Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Рубрыка «Варшаўскі мост». Польскім вучоным у Берліне перадалі сведчанні пра Халакост у Мінску

15.10.2026 16:01
«Калі мы прайграем вайну, нас усіх павесяць!» — пісаў пра злачынствы нацыстаў адзін з акупантаў.
Аўдыё
  • «Варшаўскі мост». Успаміны нямецкага акупанта, у т.л. пра Менск.
 -,   1939-1945 .    .     .
Кіраўніцтва Генерал-губернатарства, акупіраванай у 1939-1945 гг. Германіяй часткі тэрыторыі Польшчы. У цэнтры губернатар Ганс Франк.Zdjęcie z zasobów Narodowego Archiwum Cyfrowego (NAC) 3/2/0/-/4714

У архіў берлінскага аддзялення Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага паступілі ўспаміны нямецкага чыноўніка, які падчас Другой сусветнай вайны працаваў на акупіраванай тэрыторыі Польшчы. Ёсць у гэтым дакуменце і беларускі след.

У грамадзянскай адміністрацыі Генерал-губернатарства, як называлася частка акупіраванай Германіяй падчас Другой сусветнай вайны тэрыторыі Польшчы, немец працаваў у 1943-1944 гадах. Займаўся эканамічнымі пытаннямі. Пазней быў прызваны ў вермахт, а ў студзені 1946 года вярнуўся ў Германію з французскага палону. Пасля вайны ён напісаў 132 старонкі успамінаў — пераважна пра Радам. Памёр у 1983 годзе.

У берлінскае аддзяленне Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага ўспаміны перадаў сваяк.

Ханна Радзяёўска, кіраўнік берлінскага аддзялення Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага, і Рафал Руціньскі, кіраўнік архіўнага аддзела берлінскага аддзялення інстытута, расказваюць падрабязнасці.

Рафал Руціньскі тлумачыць, чым займаюцца польскія вучоныя ў Германіі.

— Галоўная мэта нашага архіва — паказаць вопыт Польшчы і палякаў ва ўмовах дзвюх таталітарных сістэм ХХ стагоддзя — нацызму і камунізму. Мы, як архіў, займаемся алічбоўкай дакументаў, якія захоўваюцца пераважна ў іншых, часцей за ўсё замежных архівах. Задача нашага берлінскага архіва заключаецца ў алічбоўцы дакументаў з нямецкамоўных краін, у забеспячэнні доступу да іх шырокага кола людзей — як у чытальнай зале ў Берліне, так і ў Варшаве. У цяперашніх умовах асабліва важна, каб першакрыніцы былі агульнадаступнымі. Мы выступаем своеасаблівым злучальным звяном паміж польскай і нямецкай навуковымі супольнасцямі, а таксама, я б сказаў, паміж польскім і нямецкім грамадствамі ў цэлым. Бо па дапамогу да нас звяртаюцца як жыхары Германіі, так і жыхары Польшчы.

Гісторыя Другой сусветнай вайны складаная і мае шмат нюансаў. Таму даследчыкі шукаюць дэталі для аднаўлення поўнай карціны падзей, — гаворыць Ханна Радзяёўска.

— Нам па-ранейшаму не хапае дакументаў пра тое, хто стаяў за злачынствамі, хто здзяйсняў забойствы, напрыклад, у Міхнюве (вёска ў Свентакшыскім ваяводстве, спаленая ў 1943 годзе нямецкімі захопнікамі. — Рэд.), у іншых невялікіх населеных пунктах. За выключэннем найбольш вядомых камандзіраў, а таксама тых, хто ўзначальваў мясцовыя падраздзяленні гестапа і іншыя акупацыйныя структуры, мы часта не ведаем імён непасрэдных выканаўцаў. Іх твары і асобы застаюцца невядомымі. Гэта звязана з тым, што пасля вайны справядлівасць так і не была адноўлена. На жаль, за выключэннем першай хвалі пасляваенных судовых працэсаў і асобных выключных выпадкаў, пераважная большасць людзей (акупантаў. — Рэд.), якія ўчынілі злачынствы ў Польшчы, так і не былі асуджаны. У выніку мы не маем ні многіх імён гэтых злачынцаў, ні неабходнай дакументацыі пра іх. Дзесяць ці дванаццаць гадоў таму я працавала ў Музеі Волі (раён Варшавы. — Рэд.) над тэмай разні ў раёне Воля. Мы задаваліся пытаннем, хто ўчыняў забойствы ў раёне Воля. Мы ведалі толькі адно, два, тры прозвішчы. Тады мы прывезлі дакументы з Людвігсбурга, і гэтыя матэрыялы следства дазволілі нам убачыць, хто стаяў за гэтымі злачынствамі. У іх фігуравала вялікая колькасць нямецкіх афіцэраў і салдат, якія давалі паказанні. Высветлілася, што сярод іх былі канкрэтныя людзі, якія пасля вайны зрабілі кар'еру. Аднак у цэлым гэта вялікая праблема, калі гаворка ідзе пра польскую гісторыю.

Менавіта таму перададзеныя ў архіў берлінскага аддзялення Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага ўспаміны нямецкага чыноўніка важныя — як крыніца пэўных дэталей пра гісторыю нямецкай акупацыі ў Польшчы.

І што яшчэ больш цікава, у такіх крыніцах можна знайсці і зусім нечаканыя фрагменты. Падчас адной з паездак аўтар сустрэў афіцэра вермахта, які расказаў яму пра сваю службу на акупіраванай тэрыторыі Беларусі:

Sie waren bei einem Erschiessungskommando in Minsk und hatten die jüdische Bevölkerung zu liquidieren. Die Juden wurden mit LKW's an grosse Gruben gefahren. Dort mussten sie sich nackt ausziehen, weil sie dann besser verwesen. Dann wurden sie durch Genickschuss liquidiert, Männer, Frauen und Kinder, ganze Familien. [...] Das Schrecklichste sei gewesen, dass der Schuss eine Streckung der Muskulatur bewirke, sodass sie wie Frösche in die Grube gehupst seien. Das Kommando habe unter Alkohol gestanden. Ein Kamerad sei wahnsinnig geworden (с. 59–60 успамінаў).

Пераклад:

«Яны ўваходзілі ў склад расстрэльнай каманды ў Менску і павінны былі знішчаць яўрэйскае насельніцтва. Яўрэяў прывозілі грузавікамі да вялікіх ям. Там яны мусілі распранацца дагала, бо тады іх целы хутчэй раскладаліся. Пасля іх забівалі стрэлам у патыліцу — мужчын, жанчын і дзяцей, цэлыя сем’і. [...] Найстрашнейшым, паводле яго слоў, было тое, што стрэл выклікаў скарачэнне мышцаў, у выніку чаго ахвяры падскоквалі ў яму, нібы жабы. Удзельнікі расстрэльнай каманды знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Адзін з таварышаў па службе страціў розум».

Аўтар занатоўвае сваю непасрэдную рэакцыю:

«Мяне ванітуе. Гэтага не можа быць! [...] Калі гэта праўда і мы прайграем вайну, нас усіх павесяць!»

Рафал Руціньскі, аналізуючы гэтыя ўспаміны, падсумоўвае.

— У архівах мы маем галоўным чынам дакументы, створаныя дзяржаўнымі ўстановамі. Дакументаў жа, якія былі створаныя прыватнымі асобамі, напрыклад асабістых успамінаў, значна менш. Бо для гэтага таксама патрэбны пэўны літаратурны талент. Не кожны вёў дзённік, не кожны хацеў запісаць тое, што перажыў, і не кожны ўмеў гэта зрабіць. Менавіта таму такія крыніцы маюць для нас велізарнае значэнне. Тым больш што гэты дакумент дазваляе зірнуць на акупацыю з пункту гледжання нямецкага чыноўніка, які знаходзіўся непасрэдна ўнутры акупацыйнай сістэмы. Дагэтуль мне не сустракаліся падобныя крыніцы. Прынамсі, я не бачыў, каб нехта настолькі адкрыта пісаў пра перажытае. Бо для гэтага неабходныя і здольнасць да самааналізу, і літаратурны талент.

Цяпер гэтыя ўспаміны вывучае Яанна Нікель з Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага, якая на працягу многіх гадоў спецыялізуецца на даследаванні функцыянавання нямецкай акупацыйнай адміністрацыі на польскіх землях. Вынікі работы даследчыцы будуць апублікаваны ў навуковым часопісе. А сам дакумент будзе даступны ў чытальнай зале архіва Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага ў Варшаве.

І яшчэ адзін важны момант. Часам у працэсе пошуку дакументаў пра іншых людзей вучоныя знаходзяць сведчанні, якія датычаць іх уласных сваякоў. Ханна Радзяёўска расказвае пра свой вопыт.

— Нам яшчэ трэба даследаваць, адкрыць і зразумець вельмі шмат. Гэта датычыць і асобных чалавечых лёсаў, і сямейных гісторый. Часта людзі толькі цяпер, дзякуючы доступу да архіваў, даведваюцца, што здарылася з іх сваякамі. У мяне таксама ёсць такая гісторыя. Я ведала, што сёстры майго дзеда трапілі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Аднак толькі нядаўна, дзякуючы алічбоўцы дакументаў, удалося знайсці звесткі пра адну з іх і высветліць, дзе і калі яе забілі. Менавіта такія адкрыцці маюць вялікае значэнне для сямей, а таксама для нас усіх у Польшчы. Мы жывём у часы, калі гісторыю выкарыстоўваюць у палітычных мэтах і фальсіфікуюць. У публічнай прасторы сапраўды існуе мноства публіцыстычных інтэрпрэтацый розных аспектаў адказнасці за злачынствы. Таму гэтыя дакументы маюць неацэннае значэнне. Яны дазваляюць аднавіць належныя прапорцыі і сфарміраваць больш поўнае ўяўленне пра тое, якой была нямецкая акупацыя з пункту гледжання саміх злачынцаў.

 Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Варшаўскі мост»: апошнія з гета — на вуліцах сталіцы Польшчы яшчэ можна сустрэць тых, хто там выжыў

16.04.2026 16:01
Агнешка Віткоўска-Крых расказвае пра лёсы дзяцей у Варшаўскім гета: са ста тысяч уратаваліся нямногія.

Рубрыка «Варшаўскі мост». Нямецкае злачынства і польскае пакаранне падчас і пасля Другой сусветнай вайны

11.06.2026 17:01
Патрыцыя Рэсэль расказвае, як удалося вылічыць агентаў гестапа, якія дзейнічалі ў Лодзі падчас нямецкай акупацыі.