Алесь Чумакоў — выбітны беларускі музыка, мультыінструменталіст — грае, між іншым, на гуслях, ліры, мандаліне і дудзе ды шматгадовы вакаліст легендарнага гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса». Аднак, калі абмежавацца толькі гэткай характарыстыкай, вобраз гэтай асобы быў бы няпоўны.
Музыка правёў 290 дзён у калоніі. Якая была прычына прысуду? Хоць гэта гучыць неверагодна — музыка. Рэжым асудзіў яго на 2 гады зняволення за... ігру на сярэднявечных беларускіх інструментах. На шчасце, Алесь адседзеў не ўвесь тэрмін. На мінулым тыдні яго вызвалілі і выдалілі з краіны ў Літву, а цяпер ён знаходзіцца ў Польшчы.
Алесь Чумакоў: Я сядзеў за беларускую народную музыку, запісаную ў альбом на беларускіх народных інструментах. Гэта неверагодна, па-оруэлаўску. Проста нейкі сюр: у Беларусі могуць пасадзіць за альбом беларускай народнай музыкі на беларускіх народных інструментах. Фантастыка.
Гэта ёсць у судовых дакументах. Там прыцягнутыя нейкія неіснуючыя арганізацыі ці арганізацыі, пра дзейнасць якіх я дакладна не ведаю. Там згаданая, канешне, у маёй справе Беларуская рада культуры. Афіцыйна мяне абвінавацілі ў тым, што я чалец Беларускай рады культуры, кім я, канешне ж, не з’яўляюся.
На судзе мы слухалі мой альбом. Гэта было як сонца з-за аблокаў сярод усяго гэтага гвалту. Не бачыш белага свету там, у чатырох сценах, і тут можна было паслухаць свой альбом. Так што нешта прыемнае на судзе ўсё ж было.
Яраслаў Іванюк (з сарказмам): Зафанацелі крыху тыя, хто слухаў?
Алесь Чумакоў: Я не зразумеў. Увогуле музыка там, у тых умовах, — яна таксама сродак катавання. Калі музыка гучыць з радыёкропак, калі музыка гучыць па тэлевізары — гэта той жа самы плэй-ліст, некалькі трэкаў, якія ідуць па коле. Штодня яны паўтараюцца. І беларускія журналісты, якія засталіся ў Беларусі, музычныя рэдактары праграм — яны таксама саўдзельнікі гэтага катавання. Гэта катастрофа.
Яраслаў Іванюк