Беларуская Служба

Максім Осіпаў: Калі ты мастак у эміграцыі, табе апрыёры цяжка. Нікому не раю

01.08.2025 06:12
Беларускі мастак у эміграцыі Максім Осіпаў распавёў пра сваё жыццё і працу ў Польшчы.
Аўдыё
  • Максім Осіпаў: Калі ты мастак у эміграцыі, табе апрыёры цяжка. Нікому не раю
На здымку Максім Осіпаў Фота Паўла Залескага

Напачатку пашанцавала

Максім Осіпаў — мастак з Беларусі. Ён апынуўся ў Польшчы пасля падзей 2020 года. Вось ужо амаль чатыры гады жыве ў Варшаве і, як сам адзначае, зарабляе на жыццё выключна сваёй творчасцю.

— Мне пашанцавала на самым пачатку. Я выйграў конкурс Gaude Polonia — гэта стыпендыяльная праграма Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы для маладых дзеячаў культуры і перакладчыкаў польскай літаратуры з Беларусі, Украіны ды іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама постсавецкіх дзяржаў. Гэта быў добры трамплін у новай краіне: паўгода я мог жыць і працаваць за кошт польскіх падаткаплацельшчыкаў. Потым я пачаў прадаваць тое, што зрабіў за гэты час, застаўся ў той самай майстэрні, бо па кошце яна досыць даступная. І паступова выйшаў на нейкі ўзровень самазабеспячэння.

Маляваны дыван у інтэр’еры агрэсіўны

Працы Максіма досыць адметныя. Такая тэхніка і жанр рэдкія як у Беларусі, так і ў Польшчы. Вось што сам мастак распавядае пра сваю творчасць:

— Я пачынаў працаваць у жанры маляванага дывана. Гэта не звычайная карціна для інтэр’еру, а рэч, у якую трэба «заліпаць», якая шматузроўневая, складаная. Калі глядзіш на дыван, можна доўга ўглядацца, і ён не надакучвае. У нейкім сэнсе ён даволі агрэсіўны да асяроддзя, у якім знаходзіцца. Ён захоплівае прастору, «акупоўвае» гледача.

Мае дываны пра беларускія праблемы

— Што да тэматыкі — тут і біблейскія матывы, і нацыянальныя, і сярэднявечча…

— Я працую з сучаснымі наратывамі, з актуальнымі тэмамі, праблемамі. А тое, што прысутнічаюць пазнавальныя вобразы — гэта частка жанру. Маляваныя дываны часта ствараліся як аматарскія копіі вядомых карцін, часам змешваліся, але распавядалі пра нешта іншае.

— І пра што распавядаюць вашы дываны?

— Пра нашы беларускія праблемы. Па кожнай тэме, што ёсць у маіх працах, можна напісаць кнігу. Любую працу вазьміце — і можна напісаць невялікае эсэ.

Гэты жанр існаваў у ВКЛ, але не ва ўсёй Рэчы Паспалітай

Звяртаю ўвагу мастака, што падобныя працы рэдка сустракаюцца ў еўрапейскіх краінах. Ён усміхаецца і запэўнівае, што гэта не зусім так.

— У любым рэгіянальным музеі Беларусі знойдзецца хаця б адзін узор. Найбольшая калекцыя — у Заслаўі, багатая — у Браславе. Я быў адным з першых, хто зрабіў мурал у гэтым стылі. Гэта даволі распаўсюджана, проста не ўсе гэта заўважаюць. На момант, калі я пачынаў, гэта не было папулярна. Папулярызацыя толькі набірала абароты, перадусім дзякуючы раскручванню імёнаў Алёны Кіш і Язэпа Драздовіча. Але гэты жанр быў, існаваў, праўда, не ў сталіцы.

Што да стаўлення палякаў да такога мастацтва, то яно тут хутчэй невядомае. Імі, паводле суразмоўцы, мала цікавяцца, рэдка набываюць.

— У Польшчы нічога падобнага асабліва не бачыў. У іх свае тэмы і свае стылі. Гэта ўсё ж больш уласціва Беларусі і Паўднёвай Украіне. Вось у ўкраінскіх музеях бачыў шмат падобнага. Гэты жанр існаваў у межах ВКЛ, але не па ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Таму, магчыма, палякі яго не ўспрымаюць і рэдка купляюць. Часцей за ўсё мае працы набываюць беларусы, часам — украінцы.

Ад асабістага да грамадскага

Я зноў вяртаюся да тэматыкі прац: мяне цікавіць, як у гэтых яркіх дыванах змешваюцца розныя эпохі. І мастак тлумачыць, што прыйшоў да гэтага паступова.

— Нічога выпадковага няма. Спачатку я рабіў копіі, але з часам выйшаў на вуліцу, калі зрабіў свой першы дыван і атрымаў рэакцыю людзей, якая значна выходзіла за межы культурнай бурбалкі. Гэта мяне вельмі падбадзёрыла. Я атрымаў натхненне працаваць далей, адыйшоў ад асабістых тэм і перайшоў да грамадскіх, культурна-палітычных.

Цікаўлюся ў Максіма, якое ўражанне на яго робіць польскае мастацтва: што прываблівае, здзіўляе, магчыма, натхняе.

— Калі шчыра, я невялікі аматар фестываляў і галерэй. Люблю хадзіць у Нацыянальны музей і доўга ўглядацца ў правераную класіку. Сучаснікі мяне не вельмі цікавяць. Мне больш цікава назіраць за сацыяльнымі працэсамі, канфліктамі. Я такі мастак, якому не надта цікавыя іншыя мастакі.

— А чым вы больш цікавіцеся?

— Філасофіяй, культурай, сучаснай палітыкай — усім, што адбываецца вакол нас.

Не бачу пераваг у эміграцыі

— Як вы інтэграваліся ў польскае грамадства? Як адчуваеце сябе тут як мастак і проста як чалавек?

— Ды ніяк асабліва не інтэграваўся, польскую мову ўсё яшчэ кепска ведаю, толькі трошкі навучыўся разумець. Ёсць нейкая зона камфорту ў выглядзе майстэрні, якую, дарэчы, сёлета плануюць зносіць. Здымаю пакой, ёсць любімы танны бар, дзе можна паліць. Інтэграцыя — гэта першапачаткова нездаровая сітуацыя. Я не бачу ніякіх пераваг у эміграцыі і радасці жыцця ад яе.

У нашай размове ўзнікае паўза. Максім паглядае то на свае працы, то на мяне. На яго твары застаецца спакойная ўсмешка, якая не выдае нічога трагічнага. Мастак нават у эміграцыі застаецца мастаком, увесь у творчых думках. А мяне цікавіць яшчэ адна рэч: як выжыць мастаку ў эміграцыі?

— Калі вы мастак у эміграцыі, вам апрыёры цяжка. Асабліва калі вы не замарочаныя на ўсіх гэтых грантах. Вам будзе цяжка, нікому не раю. Кожны пражыты дзень у такой сітуацыі — гэта ўжо маленькая перамога. Я прыдумаў сабе бізнес. Паколькі мая аўдыторыя не можа плаціць нармальныя грошы за арыгіналы, я стаў вырабляць друкаваныя копіі, якія выглядаюць амаль як арыгіналы і даступныя кожнаму. Яны скручваюцца ў трубачку — ідэальны фармат для эмігрантаў, што часта пераязджаюць з кватэры на кватэру. Зараз гэта мяне другі год корміць. Хаця аўдыторыя вычэрпваецца, эмігрантаў не так шмат, як падаецца. Магчыма, давядзецца прыдумваць нешта іншае…

На развітанне Максім кажа, што дом згадваецца часта. Ён ніколі не хацеў з’язджаць з радзімы.

Павел ЗАЛЕСКІ


 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы