Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Максім Знак у цені сонечнага святла

08.10.2026 09:00
Выйшла з друку другая кніга экс-палітвязня Максіма Знака «Каланісты». Пра што яна? Што дае творчасць за кратамі? Як будзе называцца трэцяя кніга? — слухайце наша аўдыё.
Аўдыё
  • Максім знак пра новыя кнігі і творчасць за кратамі
  • Максім Знак пра творчасць, зняволенне, працу журналістаў і вяртанне ў Беларусь
 .
Максім Знак.Беларуская служба Польскага радыё

«Мы можам толькі самазнішчыцца»

Яны ў цемры мяхі пахавалі // Яны думалі, гэта адказ// Але мы прарасталі ў падвале// Вы ніколі не знішчыце нас.

Гэта радкі з верша «Бульба», напісанага за кратамі Максімам Знакам. 

— Наконт «Бульбы» — там зараз ужо некалькі варыянтаў канцоўкі, паколькі гэта яшчэ і песня: «Мы жывыя, ніколі не знішчыць вам нас!». Такія рэфрэны, ну і ўвогуле — жывое і мёртвае, клубні і мях, падвалы... Свет змяніўся за гэты час, але прынцыповыя рэчы засталіся такімі ж.

Але ўсяроўна ж не знішчыць ім нас?

— Вядома фізічна можна знішчыць. Нейкім іншым чынам гэта цяжка зрабіць. Гэта залежыць толькі ад нас. Мы можам самазнішчыцца. Але вельмі цяжка нешта зрабіць таму, хто не хоча быць знішчаным. 

Што рабіць, каб не быць знішчаным? У мяне ёсць песня «Маякі», не так даўно прэзентаваная, там напісана, што рабіць.

Трэба рабіць так, каб табе было прыемна ад таго, што ты робіш. Каб не шкадаваць пра тое, што ты робіш. І разумець сэнсы таго, што адбываецца з табой. І тады ўсё будзе добра. Кожны так зробіць, і ўсё, больш нічога не трэба рабіць. Трэба, каб супала тое, што людзі кажуць, і тое, што яны робяць.

«У нас іншае зняволенне і кніжкі іншыя»

Мне вельмі адгукаецца «Зэкамерон», мне здаецца яна зусім не змрочная. А што будзе ў новай кнізе. Чаго там больш — волі ці кратаў? 

— Любая творчасць, якая з'яўляецца за кратамі — гэта такі шанец збегчы на волю. «Каланісты» — гэта можна сказаць працяг «Зэкамерона». Хаця, ці можа быць працяг у кнігі, дзе не было сюжэту, галоўнага героя, а быў нейкі калектыўны ЁН. У новай кнізе застаўся гэты калектыўны ЁН, але з'явіліся і новыя персанажы, якія ўжо маюць мянушкі, нейкія асабістыя рысы. І там з'явілася відавочная сюжэтная арка. Хаця можа яна толькі мне відавочная, а чытачы яе не заўважаць.

Гэта кніга пісалася ўжо на волі, я меў магчымасць яе рэдагаваць, і мне здаецца, яна атрымалася больш цэласнай. Там ужо 72 апавяданні, а не 100. Апавяданні сталі прыкладна ў два разы даўжэйшыя. Гэта ўжо не СІЗА, а калонія, там крыху больш змрочных рэчаў. Але ўсяроўна там ёсць месца для святла, для гумару. Спадзяюся, будзе гэтак жа цікава назіраць за гэтым светам.

Я паспрабаваў зрабіць акцэнт на псіхалогіі, на нейкіх асабістых рэчах. Каб не лезці ў тое, што ўжо безліч разоў апісана. І пасля Салжаніцына, Шаламава, іншых вязняў ГУЛАГа, не варта, мне здаецца, гэта апісваць, бо ўсё можна параўнаць з імі. І ў нас іншае адчуванне, іншае катаванне, іншы досвед праходжання зняволення, іншае зняволенне і мэта яго іншая. Таму і кніжкі іншыя. У мяне вось такі фармат кароткіх гісторый.

«Усе цені сонечнага»

— І яшчэ пішацца кніга, я спадзяюся, што гэта будзе апошняя — «Усе цені сонечнага» І там сапраўды пра рэчы змрочныя, хаця і пададзеныя ў тым жа стылі, што я пішу звычайна.

Гэта гісторыя пра тое, што адбываецца з кожным зняволеным, у каго ёсць жоўтая бірка. Як гэтая сегрэгацыя і кожны дзень нагадвання, што ён не як забойца ці гвалтаўнік, а горш, уплывае на псіхіку. Як змяняецца чалавек не заўважна для сябя.

Вельмі важна, каб разумелі і мы, беларускае грамадства, і замежнікі, што адбываецца проста з любым, хто прайшоў праз сістэму. Нават калі не было адмысловай жорсткасці, а была вось толькі гэтая знявага, пагарда, сегрэгацыя.

І гэтая жоўтая бірачка, якая выглядае як сонейка, але адкідвае цені вельмі непрыемныя.

Аксана Колб

Цалкам інтэрв'ю з Максімам Знакам слухайце ў нашым поўным аўдыё

Больш на гэтую тэму: Беларусь