Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Замасць. Ідэал эпохі Адраджэння, які перажыў стагоддзі (ФОТА)

09.10.2026 12:30
Як італьянскі архітэктар і польскі магнат стварылі ўзорны горад на ўсходзе Польшчы, які называюць «Падуяй Поўначы».
Аўдыё
Гарадская ратуша ў ЗамасціЗдымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Сёння мы адпраўляемся ў незвычайнае падарожжа па Расточчы, каб пазнаёміцца з горадам, які кінуў выклік тэорыям эпохі Адраджэння і стаў наглядным доказам таго, што смелыя архітэктурныя задумы можна ператварыць у рэальнасць. Гаворка ідзе пра Замасць (поль. Zamość) – горад у паўднёвай частцы Люблінскага ваяводства.

Вялікі рынак і гарадская ратуша ў Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Вялікі рынак і гарадская ратуша ў Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Усё пачалося каля 1578 года, калі канцлер і гетман вялікі кароны Ян Замойскі (Jan Zamoyski) даручыў геніяльнаму італьянскаму архітэктару Бернарда Маранда (Bernardo Morando) спраектаваць і пабудаваць, спачатку шыкоўную магнацкую рэзідэнцыю, а потым горад — выдатны «дадатак» да вытанчанага палаца.

Былая рэзідэнцыя Замойскіх і помнік Яну Замойскаму ў Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Былая рэзідэнцыя Замойскіх і помнік Яну Замойскаму ў Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Дзеля згаданага праекта Замойскі вызначыў пусты ўчастак зямлі, плошчай крыху больш за 24 га. Фундатар і архітэктар разам прааналізавалі перавагі згаданай дыслакацыі, а тое, што там узнікла, увайшло ў гісторыю горадабудаўніцтва.

Макет горада, Замойскi музей у Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Макет горада, Замойскi музей у Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Пра ўнікальнасць праекта Замойскага і Маранда, расказвае доктар Яцэк Фэдушка (Jacek Feduszka) з Замойскага музея ў Замасці (Muzeum Zamojskie w Zamościu).

— Што важна, нават пасля смерці Бернарда Маранда, паколькі горад быў пабудаваны не адразу ж, рэалізацыя ягонай канцэпцыі працягвалася. Таксама пасля смерці канцлера яго пераемнікі адаптаваліся да канцэпцыі, прапанаванай Бернарда Маранда. Аднак сучасны выгляд горада, а менавіта тое, што стала падставай для ўнясення яго ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 1992 годзе, заключаецца ў тым, што яго гарадская планіроўка, а разам з тым і аб'екты, створаныя ў ейных рамках, засталіся нязменнымі з моманту іх задумы, — нагадвае гісторык.

Пры праектаванні горада Бернарда Маранда павінен быў улічваць не толькі эстэтычнае бачанне фундатара, але таксама эканамічную і ваенную функцыі, якія горад павінен быў выконваць.

Гарадская ратуша ў Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё Гарадская ратуша ў Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Дэкаратыўныя элементы гарадской ратушы, палаца і Замойскай акадэміі былі натхнёныя італьянскім Адраджэннем, якім канцлер Замойскі захапляўся ў Падуі, Рыме, Сабіёнеце і Венецыі. Аднак мяшчанскія будынкі павінны былі кіравацца іншымі прынцыпамі.

Aркады, пад якімі рамесныя стэнды маглі працаваць круглы год, незалежна ад надвор'я, Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Aркады, пад якімі рамесныя стэнды маглі працаваць круглы год, незалежна ад надвор'я, Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Ян Замойскі асабіста вырашыў, што гарадскія камяніцы павінны мець канкрэтныя памеры і аднолькавы выгляд. Гаворка ідзе пра простыя, аднапавярховыя формы, з упрыгожаннямі ў залежнасці ад заможнасці ўладальніка. Тут ключом была функцыянальнасць.

Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

У горадзе павінна было кіпець эканамічнае, адміністрацыйнае, адукацыйнае і рэлігійнае жыццё. Усё гэта ў бяспечных абставінах, гарантаваных абарончым характарам горада.
Яскравым прыкладам такога падыходу былі аркады, пад якімі рамесныя стэнды маглі працаваць круглы год, незалежна ад надворʼя.

— Першапачаткова асноўнае значэнне мелі эканамічная, а таксама адміністрацыйная і абарончая функцыі горада-крэпасці. Абарончая функцыя была рэалізаваная ў форме сучасных бастыённых умацаванняў — у той час самага сучаснага італьянскага тыпу, або новаітальянскага тыпу, як гэта класіфікуецца сёння. З іншага боку, важным аспектам была і рэлігійная функцыя. Быў пабудаваны калегіяльны касцёл — рэлігійны цэнтр горада з асаблівым акцэнтам на ўладальнікаў. Касцёл меў таксама характар ахвяравання роду Замойскіх. Наступны важны элемент — акадэмічны. Гэта Замойская акадэмія, якая мела не столькі эстэтычны, але і практычны характар. Ейная задача — выхоўваюць моладзь у духу сучаснасці, — нагадвае доктар Яцэк Фэдушка.

Будынак былой Замойскай акадэміі. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Будынак былой Замойскай акадэміі. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Акрамя сучаснай Замойскай акадэміі, дзе навучалася моладзь, у горадзе існавалі і выключна камерцыйныя ўстановы, як Біржа — гэта было нешта накшталт фінансавага цэнтра, заснаваная Бернарда Маранда і яго сынамі. У сярэдзіне XVII стагоддзя на гэтым месцы быў пабудаваны буйны францысканскі касцёл і кляштар у стылі барока.

Брама Шчэбжашыньска, Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Шчэбжашыньская брама, Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Увесь гэты гарадскі механізм працаваў бездакорна да пачатку ХІХ стагоддзя, калі Замасць перастаў быць прыватным магнацкім горадам. Цікава, што чарговыя рэканструкцыі не разбурылі яго першапачатковай структуру. Нягледзячы на тое, што сам палац Замойскіх быў знішчаны і грунтоўна перабудаваны ў XVIII стагоддзі, то сэрца горада — Вялікі рынак (Rynek Wielki) з манументальнай ратушай — захавалbся. Дарэчы, ратуша ў Замасці размяшчаецца не традыцыйна ў сярэдзіне рынкавай плошчы, але ў паўночным фасадзе, побач з іншымі камяніцамі.

Львоўская брама, Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Львоўская брама, Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Між тым, на аюлічча і характар горада паўплывалі не толькі польскія магнацкія амбіцыі і італьянскае Адраджэнне, але таксама захапляльны культурны і рэлігійны «плавільны кацёл», што застаецца бачным і па сённяшні дзень.

— Гэта шэраг багата аздобленых камяніц, якія належалі армянскай абшчыне, у прыватнасці армянскім купцам. Унутранае і вонкавае аздабленне датуецца 30-мі гадамі XVII стагоддзя і ўзбагачалася разам з ростам значэння армянскай абшчыны ў Замасці. Тое ж тычыцца і сефардскіх габрэяў, матэрыяльным напамінам аб якіх зʼяўляецца сінагога, пабудаваная ў 20-х XVII стагоддзя. Таксама багата ўпрыгожаная і з рознымі функцыямі. У сваю чаргу, прысутнасць шатландцаў або брытанцаў бачны ў архітэктурных дэталях Замасця. Напрыклад, некаторыя парталы гарадскіх камяніц з XVІІ стагоддзя намякаюць пра прысутнасць шатландцаў у Замасці. Калі ўжо казаць пра цэрквы, то грэчаская абшчына першай атрымала дазвол на будаўніцтва свайго храма, — нагадвае супрацоўнік Замойскага музея.

Аднак гісторыя не заўсёды была добразычлівай да Замасця. Калі горад стаў царскай крэпасцю ў XІX стагоддзі, многія будынкі былі кардынальна перабудаваныя, а архітэктурныя дэталі — знішчаныя. Напрыклад, з калегіяльнага касцёла былі выдалены дзясяткі гістарычных эпітафій XVІ, XVІІ і XVІІІ стагоддзяў.

Замойскі кафедральны касцёл. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Замойскі кафедральны касцёл. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

На шчасце, другая палова XX і пачатак XXІ стагоддзя прынеслі значны прагрэс у працэсе рэканструкцыі гістарычнай часткі Замасця. Напрыклад, дзякуючы гэтаму вышэйзгаданы францысканскі касцёл, знішчаны акупантамі, быў вернуты каталіцкай супольнасці горада.

Армянская камяніца, Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Армянская камяніца, Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Сённяшні Замасць — гэта рай для турыстаў, якія наведваюць яго вельмі ахвотна. Ідэальную экскурсію па горадзе доктар Яцэк Фэдушка рэкамендуе пачаць з наведвання Замойскага музея на вуліцы Армянскай, дзе, між іншым, можна пазнаёміцца з гісторыяй роду Замойскіх.

— Затым, вядома ж, Вялікі рынак (Rynek Wielki) і гісторыя розных яго частак, у тым ліку гарадской ратушы. Далей, Замойскі кафедральны сабор, які зʼяўляецца ахвяраваннем канцлера Яна Замойскага. У ім расказваецца таксама гісторыя горада, яго жыхароў і ролі, якую кафедральны сабор выконваў. Побач з касцёлам варта паглядзець Дом апостальскіх пратанатарыусаў (dom infułatów, infłuatka) з найстарэйшым арыгінальным парталам у горадзе і Сакральны музей Замойскага кафедральнага сабора, — падказвае гісторык.

Музеі ўмацаванняў і зброі «Арсенал». Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Музеі ўмацаванняў і зброі «Арсенал». Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

У сваю чаргу з ваенным мінулым горада-крэпасці можна пазнаёміцца ў Музеі ўмацаванняў і зброі «Арсенал», а з гісторыяй Замасця, як важнага адукацыйнага цэнтра — у будынку былой Замойскай акадэміі, які быў паспяхова рэстаўраваны ў выглядзе з XVIII стагоддзя.

Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Цікава, што Замасць дагэтуль здзіўляе даследчыкаў. Дзякуючы лічбавізацыі сусветных архіваў і даследаванням тых куткоў горада, якія да гэтай пары не падвяргаліся археалагічным і кансерватарскім работам, выяўляюцца новыя важныя гістарычныя факты.

Замойскага ратонда. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё Замойскага ратонда. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Дарэчы, калі ўжо казаць пра чароўныя куткі Замасця, то ў нашага гіда таксама ёсць свае любімыя месцы ў горадзе.

— Мой любімы куток, акрамя Вялікага рынка — гэта прыгожы Замойскі парк, створаны ў 1920-х гадах. Гэта чароўнае месца ў розны час года, нават зімой. З іншага пункту гледжання, другое такое месца — гэта гістарычны гарматны комплекс XIX стагоддзя, вядомы, як Замойскага ратонда. Гэта месца нацыянальнай памяці пра трагічную гісторыю, у тым ліку, нямецкай акупацыі і Другой сусветнай вайны. Гэта таксама мая любімая прастора ў горадзе, — кажа доктар Яцэк Фэдушка з Замойскага музея ў Замасці.

Брама ў Замойскі парк. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё Брама ў Замойскі парк. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Наш суразмоўца падкрэслівае ўсебаковы характар горада, які відавочны і сёння, бо Замасць быў спраектаваны і рэалізаваны, як выгадны горад і бяспечная крэпасць.

Гістарычная рэканструкцыя ля абарончых сценаў горада Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
 Гістарычная рэканструкцыя ля абарончых сценаў горада Замасць. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Нягледзячы на тое, што з моманту падпісання дамовы паміж Янам Замойскім і Бернарда Маранда прайшлі стагоддзі, створаны ў яе выніку праект «ідэальнага горада» працягвае захапляць турыстаў і здзіўляць адмыслоўцаў.

Армянскія камяніцы ў Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё
Армянскія камяніцы ў Замасці. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Лідзбарк Варміньскі – горад выдатных палякаў, знакавых фестываляў, некранутай прыроды і філасофіі cittaslow (ФОТА)

25.09.2026 18:00
Паясняем, чаму горад, які называюць «жамчыжынай Варміі» – гэта ідэальнае месца для адпачынку.

Шчабжэшын — гэта значна больш, чым «жук у трыснягу» (ФОТА)

02.10.2026 18:01
Сярод помнікаў сталіцы польскай мовы знаходзіцца адзін з найстарэйшых мураваных храмаў усходняга абраду ў Польшчы.