Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Чалавек рэнесанснага тыпу». Да стагоддзя айца Аляксандра Надсана

21.10.2026 16:38
Сёння значэнне працы айца Аляксандра стала зноў асабліва адчувальным для навукоўцаў, вымушаных пакінуць Беларусь.
Аўдыё
  • «Чалавек рэнесанснага тыпу». Да стагоддзя айца Аляксандра Надсана
Айцец Аляксандр НадсанКрыніца: https://skaryna.org/be

Даследчыкі не заўсёды маглі самастойна знайсці патрэбныя выданні ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане. Але айцец Аляксандр Надсан ведаў, дзе шукаць.

— Ён знікаў на нейкі час у кнігасховішчы, а тады вяртаўся з усімі пазіцыямі, якія ў яго прасілі. У ягонай памяці была вельмі ясная карціна, дзе што знаходзіцца, — расказвае супрацоўніца бібліятэкі, даследчыца Караліна Мацкевіч.

Гэтая гісторыя дапамагае зразумець, наколькі непадзельнымі былі Надсан і справа, якой ён прысвяціў жыццё. Адзін са стваральнікаў і шматгадовы кіраўнік бібліятэкі, ён збіраў кнігі, даследаваў іх, перакладаў і выдаваў.

— Гэта той рэдкі выпадак чалавека рэнесанснага тыпу, які быў адначасова і асветнікам, і навукоўцам, і святаром, і грамадскім дзеячам, і чалавекам, якога хапала на ўсіх, — кажа Мацкевіч. — І дадае дэталь, якой не перадасць бібліяграфія, — ён быў вельмі цёплым, вельмі сяброўскім, вельмі вясёлым чалавекам.

За гэтай чалавечнасцю стаяла выключная працаздольнасць. Сацыялінгвіст Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні Уладзіслаў Іваноў апісвае маштаб зробленага так:

— Ён стварыў цэлую бібліятэку, замяніў сабой цэлае міністэрства, даследчы інстытут. Ён рабіў тое, чым займаюцца міністэрствы культуры, інфармацыі, — адзін, без падтрымкі дзяржавы.

Сёння значэнне гэтай працы асабліва адчувальнае для навукоўцаў, вымушаных пакінуць Беларусь. Паводле Мацкевіч, даследчыкі прыязджаюць з польскіх універсітэтаў і кажуць:

— Для іх гэта найбліжэйшая бібліятэка, дзе яны могуць знайсці беларускія матэрыялы, а для многіх — і адзіная.

Калі рэжым Лукашэнкі зноў закрывае Беларусь для свету, справа Надсана набывае новую вагу: сабраныя ім кнігі становяцца асновай для новых даследаванняў, а ягоны досвед дапамагае працаваць у выгнанні.

— Было б поўным абсурдам, калі б мы не карысталіся гэтым досведам, — перакананы Уладзіслаў Іваноў. — Ён бачыць працяг гэтай справы ў кнігах і перакладах, якія сёння выходзяць за мяжой, — Ён шмат перакладаў, ён быў паліглотам. Мы цяпер таксама працягваем перакладаць з французскай, з англійскай, з іншых моў на беларускую. У тым ліку, дзякуючы гэтаму спадчына Надсана жыве ў працы тых, хто падхапіў ягоныя пачынанні.

Біяграфічная даведка

Аляксандр Надсан (Бочка; 1926–2015) нарадзіўся 8 жніўня ў Гарадзеі. Удзельнічаў у французскім Супраціўленні, служыў у корпусе Андэрса. З 1946 года жыў у Вялікабрытаніі. Атрымаў матэматычную адукацыю, у 1958-м стаў святаром. Быў апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў замежжа. Даследаваў старадрукі і татарскія кітабы, удакладніў датаванне Скарынавай «Малой падарожнай кніжкі», перакладаў літургічныя тэксты са старажытнагрэчаскай на беларускую. Сярод іншага, напісаў біяграфію біскупа Чэслава Сіповіча. Дапамагаў пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы.

Слухайце аўдыё!

эж

Беларускай бібліятэцы ў Лондане спаўняецца 50 гадоў

14.05.2021 14:13
Гэта ўнікальны архіў, між іншым, беларускай літаратуры і перыёдыкі беларускай дыяспары цэлага свету.