У бліжэйшую суботу 3 верасня ў Польшчы пройдзе Агульнанацыянальнае чытанне. Гэтае культурнае мерапрыемства адбываецца штогод пад патранатам прэзідэнта Польшчы: упершыню яно прайшло ў 2012 годзе па ініцыятыве тагачаснага кіраўніка Польшчы Браніслава Камароўскага. Мэта грамадскай акцыі – прапагаванне нацыянальнай літаратуры, у тым ліку польскай класікі.
Штогод акцыю пачынаюць прэзідэнт Польшчы і першая лэдзі, зачытваючы фрагмент твору польскай літаратуры. Сёлета гэта будзе «Балады і рамансы» – паэтычны зборнік Адама Міцкевіча, які запачаткаваў эпоху рамантызму ў польскай літаратуры.
У гэтым годзе Агульнанацыянальнае чытанне пройдзе 11 па ліку раз. Трансляваць мерапрыемства будуць Першы, Другі і Трэці каналы дзяржаўнага Польскага радыё. Чытанне адбываецца па ўсёй краіне: выбраны фрагмент твору чытаюць у гарадах і вёсках, у школах, бібліятэках, дыпламатычных прадстаўніцтвах і іншых месцах. Раней Агульнанацыяльнае чытанне адбывалася ў тым ліку ў Беларусі сярод польскай нацыянальнай меншасці, а таксама ў Польскім інстытуце ў Мінску ды ў консульствах Польшчы ў Брэсце і Гродне.
Беларуская служба Польскага радыё таксама прымала ўдзел у нацыянальнай акцыі чытання. Штогод наша рэдакцыя сваімі сіламі рыхтавала фрагмент твору ў перакладзе на беларускую мову і зачытвала яго ў эфіры.
Так, фрагмент раману «Лялька» Баляслава Пруса, агульнапольскае чытанне якога адбылося ў 2015 годзе, прагучаў таксама ў нашым эфіры (слухайце аўдыёфайл). Дарэчы, твор «Лялька» на беларускую мову пераклала наша колішняя журналістка Галіна Жарко.
А вось у 2017 годзе цэлая Польшча чытала вядомейшы твор «Вяселле» польскага класіка Станіслава Выспяньскага. Да акцыі таксама далучылася і Беларуская служба Польскага радыё, прачытаўшы фрагмент на мове Коласа і Купалы (слухайце аўдыёфайл).
У 2019 годзе на Агульнанацыянальнае чытанне было падрыхтавана ажно восем тэкстаў, сярод якіх – навела «Шарманка» Баляслава Пруса. І менавіта фрагмент гэтага твору для нашых слухачоў падрыхтавалі мае калегі (слухайце аўдыёфайл).
Агульнанацыяльнальнае чытанне – гэта ўнікальная акцыя, якая сапраўды дапамагае ў пашырэнні польскай літаратуры і з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Нечым падобным у беларускім грамадстве можна назваць агульнанацыянальную дыктоўку.
Валеры Саўко