У гэтым годзе за галоўны прыз «Залатыя львы» змагаюцца 16 фільмаў, а восем стужак будуць паказаны ў катэгорыі «Перспектывы».
Мастацкі дырэктар фестывалю Яанна Лапіньска падкрэсліла, што сёлетняе святкаванне польскага кіно мае некалькі важных мэтаў.
— Сёння мы адкрываем другую палову стагоддзя фестывалю. Гэта добры момант, каб прагучалі словы, якія шмат важаць. Слова пра сілу культуры, але і пра адказнасць культуры, важнай заўсёды, а ў неспакойныя часы нават самай істотнай. Давайце пра гэта думаць, калі будзем глядзець новае польскае кіно і класіку, якія ёсць у праграме.
На цырымоніі адкрыцця фестывалю адбыўся паказ новага фільма Яна Халоўбка «Дзікі, дзікі Усход», які быў адабраны ў асноўны конкурс і змагаецца за галоўную ўзнагароду «Залаты Леў».
Рэжысёр Ян Халоўбэк з актрысамі Яанна Куліг (злева) і Магдалена Ружчка
Дзеянне фільма «Дзікі, дзікі Усход» адбываецца ў невялікім мястэчку на ўсходзе Польшчы ў 1943 годзе, неўзабаве пасля таго, як немцы дэпартавалі яўрэяў у лагер смерці. Галоўныя героі старанна ахоўваюць свае сакрэты, асабліва калі ў горад прыбывае таямнічы нямецкі чыноўнік. Акрамя таго, атмасферу накаляюць чуткі пра золата, схаванае адным з яўрэяў.
Ян Халоўбек тлумачыць, што, распавядаючы пра трагедыю еўрапейскіх яўрэяў, ён звяртаецца да сучаснасці.
— Для мяне гэты фільм пра тое, як гісторыя можа паўтарацца, калі некаторыя народы ці нацыянальнасці ўцягваюцца ў спіраль нянавісці адных да другіх. Гэтым фільмам я хачу ўдарыць па сталу і сказаць, што мы зноў у небяспечным для нас еўрапейцаў моманце гісторыі. Моманце падзелу Еўропы пад знакам лакальных нацыяналізмаў. Што гэта незвычайна небяспечна не толькі для нашай краіны, але і для ўсёй Еўропы.
Акрамя паказаў, на фестывалі праходзяць сустрэчы з рэжысёрамі, канцэрты і пазаконкурсныя секцыі, у тым ліку «Mistrzowska piątka» — пяць рэжысёраў абмяркуюць польскія фільмы, якія маюць для іх асаблівае значэнне; «Polonica» — паказ замежных фільмаў, знятых з удзелам польскіх рэжысёраў.
З праграмай паказаў і суправаджальных мерапрыемстваў можна азнаёміцца на сайце festivalgdynia.pl.
ав