Конкурс турыстычных сувеніраў — гэта ініцыятыва, якая найперш падкрэслівае каштоўнасць нацыянальнай, рэгіянальнай і мясцовай спадчыны. Гэтая разнастайнасць — сапраўдны скарб Польшчы, гаворыць эксперт турыстычнага рынку з партала TTG Polska Марэк Трачык. Паводле яго, у Польшчы толькі пачынаюць гэта ўсведамляць. Таму конкурс павінен дапамагаць польскім вытворцам.
Марэк Трачык кажа, што адзін з галоўных крытэрыяў у конкурсе на турыстычны сувенір — гэта месца вытворчасці.
— У першым конкурсе нам давялося адправіць назад, амаль са слязьмі на вачах, некалькі сотняў работ, зробленых недзе далёка за мяжой. Было так шмат прыгожых прац — гульні, настольныя гульні, галаваломкі і многае іншае. На жаль, мы прасоўваем і цэнім толькі польскія турыстычныя сувеніры, нацыянальныя. Рэгіянальныя і мясцовыя — і ў нас сапраўды становіцца ўсё лепш і лепш. З'яўляецца шмат цудоўных сувеніраў.
У мінулым годзе найлепшымі сувенірамі аказаліся керамічныя фігуркі з Ловіча, навагодняя цацка ў выглядзе пары ў касцюмах Ловіча, гарбаты фірмы «Dary Natury», льняная сукенка з рэгіянальнай вышыўкай, вінілавы альбом «Метро», казкі і вершы пра чатыры пары года, шкляная ружа, гадзіннік «Дубовы арол», дошка з каменнай мазаікай, натхнёнай гусарамі.
Марэк Трачык
Марэк Трачык гаворыць, што сярод польскіх і замежных турыстаў ёсць чаканні, што традыцыя і сучаснасць будуць суіснаваць. Сувеніры выконваюць ролю амбасадараў краіны.
— У гэтым невялікім прадмеце мы сапраўды перадаем нешта з Польшчы, гэтую рэгіянальную, мясцовую Польшчу. Калісьці людзі ехалі ў Парыж і куплялі бірульку з Эйфелевай вежай. Цяпер існуе рэальная тэндэнцыя адыходу ад танных рэчаў, ад пластыку, і пераход да чагосьці больш практычнага. Згодна з даследаваннямі, людзі хочуць купляць прадукты, якімі могуць карыстацца дома, не проста пакласці на паліцу, а якія можна выкарыстоўваць, напрыклад, кубкі, талеркі ці персаналізаваныя турыстычныя сувеніры з надпісам «Прывітанне з Кракава» і гэтак далей. Тэкстыль, ювелірныя вырабы, сумкі. Столькі цудоўных дызайнаў сумак зʼявілася. І гэтага сапраўды становіцца ўсё больш і больш, і гэта нас вельмі радуе. Але ёсць таксама касметычныя прадукты, і яны вельмі добрыя. У нас ёсць вельмі добрыя лінейкі натуральных прадуктаў, без хімікатаў. Кухонныя прыналежнасці, якія таксама папулярныя. Гэта глабальная тэндэнцыя, не толькі ў Польшчы, а апошнім часам гітом становяцца прадукты ў слоіках: варэнне, мёд, паштэты. Больш за 60% рэспандэнтаў прывозяць гэтыя далікатэсы дадому з розных рэгіёнаў, асабліва з Польшчы. Яскравым прыкладам была выстава «Купляем свядома» на Нацыянальным стадыёне ў мінулую суботу і нядзелю. Паслухайце, там былі такія рэчы! Я адкрыў для сябе польскую матчу, прыгатаваную з польскіх траў, не кажучы ўжо пра вяндліны, мёд.
Арганізатары звяртаюць увагу, што гэтыя сувеніры маюць не толькі эмацыйнае значэнне для турыста, бо ў рэшце рэшт, турысты забіраюць з сабой свае ўражанні і ўспаміны пра падарожжа праз сувеніры. Яны таксама маюць эканамічнае вымярэнне. Паводле ацэнак, турысты трацяць 30% выдаткаў, прызначаных на паездку, на сувеніры. У выніку жыхары, вытворцы гэтых сувеніраў, а таксама цэлыя рэгіёны атрымліваюць карысць.
У дадзены момант (да 10 лістапада) ідзе прыём прац на трэці конкурс турыстычных сувеніраў з Польшчы. Найлепшыя сувеніры будуць выстаўленыя ў варшаўскім аэрапорце Шапэна.
Jedynka/ав