Беларуская Служба

«Чытанкі» у Моладзевым хабе – выдатная нагода вывучаць мову, знаёмячыся з палякамі

09.02.2022 12:53
Беларусы разам з палякамі ў голас чытаюць польскую літаратуру, тым самым вывучаючы мову і спакваля інтэгруючыся.
Аўдыё
  • У выпадку сталай цікавасці з боку беларускай дыяспары завадатары абяцалі, што інтэграцыйныя «Чытанкі» у Беларускім моладзевым хабе стануць рэгулярнымі.
«Чытанкі» у Моладзевым хабеКрыніца: polskieradio.pl/396

Увечары 8-га лютага ў сядзібе Беларускага моладзевага хабу, які месціцца на варшаўскай Плошчы Канстытуцыі 6, распачаліся «Чытанкі – сямейныя сустрэчы вакол польскіх кніжак». Беларусы разам з палякамі ў голас чытаюць польскую літаратуру, тым самым вывучаючы мову і спакваля інтэгруючыся. Для замежнікаў сумеснае чытанне дазваляе ўзмоцніць моўныя кампетэнцыі, распавяла каардынатарка адукацыйных праектаў Беларускага моладзевага хабу Ганна Канеўская.

Польскім завадатрам «Чытанак» у Беларускім моладзевым хабе стала няўрадавая арганізацыя фонд Czytam z Tobą (па-бел. «Чытаю з табою»), які папулярызуе ідэю чытання. Кніга з’яўляецца мастком паміж людзьмі, які дазваляе наладзіць адносіны, быць разам і перажываць агульныя радасныя моманты, кажа супрацоўніца фонду, філолаг Магдалена Маёс:

-Нас гэта вельмі захапіла. Французскія арганізацыі праводзілі чытання ў розных месцах, дзе знаходзяцца маленькія дзеці. Гэта індывідуальныя чытанні ў групе. Яны ставяцца да кнігі як да сродку наладжвання адносін з іншым чалавекам. Нашы першыя праекты ў Польшчы былі звязаны з маленькімі дзецьмі. Мы пачалі інтэнсіўна развіваць наш фонд.

Затым, на жаль, пачалася пандэмія, у выніку якой мы не маглі трапіць у яслі або дзіцячыя садкі. Тады мы пачалі развіваць наш фонд у сацыяльных сетках: Facebook, Instagram. Пачалі развівацца разнастайныя праекты, якія ўжо не былі прысвечаны маленькім дзецям. Аказалася, што жаданне мець зносіны з людзьмі, з іншым чалавекам характэрна не толькі для маленькіх дзяцей, але і для іншых, асабліва сталых, хворых ці замежнікаў, якія не валодаюць мовай.

Удзельніца першых «Чытанак» Святлана (імя зменена па просьбе суразмоўцы) кажа, што засталася задаволеная такім своеасаблівым заняткам:

-Прыехала ў Польшчу ў жніўні 2021 года, прычынай стала мая палітычная актыўнасць. Улетку 2020-га я збірала подпісы за Віктара Бабарыку, разлічвала на перамогу… але не атрымалася. Паступова нада мною навісла пагроза арышту, засталося адно выйсце – эміграцыя ў Польшчу.

Вельмі спадабалася сённяшняя сустрэча, бо падчас вывучэння польскай мовы адчуваю цяжкасці з вымаўленнем польскіх гукаў, з правільным чытаннем. Нават калі дома сам сядзіш і чытаеш, незразумела, ці правільна вымаўляеш гэтыя літары. Існуе вялікая верагоднасць таго, што запомніш памылковае вымаўленне. А тут, на гэтай сустрэчы побач сядзіць носьбіт мовы і выпраўляе мае памылкі. Нас выпраўляюць і на сваім прыкладзе паказваюць, як трэба чытаць правільна. Падыход вельмі добры, мне спадабалася. З задавальненнем буду сюды прыходзіць, а наступным разам прыйду разам з дзіцем.

У выпадку сталай цікавасці з боку беларускай дыяспары, завадатары абяцалі, што інтэграцыйныя «Чытанкі» у Беларускім моладзевым хабе стануць рэгулярнымі.

Слухайце аўдыё!

эж 

Беларуская моладзь мае сваё аб'яднанне ў Варшаве

07.10.2020 14:18
Беларускі Моладзевы Хаб гэта месца першага кантакту ў Варшаве для маладых беларусаў.

Беларускі моладзевы хаб дапамагае запісаць беларускіх вучняў у польскія школы

14.08.2021 09:19
Найбольшай перашкодай з'яўляецца няведанне польскай мовы і адсутнасць дзетак у польскай электроннай сістэме.