Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Доўгачаканая экранізацыя «Лялькі» Баляслава Пруса выйдзе ў кінатэатрах заўтра

29.09.2026 14:14
Фільм Мацея Кавальскага выклікае вялікі ажыятаж сярод польскіх аматараў кіно. Гэта другая экранізацыя рамана Пруса пасля экранізацыі ў 1968 годзе.
Аўдыё
  • Доўгачаканая экранізацыя «Лялькі» Баляслава Пруса выйдзе ў кінатэатрах заўтра
    ,
Марцін Дарацінскі і Каміла Ужэндоўска, кадр з фільмупрэс-матэрыялы

«Лялька» Баляслава Пруса – ключавы твор польскай пазітывісцкай літаратуры, які раскрывае складанасць грамадства XIX стагоддзя. У рамане адлюстроўваюцца класавыя канфлікты, сацыяльныя адрозненні, а таксама матэрыяльныя і духоўныя праблемы, якія ўзнікалі ў Варшаве. Станіслаў Вакульскі, галоўны герой, сімвалізуе амбіцыі і сацыяльныя дылемы, а Ізабела Ленцка прадстаўляе арыстакратыю. «Лялька» таксама з'яўляецца прыкладам пазітывізму, які імкнецца да абʼектыўнага адлюстравання сацыяльнай рэальнасці. У выніку «Лялька» стала адным з найважнейшых твораў рэалізму ў Польшчы.

Гэта доўгачаканая экранізацыя культавага твору. Здымкі праходзілі ў такіх месцах, як варшаўскае Кракаўскае прадмесце, дзе былі створаны захапляльныя дэкарацыі для крамы Вакульскага, у Каралеўскім парку Лазенкі, Старым горадзе і на Павіслі.

У фільме, знятым з размахам, здымаўся зорны акцёрскі склад, сярод іншых, Марэк Кандрат, Анджэй Севярын, Ян Энглерт, Крысціна Янда, Агата Кулеша, Мая Камароўска, Караліна Грушка, Борыс Шыц і Мацей Штур.
Фільм выйдзе ў кінатэатрах па ўсёй краіне 30 верасня.


Рэжысёр Мацей Кавальскі Рэжысёр Мацей Кавальскі

Учора ў Вялікім тэатры Нацыянальнай оперы ў Варшаве адбылася афіцыйная прэмʼера пастаноўкі. На ёй прысутнічалі стваральнікі і зоркі фільма, а таксама многія вядомыя дзеячы са свету культуры, мастацтва і палітыкі. Рэжысёр фільма Мацей Кавальскі на прэмʼеры адказаў на пытанне, якое яму задаюць ужо больш за два гады: «Навошта яшчэ адна «Лялька?»

- Гэтае пытанне такое ж абсурднае для мяне, як і для маёй шасцігадовай дачкі. У сэнсе яшчэ адна лялька? Як гэта, навошта яшчэ адна лялька? Ці гэта наогул пытанне? Дачушка, у нас ёсць прыгожая гістарычная лялька ад майго дзеда, Войцеха Ежы, з 1968 года. Таму, калі ласка, гуляй з ёй. Канец дыскусіі. Чаму яшчэ адна «Лялька»? А навошта што-колечы ў гэтым жыцці? Дзеля радасці, дзеля адчуванняў, дзеля таго, каб перажыць нешта новае. І менавіта гэта мы адчулі, працуючы над гэтым фільмам. Што мы ўдзельнічалі ў чымсьці важным, чымсьці прыгожым, чымсьці, што здараецца не часта.

Да бягучага году «Лялька» Пруса мела дзве экранізацыі. Гэта фільм Войцеха Ежы Хаса з 1968 года і серыял Рышарда Бера 1977–1978 гадоў. У гэтым годзе паявіліся дзве новыя версіі. 16 верасня на платформе «Netflix» выйшаў серыял (шэсць серый) рэжысёра Паўла Масьлёны. І 30 верасня – агульнапольская прэм’ера фільма Мацея Кавальскага.

Галоўнага героя Станіслава Вакульскага грае Марцін Дарацінскі.

- Фільм і пра жыццё, і пра каханне ў часы вайны. Пра тое, як каханне часамі бывае сляпым. Але і пра павагу да іншых, пра бескарыслівую дапамогу, пра павагу да грошай. І сцэнаграфія, і касцюмы, і выбар месцаў, дзе мы здымалі, і тое, як Пётр Сабацінскі і Мацек Кавальскі стварылі пару як рэжысёр і аператар, зрабіла на нас вялікае ўражанне. І я быў вельмі рады, што гэта польскі фільм, зняты ў Польшчы, але выглядае як вельмі дарагое замежнае кіно.

Каміла Ужэндоўска Каміла Ужэндоўска

Каміла Ужэндоўска, якая выконвае ролю Ізабелы Ленцкай, сказала, што праца над гэтым фільмам была ўнікальным вопытам. Яна лічыць, што гэтая экранізацыя вельмі дакладная, і што Ізабела таксама блізкая да таго, як яе ў рамане паказаў Баляслаў Прус.

- Сёння мы адчувалі сябе проста цудоўна. Мы святкуем тое, над чым акцёры працавалі амаль год, а здымачная група – значна даўжэй. Гэта гады працы многіх людзей. Я дзякую ўсёй здымачнай групе, якая была з намі на працягу ўсіх гэтых дзён здымак. Я думаю, што мы выдатна папрацавалі, і сёння проста нічога не застаецца, як святкаваць. Я спадзяюся, што гледачы прыйдуць, будуць радавацца, перажываць і атрымаюць асалоду ад прыгожай польскай кінематаграфіі.

Караліна Грушка сыграла Фларэнтыну, бедную стрыечную сястру Ізабелы Ленцкай, якая выдатна разумее тонкасці арыстакратычнага свету. Фларэнтына – адзіны цвярозы чалавек у доме Ленцкіх – прагматычны і адданы, кажа акторка.

- Мы вельмі стараліся перадаць дух гэтага рамана, як Прус стварыў гэты свет. Мы паспрабавалі знайсці сучасныя сродкі выражэння, каб падзяліцца гэтым светам з гледачамі сёння.

Борыс Шыц, у фільме барон Кшэшоўскі, гаварыў, што гэта выдатная пастаноўка і ўніверсальная гісторыя.

- Гэта, безумоўна, класіка ў найлепшым сэнсе гэтага слова, але з грандыёзным, незвычайным шыкам. І было вельмі прыемна быць абраным у гэты акторскі склад.

Міністр адукацыі Барбара Навацка падкрэсліла, што гэта фільм, якога палякі чакалі гадамі.

- Я перакананая, што ў бліжэйшыя тыдні моладзь будзе сапраўды спрачацца пра пазітывізм і рамантызм, пра пачуцці і грошы. І я гавару пра гэта ў добрым, найлепшым сэнсе. Вялікі дзякуй за тое, што вы выклікалі грамадскую дыскусію на тэму таго, што сапраўды самае важнае і сапраўды польскае: і рамантызм, і пазітывізм.

Здымкі фільма праводзіліся сярод іншага на самай вядомай варшаўскай вуліцы Кракаўскае прадмесце.

- Я вельмі рады, што ўсёй камандзе ўдалося зноў ажывіць Варшаву. Я сам быў на здымачнай пляцоўцы, і гэта абсалютна неверагодна, – сказаў мэр сталіцы Рафал Тшаскоўскі.

Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Марта Цянкоўска павіншавала стваральнікаў стужкі.

- Вельмі важна, каб мы заўважылі, што фільм – гэта не толькі прадзюсары, не толькі акторы, але гэта тысячы людзей на пляцоўках. Творцы, якія робяць нешта неверагоднае. Я віншую вас з велізарнымі высілкамі, якія вы ўклалі ў працу. Эмоцыі, якія вы выклікаеце. Віншую з завяршэннем працы. Лічу, што мільёны людзей пойдуць паглядзець «Ляльку».

Адно з нядаўніх даследаванняў паказала, што 72% палякаў згодныя са сцвярджэннем, што «Лялька» Баляслава Пруса зʼяўляецца важным творам польскай літаратуры. Эксперты кажуць, што звычайна пасля экранізацый такога тыпу расце колькасць людзей, якія сягаюць па кнігу, у гэты выпадку гэта будзе Баляслаў Прус.

ав