Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Sw@da x Niczos запісалі песню з беларускім гуртом «Касары». І гэта пахавальны танец

03.11.2026 15:27
Песня ўвойдзе ў новы альбом і стане адной з навінак, якую музыкі запрэзентуюць на лістападаўскіх канцэртах.
Аўдыё

Sw@da x Niczos/прэс-матэрыялы
Sw@da x Niczos/прэс-матэрыялы

Новы рэліз «У брам» – гэта творчы водгук артыстаў на смерць дзеда Нікі Юрчук (Niczos). Песня ўвойдзе ў новы альбом і стане адной з навінак, якую музыкі запрэзентуюць на лістападаўскіх канцэртах. Нягледзячы на журботную тэму, трэк, як і іншыя творы дуэта, мае выразны танцавальны характар.

Дуэт Sw@da x Niczos (Віктар Шчыгель і Ніка Юрчук) выпусціў сінгл «У брам», запісаны з беларускім мужчынскім гуртом «Касары», які базуецца ў Варшаве.

- Мы па-добраму ўражаныя супрацай з «Касарамі», у тым ліку тым, што яна была цалкам некамерцыйнай з іх боку. Гэта быў такі прыгожы жэст падтрымкі ад іх, як ад землякоў. Мы ўвогуле моцна ўражаныя тым, як беларусы нас любяць і падтрымліваюць – і слухачы, і творцы. І я кажу зараз не пра мясцовых жыхароў Падляшша ці Беласточчыны, а тых, хто прыехаў у Польшчу з Беларусі ў апошнія гады. Гэта нейкая магія сустрэчы блізкіх душаў, і яна дае неверагодныя вынікі», – гаворыць Sw@da пра новы рэліз.

Нагодай стварэння кампазіцыі стала смерць дзеда Нікі Юрчук – мясцовага жыхара Падляшша, дзе Ніка ўпершыню пазнаёмілася з беларускай народнай песняй, спявала ў гурце беларусаў Падляшша «Жэмерва» і вучылася ў беларускім ліцэі.

- Дзед Васіль меў на мяне вялікі ўплыў у дзяцінстве. Ён навучыў мяне захапленню навакольным светам, любові да Бога і бацькаўшчыны. Яго адыход моцна мяне ўзрушыў, і з гэтага ўзрушэння, з уяўлення, як ён стаіць перад апошняй сваёй брамай, паўстала песня, – распавядае Ніка Юрчук.

Публікацыя песні на стрымінгавых платформах была прымеркавана да дня памяці продкаў – Дзядоў. Нягледзячы на жалобны настрой, трэк захоплівае моцным танцавальным бітам.

- У старажытнасці людзі танцавалі не толькі з вясёлых нагодаў. Танец быў абрадам, які таямнічым чынам злучаў нашых продкаў паміж сабой, вызваляў ад страхаў, надаваў моцы. У адной з праваслаўных цэркваў – а нам, як жыхарам Беласточчыны, блізкая гэтая рэлігійная традыцыя – танцы і па сёння выкарыстоўваюцца падчас богаслужэнняў. Мы хочам каб жалобу, смутны настрой, можна было пратанцаваць, і вытанцаваць такім чынам свае эмоцыі, – тлумачыць Sw@da.

Ідэя супольнага танца, які распрыгоньвае, ляжыць таксама ў аснове новага альбома «РЫТм» і аднайменнага гастрольнага тура ў яго падтрымку. Музыкі запісалі зварот па-беларуску з запрашэннем на канцэрты, падкрэсліваючы, што і альбом, і канцэрты – гэта вынік вялікай колькасці працяглых калабарацый з беларускімі творцамі.

паводле прэс-рэлізу/ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры