Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Рубрыка «Варшаўскі мост». Як выйсці з ценю Крамля?

06.08.2026 16:01
Прафесар Хэнрык Глэмбоцкі тлумачыць, як гісторыя Расійскай імперыі дапамагае зразумець сённяшнюю палітыку Масквы і ўлад Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Х.Глэмбоцкі пра карані расійскага імперыялізму.
   .
Красная плошча ў Маскве.pixabay.com

Расійская агрэсія супраць Украіны, пагрозы ў адрас Польшчы і Беларусі, імперская рыторыка Крамля — усё гэта мае глыбокія гістарычныя карані.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя землі Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку тэрыторыя сучаснай Беларусі, апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Да Расіі была далучана і частка былога Польскага каралеўства, у тым ліку ўкраінскія землі. Таму гісторыя расійскага імперыялізму з'яўляецца важнай для разумення працэсаў, якія адбываюцца сёння ва Усходняй Еўропе.

Пра гэта мы размаўляем з польскім гісторыкам прафесарам Хэнрыкам Глэмбоцкім (Henryk Głębocki), аўтарам кнігі Fatalna sprawa. Kwestia polska w rosyjskiej myśli, propagandzie i debatach politycznych epoki Wielkich Reform (1856–1866) («Фатальная справа. Польскае пытанне ў расійскай палітычнай думцы, прапагандзе і палітычных дэбатах эпохі Вялікіх рэформ (1856–1866 гг.)»). Гэта даследаванне было перавыдадзена выдавецтвам Arcana ў 2023 годзе і з моманту першай публікацыі ў 2000 годзе застаецца адной з найбольш значных прац, прысвечаных польска-расійскім адносінам. У беларускім кантэксце важна тое, што польскае пытанне існавала і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе мясцовыя эліты мелі шматузроўневую ідэнтычнасць — польска-літоўска-беларускую.

Гаворачы пра спадчыну расійскага імперыялізму савецкага перыяду, важна згадаць пра выдадзены сёлета ў выдавецтве Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы зборнік матэрыялаў канферэнцыі Koniec imperium (?). Imperium sowieckie: rozpad, dziedzictwo, próby odbudowy i rewanżu po 1991 r. («Канец імперыі (?). Савецкая імперыя: распад, спадчына, спробы аднаўлення і рэваншу пасля 1991 года»), адным з удзельнікаў якой быў прафесар Глэмбоцкі. Аўтары зборніка аналізуюць вытокі расійскага неаімперыялізму, палітыку Масквы ў дачыненні да Беларусі, Украіны і іншых краін постсавецкай прасторы, крыніцы расійскай імперскай настальгіі.

Хэнрык Глэмбоцкі бачыць у сучаснай імперскай ідэалогіі Расіі змяшэнне самых розных элементаў з розных традыцый — царскай, савецкай і пуцінскай.

— Тое, што аб’ядноўвае гэтыя розныя традыцыі, — гэта традыцыя ўласнай сілы, звязаная менавіта з царскай імперыяй. Але ў якасці аб’екта культу было выбрана тое, што храналагічна з’яўляецца найбліжэйшым і закранула амаль кожную расійскую сям’ю. Гэта памяць пра ахвяры Другой сусветнай вайны і пра вялікі поспех — перамогу над іншай імперыяй, нацысцкай Германіяй.

Цікава тое, што сучасныя прарасійскія ўлады Беларусі выкарыстоўваюць для ўласнай ідэнтычнасці тыя ж ідэі, што і ў Расіі, — культ г. зв. Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа. Хэнрык Глэмбоцкі расказвае, як і чаму гэта адбываецца ў Расіі.

— Пуцінская сістэма, як мне здаецца, цалкам лагічным чынам і свядома на працягу многіх гадоў нібыта «заражала» ўласнае грамадства і будавала свой аўтарытэт на ўзмацненні негатыўных эмоцый. На першым этапе многім уважлівым назіральнікам здавалася, што стварэнне пачуцця гонару за былую савецкую імперыю і за перамогу ў Другой сусветнай вайне служыць толькі адной мэце — прадухіліць магчымы сацыяльны бунт пасля захопу тымі, хто знаходзіўся пры ўладзе, нацыянальных багаццяў. У сітуацыі, калі гэтая краіна не з’яўляецца дэмакратычнай, неабходна было нейкім чынам легітымізаваць уладу і маёмасць, атрыманую ў выніку прыватызацыі. Гэта былі першыя дзесяцігоддзі кіравання Уладзіміра Пуціна. Але з 2014 года мы вельмі выразна бачым пераход да другога этапу — да рэалізацыі таго, што, праўдападобна, свет не зусім усведамляў: людзі, якія сёння кіруюць Расіяй і паходзяць з асяроддзя КДБ, успрынялі сябе ў ролі своеасаблівых месіяў, задача якіх — «выраўнаваць гістарычныя рахункі», гэта значыць ажыццявіць гістарычны рэванш, адпомсціць за паражэнне ў халоднай вайне. Большасць з гэтых людзей у свой час служыла ў КДБ на невысокіх пасадах і ўдзельнічала ў розных аперацыях таго гістарычнага перыяду.

Адзін з айцоў КДБ СССР і Беларусі, а таксама ФСБ Расіі Фелікс Дзяржынскі быў палякам з Літвы, або ў сучасных граніцах — з Беларусі. Ён спачатку змагаўся супраць Расійскай імперыі, але пасля прыходу да ўлады ў гэтай імперыі фактычна пачаў яе аднаўляць. Гэта значыць, ён атаясаміў сябе з інтарэсамі краіны, якую яшчэ ўчора імкнуўся знішчыць як польскі патрыёт.

Прафесар Хэнрык Глэмбоцкі тлумачыць, чаму для пуцінскай Расіі, як і для папярэдніх рэжымаў, так важна ўтрымаць Беларусь, як і Украіну, у сферы свайго ўплыву, а яшчэ лепш — уключыць іх у склад Расіі.

—  Дастаткова сказаць, што вайна за Украіну і роля Украіны ў гісторыі маскоўскай, а пазней расійскай дзяржавы маюць фундаментальнае значэнне. Гэта звязана з яе эканамічным патэнцыялам, а таксама з чалавечымі рэсурсамі, якія заўсёды разглядаліся як важная частка шырокага разумення «рускасці». Я маю на ўвазе канцэпцыю, якая сёння зноў вярнулася ў прапагандысцкай форме, — ідэю «трыадзінага рускага народа». Гэты тэзіс сфармуляваны ў XIX стагоддзі і афіцыйна аформлены як расійская дзяржаўная дактрына ў часы імператара Мікалая I. Яна сцвярджала, што не існуе асобных народаў — беларусаў і ўкраінцаў, а ёсць адзін вялікі рускі народ, унутры якога існуюць толькі пэўныя этнічныя адрозненні. Роля ўкраінскага і беларускага народаў, блізкіх да Расіі этнічна і культурна, а таксама звязаных агульнай праваслаўнай традыцыяй, для расійскага бачання ўласнага патэнцыялу заўсёды была вельмі значнай. Яшчэ адзін важны элемент — геапалітыка: кантроль над пэўнымі стратэгічнымі тэрыторыямі, якія даюць выхад да незамярзаючых мораў, такіх як Чорнае мора ці Балтыйскае мора. Таму расійскі патэнцыял з самага пачатку, з улікам імперскага характару гэтай дзяржавы, ствараўся менавіта за кошт пашырэння ўскраін. Страта такіх перыферыйных тэрыторый, а асабліва такой важнай з гістарычнага пункту гледжання, як Украіна, — з-за яе значэння для ідэнтычнасці, эканамічных і чалавечых рэсурсаў — выклікала ў расійскіх эліт велізарную трывогу. Менавіта ў гэтым заключаецца сапраўдны кантэкст цяперашняга этапу барацьбы за аднаўленне імперыі ваеннымі метадамі. Варта напомніць, што раней Расія не адмаўлялася ад свайго імперскага статусу, але не звярталася да такіх спосабаў яго аднаўлення. Так было яшчэ ў 1990-я гады і нават у першыя тэрміны кіравання цяперашняга гаспадара Крамля Уладзіміра Пуціна.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Рубрыка «Варшаўскі мост». 120 год таму ў Мінску нарадзіўся Ежы Гедройць

09.07.2026 16:01
Сенат Рэспублікі Польшча абвясціў 2026-ы Годам Ежы Гедройця.