Мерапрыемства будзе праходзіць з 14 па 23 кастрычніка. Спіс фільмаў, якія ўвойдуць у міжнародны конкурс, прадставіў у чацвер на прэс-канферэнцыі дырэктар фестывалю Стэфан Лаўдын. Як ён адзначыў, сёлетняя падзея выключная, бо пасля шматгадовага перапынку фестываль вяртаецца ў сталічны кінатэатр «Атлантык».
Дырэктар WFF таксама анансаваў уключэнне ўкраінскага конкурсу ў праграму фестывалю. «Мы пачалі супрацоўніцтва з міжнародным фестывалем у Адэсе. З-за расійскага ўварвання і вайны ва Украіне ён не можа праводзіцца там, таму мы запрасілі яго ў Варшаву».
На фестывалі будзе прадстаўлена 156 фільмаў з 57 краін, у Варшаве адбудуцца сусветныя, міжнародныя і еўрапейскія прэм'еры многіх з іх. Запланавана 7 конкурсных і 5 пазаконкурсных секцый. Ва ўкраінскім конкурсе будуць прадстаўлены 11 поўнаметражных і 7 кароткаметражных фільмаў, у міжнародным – 15 стужак.
У склад журы ўвойдуць: амерыканскі рэжысёр і прадзюсер Каміла Хардман, прадзюсар Эва Пушчыньска, прадзюсар і сцэнарыст Чжавэй Чжан (Кітай), рэжысёр Богдан Джордж Апетры (Румынія / ЗША) і славацкі кінажурналіст, сацыёлаг, былы дыпламат і акадэмічны выкладчык Ладзіслаў Волька.
Дэбютны фільм Мацея Кавальскага «Небяспечныя джэнтльмены» з Томашам Котам, Марцінам Дараціньскім, Анджэем Севярынам і Войцехам Мецвалдоўскім у галоўных ролях быў абраны для адкрыцця фестывалю. Гэта гісторыя знакамітых дзеячаў мастацкай багемы ў Закапанэ на мяжы ХІХ-ХХ стст., на другім плане – крымінальны сюжэт.
ав