17 верасня 1939 года Чырвоная Армія ўварвалася на тэрыторыю Польшчы. Той верасень паклаў канец «даваеннай» Польшчы. Пасля Другой сусветнай вайны яна стала іншай. Іншымі сталі і яе суседзі. Але ў Расіі дагэтуль лічаць гэтае ўварванне «вызваленчым паходам». Гэтую версію падтрымліваюць і ў Беларусі, дзе 17 верасня абвешчаны Днём народнага адзінства.
Працэс далучэння тэрыторый даваеннай Польшчы, у тым ліку населеных беларусамі, да СССР пачаўся яшчэ ў жніўні 1939 года — падчас заключэння паміж Германіяй і СССР пакта аб ненападзе. Завяршыўся ён у 1945 годзе — прызнаннем залежным ад Крамля ўрадам Польшчы новых граніц з СССР, у тым ліку з Беларускай ССР.
У 1939 годзе Крэмль прыкрываў сваю агрэсію клопатам пра «вызваленне» ад «ярма» «панскай», «буржуазна-памешчыцкай» Польшчы «Заходняй Беларусі» і «Заходняй Украіны». Зрэшты, «вызваленыя» тэрыторыі паводле моўнага і нацыянальнага складу насельніцтва былі таксама літоўскімі, яўрэйскімі, польскімі — у залежнасці ад рэгіёна. Але прапаганда пра гэта маўчала.
Нешта падобнае Крэмль разыгрывае і цяпер — на акупіраваных тэрыторыях Украіны, у Крыме і Данбасе: Расія выступае ў ролі «вызваліцелькі» «рускамоўнага насельніцтва».
У 1939 годзе афіцыйная Масква «клапацілася» пра «ўз'яднанне» Беларусі і Украіны, а цяпер ставіць пад сумненне існаванне такіх краін і народаў. І ўжо гэта робіць палітыку Крамля цынічнай.
Пра гістарычныя факты і іх сучасную інтэрпрэтацыю расійскай прапагандай і рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі гаварылі падчас дыскусіі ў Інстытуце салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага «Ілжывы вобраз «вызвалення» (Fałszywy obraz „wyzwolenia“). У прыватнасці, свае погляды прадставілі Мар'я Даманьска (Maria Domańska), былы дыпламат, аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў, і гісторыкі Анджэй Завістоўскі (Andrzej Zawistowski) і Дам’ян Маркоўскі (Damian Markowski) з Інстытута імя Пілецкага.
Мар'я Даманьска падзялілася сваім аналізам зместу расійскага падручніка для старшакласнікаў, адным з рэдактараў якога з'яўляецца блізкі да Пуціна ураджэнец Украіны з рускімі нацыяналістычнымі поглядамі Уладзімір Мядзінскі.
— Акрамя таго, што гэты падручнік шмат у чым паўтарае савецкія наратывы, у ім раздзелы, прысвечаныя 17 верасня, Катынскаму злачынству і рэпрэсіям супраць Польшчы, пададзены значна больш аднабакова, чым у іншым падручніку, які выйшаў у 2023 годзе пад рэдакцыяй Мядзінскага, але быў напісаны трыма аўтарамі. У тым падручніку мова больш стрыманая і аб'ектыўная, без такой эмацыйнай напружанасці. Зараз прывяду некалькі прыкладаў таго, як у найноўшым падручніку прадстаўлены перыяд вакол 17 верасня. Тут ёсць табліца з найважнейшымі датамі і падзеямі. Што мы там бачым? 1934 год — польска-германскае пагадненне аб ненападзе, якое фактычна падаецца як «пакт Гітлера — Пілсудскага». Затым, 23 жніўня 1939 года, — савецка-германскі пакт аб ненападзе. Менавіта такая фармулёўка і выкарыстоўваецца. А 1938 год прадстаўлены як «Мюнхенская змова». Менавіта Мюнхенская змова, а зусім не пакт Молатава — Рыбентропа, у падручніку падаецца як фактычная прычына Другой сусветнай вайны. У падручніку таксама гаворыцца пра тое, што Савецкі Саюз апошнім сярод дзяржаў заключыў з Гітлерам пакт аб ненападзе. Пры гэтым ужо некалькі гадоў расійская прапаганда прасоўвае тэзіс пра тое, што пакты аб ненападзе, якія еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку Польшча, заключалі з Германіяй, таксама маглі ўтрымліваць тайныя дамоўленасці, падобныя да тых, якія прадугледжваў пакт Молатава — Рыбентропа. Далей звернем увагу на мову, якой у падручніку апісваюцца гэтыя падзеі. «Заходняя Украіна» і «Заходняя Беларусь», як гаворыцца ў падручніку, знаходзіліся «пад уладай Польшчы», што стварае недвухсэнсоўнае ўражанне пра «незаконнасць» гэтага польскага панавання. Бесарабія (цяпер Малдова. — Рэд.), якая пасля была занятая Савецкім Саюзам, называецца акупіраванай Румыніяй. Далей, вядома, паўтараецца сцвярджэнне пра тое, што польскай дзяржавы нібыта ўжо не існавала ў той момант, калі савецкія войскі перайшлі польскую граніцу. Затым гаворыцца, што жыхары «Заходняй Беларусі» і «Заходняй Украіны» сустракалі савецкія войскі як «вызваліцеляў», а ажыццёўленыя анексіі (усходніх тэрыторый даваеннай Польшчы. — Рэд.) падаюцца як «уз'яднанне» раней «страчаных» зямель.
Анджэй Завістоўскі падзяліўся сваімі назіраннямі за тым, што адбываецца ў інфармацыйнай прасторы Расіі, а таксама Беларусі вакол даты 17 верасня 1939 года.
— Савецкая агрэсія з'яўляецца ўстойлівым элементам дэзінфармацыі Савецкага Саюза і Расійскай Федэрацыі. Апошнім часам я вельмі часта нагадваю пра тое, што, калі мы гаворым пра непасрэдную спадчыну Савецкага Саюза, трэба памятаць: на яе непасрэдна абапіраюцца дзве дзяржавы — Расія і Беларусь. У краінах Цэнтральнай Азіі сітуацыя выглядае трохі інакш, а ў краінах Балтыі — зусім па-іншаму. Але менавіта названыя дзве краіны непасрэдна звяртаюцца да савецкай традыцыі і савецкай спадчыны. Мы, вядома, у першую чаргу глядзім на Расію. Аднак Расія — гэта суцэльная вялікая геапалітыка. Для яе гэты наратыў таксама з'яўляецца пытаннем вялікай геапалітыкі. Тут я толькі ў двух словах звярнуся да вельмі цікавага выступлення пані Даманьскай. Пачнём з таго, што расіяне пастаянна спрабуюць пераканаць кітайцаў перанесці дату пачатку Другой сусветнай вайны на 1938 год ці нават яшчэ раней. Чаму? Таму што ў такім выпадку Мюнхенская змова становіцца ключом да пачатку вайны ў Еўропе, а не пакт Молатава — Рыбентропа. А Мюнхенская змова, калі выкарыстоўваць гэтае вызначэнне, прадугледжвае і пэўную ролю Польшчы — аж да таго, што Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін. — Рэд.) называе яе «гіенай Еўропы». Зрэшты, не ён прыдумаў гэтае выказванне: яно паходзіць ад Чэрчыля, які неаднаразова яго выкарыстоўваў. І сапраўды ў сучасным расійскім наратыве сюжэт пра 1938 год, у прыватнасці пра падзеі ў Заольззі, прысутнічае часцей, чым сюжэт пра Катынь.
Пасля Мюнхенскага пагаднення з Гітлерам і аслаблення Чэхаславакіі польскія войскі занялі Заольззе — спрэчную памежную тэрыторыю Чэхаславакіі, дзе пражывала значная колькасць польскага насельніцтва.
Як бачым, прапаганда Крамля і рэжыму Лукашэнкі пераключае ўвагу з уласных злачынстваў на дробныя эпізоды з мінулага суседніх краін. Аднак затым з гэтых дробязей фарміруецца вобраз «дрэннай» Польшчы або Украіны, на фоне якіх Расія павінна выглядаць «добрай» імперыяй. Быць імперыяй Расія сабе дазволіла. І не дазваляе нікому гэта аспрэчваць.
Анджэй Завістоўскі звяртае ўвагу на нюансы сучаснай гістарычнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі.
— Ва ўнутранай палітыцы Беларусі Польшча з'яўляецца ворагам нумар адзін. Яна адпавядае ўсім крытэрам ворага. Па-першае, Польшча з'яўляецца членам НАТА, па-другое — часткай Захаду. Па-трэцяе, гэта дзяржава, якая раней уключала ў свой склад тэрыторыі часткі Беларусі. І, па-чацвёртае, яна мае сваіх прадстаўнікоў у выглядзе нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Вы ж памятаеце рэпрэсіі, якія абрынуліся на дагэтуль фактычна забаронены Саюз палякаў Беларусі. Гэтыя рэпрэсіі былі звязаны з гістарычнай палітыкай — з абвінавачаннямі ў спробе адарваць частку тэрыторыі Беларусі ад беларускай дзяржавы і зноў «далучыць» яе да Польшчы, а таксама ў «прапагандзе нацызму». Прабачце, што я гэта цытую: «прапагандай нацызму» ўлады Беларусі называлі ў тым ліку распаўсюджванне інфармацыі пра Армію Краёву, у тым ліку Анджэем Пачобутам. Ён і іншыя апынуліся ў турме за гісторыю. Таму тут мы таксама павінны разумець, што 17 верасня мае для Беларусі вельмі важнае значэнне, асабліва ў апошнія чатыры гады. Раней таксама нашых суайчыннікаў судзілі ў Гродне — у судзе, які знаходзіцца на рагу вуліц 17 Верасня і Дзяржынскага. Вельмі сімвалічна гэта выглядае. На працягу апошніх чатырох гадоў у Беларусі 17 верасня адзначаецца як дзяржаўнае свята. Гэтае свята называецца Днём народнага адзінства. Знаёмая назва. Гэта дакладна такая ж назва, як і ў расійскага свята, якое адзначаецца ў лістападзе ў гадавіну выгнання палякаў з Крамля (у XVII ст. — Рэд.). Менавіта такая ж назва. Я праглядаў афіцыйныя беларускія парталы і асноўныя дзяржаўныя СМІ. Прыкладна з 40 паведамленняў за 48 гадзін тэма 17 верасня і «ўз'яднання беларускіх зямель» — зноў цытую, каб мяне потым не лавілі на словах і, вельмі прашу, не выразалі з кантэксту, — была закранута ў 19 інфармацыйных паведамленнях. Амаль палова. І гэта, вядома, аповед пра «ўз'яднанне», пра польскую «акупацыю».
Дам’ян Маркоўскі звярнуў увагу на небяспеку распаўсюджвання дэзінфармацыі праз інтэрнэт.
— Мы жывём у свеце ChatGPT. Цяпер вельмі лёгка, нават не будучы нейкім асаблівым геніем у галіне інфарматыкі, стварыць, напрыклад, фальшывую, непраўдзівую фатаграфію, якая нібыта паходзіць з часоў Другой сусветнай вайны. Магчыма, гэта вас здзівіць, а магчыма, і не, але на сённяшні дзень у інтэрнэце колькасць непраўдзівых фотаздымкаў, створаных з дапамогай ChatGPT, пра розныя падзеі і асоб Другой сусветнай вайны, ужо ў некалькі разоў перавысіла колькасць сапраўдных гістарычных фатаграфій. Гэта паказвае, з якімі выклікамі ў сферы дэзінфармацыі мы на самай справе сутыкаемся і з якімі будзем сутыкацца ў найбліжэйшы час.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё