Слава Пшыбыльска (Станіслава Пшыбыльска - Stanisława Przybylska) — сапраўдная ікона польскай музычнай сцэны. Спявачка, актрыса, вядомая сваёй выключнай манерай выканання, нарадзілася 2 лістапада 1931 года ў горадзе Мендзыжэц-Падляскі. Такім чынам, пяснярцы споўнілася 95 гадоў!
Дзяцінства Станіславы прыпала на цяжкі перыяд Другой сусветнай вайны, яшчэ тады яна цікавілася выяўленчым мастацтвам, пазней вывучала міжнародны гандаль у Галоўнай школе замежнай службы. Аднак менавіта музыка стала яе жыццёвым шляхам. Першы сцэнічны досвед Слава Пшыбыльска атрымала ў Студэнцкім тэатры сатырыкаў у Варшаве, а таксама ў студэнцкім клубе «Стадола». Пераломным стаў 1957 год, калі яна перамагла ў конкурсе выканаўцаў-аматараў, арганізаваным Польскім радыё. Гэты поспех адкрыў ёй шлях да прафесійнай музычнай кар'еры.
Яе рэпертуар быў вельмі разнастайным. Побач з лірычнымі песнямі пра каханне асаблівае месца займалі яўрэйскія песні. Артыстка выконвала творы на ідышы і іўрыце. Для яе гэта быў таксама спосаб расказваць пра гісторыю і людзей. Адметнасць спявачкі ў тым, што яна не проста выконвала песні, але і перадавала іх эмацыйную глыбіню. Яе голас асацыюецца з меланхоліяй, элегантнасцю і настальгіяй.
За сваю творчую дзейнасць артыстка атрымала шмат узнагарод. У 2000 годзе яна была ўзнагароджаная Крыжам Афіцэрскім Ордэна Адраджэння Польшчы, а ў 2015 годзе атрымала «Дыяментавы мікрафон» — адну з найважнейшых узнагарод Польскага радыё.
Спявачка не развіталася цалкам з музыкай, хаця і радзей выходзіць на сцэну. Яна працягвае выступаць і ўдзельнічаць у новых творчых праектах. У 2024 годзе выйшаў альбом «Памятаеш, была восень — найвялікшыя хіты», а ў 2025 годзе — альбом «Туркаўкі».
А я прапаную вашай увазе кампазіцыю ў выкананні Славы Пшыбыльскай пад назваю "Kochankowie z ulicy Kamiennej" (Закаханыя з вуліцы Каменнай). Словы песні – гэта верш Агнешкі Асецкай.
Oczy mają niebieskie i siwe,
dwuzłotówki w kieszeniach na kino,
żywią się chlebem i piwem,
marzną im ręce zimą.
Kochankowie z ulicy Kamiennej
pierścionków, kwiatów nie dają.
Kochankowie z ulicy Kamiennej
wcale Szekspira nie znają.
Kochankowie z ulicy Kamiennej.
Wieczorami na schodach i w bramach,
dotykają się ręce spierzchnięte,
trwają tak czasem aż do rana,
kiecki są stare i zmięte.
Kochankowie z ulicy Kamiennej
tramwajem jeżdżą w podróże.
Kochankowie z ulicy Kamiennej
boją się gliny i stróża.
Kochankowie z ulicy Kamiennej.
Aż dnia pewnego biorą pochodnie,
w pochód ruszają, brzydcy i głodni.
"Chcemy Romea - wrzeszczą dziewczyny -
my na Kamienną już nie wrócimy".
"My chcemy Julii - drą się chłopaki -
dajcie nam Julię zbiry, łajdaki".
Idą i szumią, idą i krzyczą,
amor szmaciany płynie ulicą...
...Potem znów cicho,
potem znów ciemno,
potem wracają znów na Kamienną.
Вочы ў іх — блакітныя і сівыя, у кішэнях — два злотыя на кіно. Жывуць яны хлебам і півам, зімою рукі ў іх мёрзнуць: закаханыя з вуліцы Каменнай не дораць ні пярсцёнкаў, ні кветак. Закаханыя з вуліцы Каменнай нічога не ведаюць пра Шэкспіра... Вечарамі, на лесвіцах і ў брамах, патрэсканыя рукі цягнуцца адна да адной, часам застаюцца там да самай раніцы. Сукенкі — старыя і памятыя.
Закаханыя з вуліцы Каменнай ездзяць на трамваі. Закаханыя з вуліцы Каменнай баяцца паліцэйскіх і дворнікаў. Закаханыя з вуліцы Каменнай аднойчы бяруць у рукі паходні і ідуць працэсіяй — абарваныя, галодныя, простыя.
«Нам трэба Рамэа!» — крычаць дзяўчаты. «Мы больш не вернемся на вуліцу Каменную!». «Нам трэба Джульета!» — адказваюць хлопцы. «Дайце нам Джульету, бандыты, нягоднікі!». Яны ідуць і шумяць, ідуць і крычаць, а па вуліцы плыве Амор (Купідон) — лялька з ануч... І зноў робіцца ціха, і зноў робіцца цёмна, і яны вяртаюцца на вуліцу Каменную.
Запіс вельмі стары, ён быў створаны яшчэ ў 50-ых гадах мінулага стагоддзя. Гэта чуваць па характэрным трэску на стужцы. Цяпер, канешне, можна падчысціць гук, каб ён быў больш чысты, але многія слухачы любяць такое старое, арыгінальнае гучанне. У вершы Агнешкі Асецкай ідзе гаворка пра шэрае жыццё ў часы Польскай Народнай Рэспублікі. Жылося цяжка, вельмі бедна, асабліва тады, калі была запісана гэтая песня – неўзабаве пасля вайны, хаця і пазней не было лёгка, але часы сталінізму і гады пасля смерці Сталіна былі асабліва складанымі, калі ў Польшчы панаваў савецкі тэрор.
Oczy mają niebieskie i siwe – вочы ў іх блакітныя і сівыя. Звярніце ўвагу на мастацкі трук, калі аўтарка піша не «шэрыя вочы», а «сівыя», хаця гаворка ідзе пра маладых людзей. Гэтым яна надзяляе іх рысамі старых асоб, стомленых жыццём.
Dwuzłotówki w kieszeniach na kino – два злотыя на кіно. І цяпер у Польшчы ёсць манета ў два злотыя, але сеанс у кіно каштуе прыкладна ў 10 разоў больш. Гэта, канешне, не значыць, што цяпер палякам жывецца горш. Проста інфляцыя і дэнамінацыя зрабілі сваю справу. А вось у Савецкім Саюзе не было двухрублёвай купюры або манеты, за выключэннем невялікага перыяду часу, калі такія грошы існавалі.
Kiecki są stare i zmięte – сукенкі старыя і памятыя. «Kiecka» – гэта ў гутарковай мове сукенка. І гэта зусім не абавязкова павінна быць танная ці старая сукенка. Можна сказаць: Jaka szykowna kiecka! – Якая шыкарная сукенка!.
My chcemy Julii - drą się chłopaki – Мы хочам Джульету – крычаць хлопцы. Drzeć się – гэта размоўны варыянт слова «крычаць» (krzyczeć) — вельмі гучны крык. Можна перакласці «гарланіць», «надрывацца», але я затрымалася на нейтральным «крычаць». А калі гаворка ідзе пра тканіну, яна таксама можа «drzeć się» — рвацца.
нг