Беларуская Служба

Традыцыя, якая не знікае: як святкавалі і святкуюць Вялікдзень на Гродзеншчыне

03.04.2021 07:58
Ніхто не наважыцца спрачацца, што самым танным і экалагічным застаецца спосаб фарбавання ў настоі цыбульнага шалупіння.
Аўдыё
  • Традыцыя, якая не знікае: як святкавалі і святкуюць Вялікдзень на Гродзеншчыне
Centrum Grodna nad Niemnem, Grodzieńszczyzna.
Centrum Grodna nad Niemnem, Grodzieńszczyzna.Shutterstock.com/Konstantin Polkhovski

Вялікдзень на Гродзеншчыне – гэта калі ў адной сям’і яго могуць святкаваць двойчы: каталіцкі і праваслаўны. І ніколі на гэты конт не бывае спрэчак пра «сваё» і «чужое».

Пост быў вялікім чаканнем і прыгатаваннем

Паводле традыцыі святкавання Вялікадня на Гродзеншчыне, да гэтага рыхтуюцца загадзя: не толькі прыводзяць у належны стан свае думкі, але ўпарадкоўваюць прастору вакол сябе.
Як распавядае мая суразмоўніца спадарыня Яся Пільнік, у іх сям’і да Вялікадня пачыналі рыхтавацца ад Вялікага посту. І першай пра гэта пачынала хвалявацца матуля, бо трэба прыбраць падворак, але яшчэ не заўсёды зышоў снег, трэба наводзіць парадкі ў хаце.

«І ўвесь гэты час мыюцца вокны, мыюцца фіранкі, прыбіраюцца ўсе паверхні, што на шафах – гэта ўсё трэба папраціраць, каб дом усё прыгажэйшы і прыгажэйшы быў».

І ў гэты час закупляецца ўсё неабходнае для святаў. І чым больш зроблена, тым заўважней, як у гаспадыні спадае хваляванне, бо змены ўжо відавочныя. Стравы падчас посту, як кажа мая суразмоўніца, былі больш, чым сціплыя.

«Як казала мая мама – зупу з хлебам елі. А на вячэру – малочны суп, кашка нейкая альбо смажаная ці вараная бульба».

Сваім рэцэптам на такі выпадак дзеліцца спадарыня Марыся Мацко.

«Яшчэ ў нас варылі такі боршч з бурачка, які потым працэджвалі і заставаўся чысты булён бурачковы. Потым туды дадавалі яйка і такі быў боршч. Праўда, я сама яго не рабіла».

Не схадзіць да споведзі – пакрыўдзіць сваю душу

У хаце спадарыні Ясі гэта свята было і застаецца выключна рэлігійным, бо так ад пачатку было закладзена бацькамі. А таму да споведзі вельканочнай ішлі ўсе і абавязкова. Спадарыня памятае яшчэ часы, калі ў Гродне працаваў толькі адзін касцёл і яна, хаваючыся пад палітом мамы, заходзіла на вячэрнюю імшу, каб не бачылі настаўнікі і камсамольскія актывісты.

«Калі ты на вельканач не схадзіў да споведзі, то гэта лічылася зневажаннем спакою сваёй душы».

У спадарыні Ясі ў хаце было заведзена з дзяцінства, што і бацькі і дзеці на Вялікдзень – толькі разам. Гэта традыцыя застаецца і дагэтуль, хоць бацькі ўжо самі амаль не ходзяць.

«Мы і цяпер збіраемся і едзем да іх, каб разам з’есці яйка свянцонае, або падзяліцца аплаткам. Пакуль яшчэ Бог гэта дазваляе».

Апошні тыдзень перад святам – гэта нешта...

Пасля пальмавай нядзелі яда трошкі змянялася: елі яшчэ селядца з квасам. Пальмавая нядзеля была нечым асаблівым. Усе рабілі вербачкі і вельмі хацелася, каб твая была самай правільнай і самай прыгожай.

«Мы там нейкія рабілі з фанцікаў кветачкі з серпанціна, недзе шукалі засушаныя каласкі..».

У гэтыя дні пачынаўся, паводле спадарыні, незвычайны адрэзак часу перад святам. Маліліся ўсе кожны вечар. Але самым адметным для дзяцей у гэты час было чаканне.

«Калі ты ясі на вячэру хлеб з малаком, потым ізноў хлеб з малаком і разумееш, што хутка будуць гэтыя цудоўныя, пышныя, духмяныя булкі..., мы ўжо прадчувалі гэтыя цуды».

А яшчэ ў гэты час абавязкова штогод куплялася цялячая нага, якая потым нашпігоўвалася спецыямі, марынавалася і запякалася паўдня – пераварочвалася і палівалася, а водар разносіўся не толькі па хаце, але і далёка на падворак – вінулася галава. І адзінае, што дапамагала гэта ўсё перацярпець – фарбаванне яек.

Сёння, дарэчы, шмат ідзе размоў пра тое, як варта фарбаваць яйкі на Вялікдзень, а майстэрства стварэння пісанак з мястэчка Сапоцкін, што ў Гродзенскім раёне, нават унесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Але ж ніхто не наважыцца спрачацца, што самым танным і экалагічным застаецца спосаб фарбавання ў настоі цыбульнага шалупіння. З дапамогай выразаных з паперы фігурак, што прымотваліся гумкай ці ніткамі да яйка, можна ствараць на такіх крашанках адмысловыя ўзоры. У іх доме яны фарбаваліся не проста ў цыбулі.

«Пэндзлікаў у нас не было. І што выдумала мая мама... Яна ламала тонкія галінкі з вішні. Потым яе трэба было крышку разжаваць і зубамі яе раздрабіць. І хто быў больш спрытны, той меў больш тонкі пэндзлік і больш далікатныя ўзоры на яйках».

Насамрэч святочных рэцэптаў на Гродзеншчыне вельмі шмат і іх не пералічыць. Вось, да прыкладу, спадарыня Марыся Мацко дзеліцца тым, што на Вялікдзень рыхтуюць у іх хаце.

«Бабуля пякла торт, які прамазвала густым кісялём, а зверху рабіла кветкі з масла. Масла ўзбівала, дадавала розныя сокі ад ягад і нават зялёнку, каб лісцікі былі прыгожыя».

Гэта была адна з самых значных радасцяў перад Вялікаднем.

Стол быў папросту багаты

У суботу быў звараны студзень і зробленыя галубцы – абавязкова кожны год.

«Таму што паляндвіцы, каўбасы – усё гэта ўжо было знятае адтуль, дзе вісела, і мы ўжо чакалі, як будзем..., а ўсё прыгожа пакроенае..».

Спадарыня кажа, што бацькі ў Вялікі чацвер, у Вялікую пятніцу і Вялікую суботу практычна нічога не елі. У нядзелю раніцай ішлі да касцёла свянціць яйкі, соль, хлеб, хрэн, цыбульку, булку, кавалак каўбаскі – усё гэта ў белай сурвэтцы, прыгожа закручана.
Потым гэтае свянцонае ставілася на стол і пачыналася снеданне. Кожны павінен быў паспрабаваць усё свянцонае, затым малітва, біліся на яйкі.

«Нарэзвалі вялікую талерку з разнастайнымі мясамі, заўжды быў фаршмак, хаця мама называла яго клёпс, каўбаскі, паляндвічкі. Мама заўжды рабіла галубцы такія пышныя, што я магла з’есці толькі палову, салаты, свае нарыхтоўкі гуркоў, памідораў».

Да таты заўсёды прыходзілі праваслаўныя суседзі. Яны доўга размаўлялі, частаваліся, вясёла бавілі час.

Гэты дзень у сям’і спадарыні Ясі і зараз, як 30 год таму, збірае ўсю радню. Кожны год яны робяць агульны здымак. Ды і наагул гэта заўсёды добрая магчымасць пасядзець вялікай сям’ёй і паразмаўляць па справах і проста пра жыццё.

Алесь Завіноўскі, Гродна

на фота: цэнтр Гродна