамаша Кураж і яе дзеці» Бертольта Брэхта. Напрыканцы заняткаў тры дзяўчыны з гэтай групы напісалі такі тэкст — гэта погляд маладых людзей на тое, што з намі адбываецца. Тэкст атрымаўся сатырычным, і ўпершыню беларусы не плачуць над сваімі праблемамі, а смяюцца з іх. Мне такі падыход вельмі спадабаўся.
— Але чаму менавіта Брэхт і чаму менавіта «Мамаша Кураж і яе дзеці»?
— Гэта вельмі актуальны тэкст. Ён пра вайну, пра лёс чалавека, пра жанчыну на вайне, пра пакуты. Яна ўсё страціла ў сваім жыцці і ў выніку страціла сябе. Яна ўвесь час вымушаная прыстасоўвацца, каб выжыць...
— Але ў Брэхта гэта насамрэч трагедыя, а ў вас атрымалася нешта падобнае да камедыі...
— Так, у нас гэта выглядае гратэскна — так атрымалася. І мне гэта вельмі падабаецца, бо ў нас вельмі шмат трагічных гісторый, а тут — сатыра і самаіронія.
— А сама тэма — эміграцыя — таму, што ўжо хутка шэсць гадоў, як беларусы выехалі, ці гэта проста не адпускае?
— Так, мы гэтым жывём, бо знаходзімся ў эміграцыі, і ўсе гэтыя выклікі і праблемы — з намі, яны нікуды не падзеліся за гэты час. Мне падаецца, што гэта яшчэ надоўга.
— Вы сказалі, што п'есу пісалі тры аўтаркі і, маўляў, гэта погляд маладых людзей на праблему.
— Так, гэта погляд маладых. Гэта пра праблемы, з якімі яны таксама сутыкаюцца. Яны пісалі п'есу, а мы кіравалі працэсам: увесь час былі анлайн, дыскутавалі, раіліся.
— Цікава, што вы паглядзелі на праблемы эміграцыі праз гратэск і гумар. Але калі ў жыцці сутыкаешся з гэтымі праблемамі, то зусім не да гратэску і гумару.
— Думаю, што сама праблема далёка не смешная. Але ў п'есе, на мой погляд, усё роўна прысутнічае вельмі балючае адчуванне. І калі я прачытала сваёй камандзе гэты тэкст, то ўсе падтрымалі ідэю зрабіць перфарматыўнае чытанне.
— Дарэчы, раскажыце трошкі пра сваю каманду, бо яны, на мой погляд, вельмі таленавіта прадставілі гэты матэрыял.
— Гэта тэатральныя майстэрні, якія паўсталі два гады таму. Вось гэта мая група, але ёсць яшчэ некалькі, якія таксама актыўна займаюцца.
— А хто ўдзельнікі вашай групы?
— Так атрымалася, што пераважна беларусы. І вось да нас далучылася адна дзяўчына з Грузіі. Праўда, яна польскага паходжання, вучыцца ў Польшчы. Яна вельмі арганічна далучылася да нас, размаўляе па-беларуску, у яе шмат сяброў-беларусаў. Яна адразу сказала нам, каб мы не турбаваліся: маўляў, усё будзе добра, у яе ўсё атрымаецца.
— Акрамя гэтай п'есы вы ўжо нешта паказвалі?
— Летась мы прадставілі адну п'есу, і гэта таксама быў публічны паказ. Выступалі на фестывалі «Другая проба».
— Дарэчы, публіка вельмі жыва адрэагавала на ваша перфарматыўнае чытанне. Ці ёсць у планах паставіць паўнавартасны спектакль?
— Мне здаецца, што гэты тэкст не варта ператвараць у спектакль, бо ёсць тэксты, якія могуць жыць менавіта ў такой форме. І «Кураж» — якраз такі тэкст. Перфарматыўнае чытанне можа быць самадастатковай формай узаемадзеяння з ім. Тут не патрэбны спектакль. Гэта і ёсць тая самая форма, якая найбольш адпавядае гэтаму тэксту.
— Я так разумею, што гэта былі не першыя чытанні. Ці атрымалі вы задавальненне ад сённяшняга паказу?
— Гэта было другое чытанне. Першае прайшло ў Літве. Але там было так званае голае чытанне — без касцюмаў, мізансцэн і рэквізіту. Тое, што я сёння пабачыла, мне вельмі падабаецца. І мне падаецца, што варта было б яшчэ раз паказаць гэта гледачам.
— Спадарыня Валянціна, якія планы на будучыню ў вашага калектыву?
— Пакуль што гэты сезон мы ўжо завяршаем. А магчыма, у лістападзе ці нават крыху раней возьмемся за акцёрскія эцюды, якія ўдзельнікі рабілі раней. Іх шмат, яны вельмі цікавыя. Думаю, сабраць іх у невялікі спектакль і паказаць публіцы.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыёфайл