Беларуская Служба

Kostuś Czurlanis: польскія і беларускія сляды літоўскага мастака і кампазітара

23.10.2025 15:11
Сёлета адзначаецца 150-годдзе Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Д.Кучынскас пра М.К.Чурлёніса.
                   .
Дарус Кучынскас і Соня Вранкоўска падчас размовы ў Палацы Рэчы Паспалітай аб жыцці і творчасці Мікалаюса Канстанцінаса Чурлёніса ў Варшаве.Viktar Korbut

Роўна 10 гадоў таму, у кастрычніку 2015 года, у Мінску быў адкрыты памятны знак Мікалоюсу Канстанцінасу Чурлёнісу на вуліцы яго імя. Тут, у былым маёнтку  Чарноцкіх — Пятроўшчына, дзе цяпер знаходзіцца аднайменная станцыя метро, у Софіі Чурлёнене-Кімантайце, жонкі мастака, нарадзілася іх адзіная дачка Данута. Сам Чурлёніс прыйшоў на свет 10 (22) верасня 1875 года.

У Вільні, на вуліцы Благавешчанскай (цяпер Дамінікону) у 1906–1945 гг. дзейнічала літоўская кнігарня Марыі Пясяцкайце-Шлапялене. Тут прадаваліся беларускія кнігі, газеты «Наша Доля», «Наша Нива», можна было аформіць на іх падпіску. Літаратуразнаўцы Алма Лапінскене і Адам Мальдзіс пісалі са спасылкай на Пясяцкайце-Шлапялене, што беларускі паэт Янка Купала часта заходзіў у кнігарню разам з Чурлёнісам. Упершыню Купала прыехаў у Вільню ў верасні 1908 г. У верасні 1909 г. ён выехаў з Вільні. Чурлёніс жыў у Вільні з восені 1907 г. да прынамсі мая 1908 г. Чурлёніс памёр пад Варшавай у 1911 г. і пахаваны ў Вільні, на могілках на Росе. У 1914 г. у Вільні вышаў шматмоўны зборнік «День искусства. Dzień artystyczny. Meno diena. Дзень штукарства. 8-XII-1914», у якім былі змешчаны творы Чурлёніса, Купалы, іншых беларускіх пісьменнікаў — Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна.

Гэтыя беларускія старонкі біяграфіі Чурлёніса — малавядомыя. Не вядомы шырока і варшаўскія яго адрасы. Пра іх расказаў у варшаўскім Палацы Рэчы Паспалітай літоўскі музыказнавец, піяніст, педагог Дарус Кучынскас. Нагодай для размовы стала прэзентацыя каталога ўсёй музычнай спадчыны Чурлёніса, сабранай Кучынскасам.

Дзве аднолькавыя па змесце кнігі Даруса Кучынскаса — Chronologinis Mikalojaus Konstantino Čiurlionio muzikos katalogas і The Chronological Catalogue of the Music of Mikalojus Konstantinas Čiurlionis («Храналагічны каталог музыкі Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса»), прадстаўленыя ў Варшаве, выйшлі ў Вільні.

Гэтыя кнігі выдадзены к 150-годдзю з дня нараджэння Чурлёніса. Варшаўская прэзентацыя — адна з некалькіх. Я ўжо прадстаўляў кнігу ў Вільні, Чыкага і Вашынгтоне. Цяпер — у Варшаве, бо Чурлёніс правёў тут каля дзесяці гадоў. Кніга выдадзена Нацыянальнай бібліятэкай Літвы імя Марцінаса Мажвідаса, а мерапрыемства арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Польшчы. Я вельмі рад, што супрацоўніцтва паміж нашымі бібліятэкамі такое трывалае. Гэта ўжо другое выданне. Першае было надрукавана ў Літве вельмі абмежаваным тыражом. На гэты раз мы вырашылі выдаць кнігу на англійскай мове, каб яна стала даступнай замежным даследчыкам, музыкантам і музыказнаўцам. Кніга структуравана так, каб ахапіць усю музычную спадчыну Чурлёніса. Цяпер людзі ва ўсім свеце змогуць адкрыць і зразумець гэтую важную частку яго творчасці. Чурлёніс у свеце больш вядомы як жывапісец, а яго музычная спадчына дагэтуль не настолькі шырока вядома — і мы спадзяёмся гэта змяніць.

Трэба дадаць, што кнігі Дарюса Кучынскаса — вынік яго трыццацігадовай даследчай працы і ўключаюць у сябе апошнія адкрыцці ў архівах і бібліятэках. Каталог змяшчае больш за 100 новых твораў у параўнанні з папярэднімі выданнямі музыкі Чурлёніса (напрыклад, пад рэдакцыяй вядомага літоўскага вучонага і палітыка Вітаўтаса Ландсбергіса), што робіць яго неацэннай крыніцай інфармацыі для аматараў музыкі, даследчыкаў і ўсіх, хто цікавіцца творчай спадчынай кампазітара.

Чурлёніс у Варшаве жыў, тварыў, вучыўся ў 1894–1901 гадах, а пасля перапынку — у 1902–1904 гг.

Мастак правёў у Варшаве каля 10 гадоў свайго жыцця. Ён вучыўся ў Варшаўскім інстытуце музыкі (цяпер Музычны ўніверсітэт імя Фрыдэрыка Шапэна. — Рэд.) і ў Школе (цяпер Акадэмія. — Рэд.) прыгожых мастацтваў. Тут ён быў вельмі шчаслівы, бо меў кола блізкіх сяброў, якія яго разумелі. Яго кар’ера таксама пачалася ў Варшаве, таму гэты горад адыграў вельмі важную ролю ў яго творчым станаўленні. Пасля 1905 года ён вярнуўся ў Літву, наведваў Санкт-Пецярбург. Ён сам сябе ідэнтыфікаваў як літоўскага мастака і кампазітара. У Варшаве ён быў добра вядомы, бо менавіта тут выйшлі яго першыя музычныя выданні, а таксама прайшлі першыя выстаўкі яго карцін. Такім чынам, ён быў вельмі актыўны ў Варшаве.

Чурлёніс у поўным сэнсе гэтага слова быў сусветным мастаком і музыкантам.

На працягу ўсяго свайго жыцця Чурлёніс, па сутнасці, быў мастаком трох народаў: польскага, літоўскага і рускага. Калі ён жыў у Польшчы, яго ўспрымалі як польскага мастака, у Літве — як літоўскага, а ў Санкт-Пецярбургу — як рускага. Аднак у адным з лістоў да свайго хроснага брата ён пісаў, што ўсёй душой прысвяціў сябе Літве — краіне, якой тады не было на карце. Сёння мы вельмі рады і ганарымся яго выбарам.

Гэта не сакрэт для даследчыкаў, але мала вядомы факт шырокай публіцы — тое, што Чурлёніс, будучы літоўцам, у паўсядзённым жыцці пераважна размаўляў і пісаў па-польску. І сам сябе называў па-польску — Kostuś.

Дарэчы, так называлі і беларускага пісьменніка Канстанціна Міцкевіча, вядомага нам як Якуб Колас. Так мы называем Вінцэнты Канстанты Каліноўскага, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг. Дарэчы, калі спрачаюцца пра імя Каліноўскага, то трэба меркаваць, што дома, сярод блізкіх, а таксама сярод сяброў яго сапраўды маглі называць Kostuś, хаця сам ён ні разу так не падпісваўся. Але Чурлёніс падпісваўся.

Дарус Кучынскас прадставіў у Варшаве фрагменты музычных твораў Чурлёніса.

А дзе можна пабачыць арыгінальныя творы Чурлёніса? Дарус Кучынскас ведае гэта, бадай, лепш за ўсіх.

— 98% мастацкай спадчыны Чурлёніса захоўваецца ў Літве — перш за ўсё ў Нацыянальным мастацкім музеі імя М. К. Чурлёніса ў Каўнасе. Там знаходзяцца яго музычныя рукапісы, карціны, малюнкі і розныя асабістыя матэрыялы. За межамі Літвы захаваліся толькі некалькі яго прац. Напрыклад, дзве карціны — у Санкт-Пецярбургу. У Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальным музеі Польшчы таксама ёсць некалькі экспанатаў, у тым ліку дзве карціны — адна ранняга перыяду, другая — пазнейшага (у Нацыянальным музеі). Але ў цэлым амаль уся спадчына Чурлёніса засяроджана ў Каўнасе — менавіта там яна прадстаўлена найбольш поўна.

Цяпер на выстаўцы ў варшаўскім Палацы Рэчы Паспалітай можна пабачыць якраз тыя матэрыялы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы, што звязаны з Чурлёнісам. Гэта фатаграфіі часоў яго вучобы ў Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў, ноты. Соня Вранкоўска, загадчык аддзела музычных калекцый Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы, правяла па невялікай, але змястоўнай экспазіцыі.

— Мы падрыхтавалі невялікую выстаўку экспанатаў з нашых калекцый — розных тыпаў, якія звязаныя з творчасцю або біяграфіяй Чурлёніса. Гэта, між іншым, альбом рэпрадукцый яго жывапісных прац — з калекцыі Чэслава Мілаша, надрукаваны ў Вільні ў 1984 годзе.

Чэслаў Мілаш, польскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, таксама паходзіў з Літвы, як і Чурлёніс. Дарэчы, сваяк Чэслава — Оскар Мілаш, літоўскі паэт і дыпламат, быў родам з Чарэі, што ў сучасным Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі.

Як бачым, выдатныя дзеячы польскай і літоўскай культуры маюць розныя сувязі з Беларуссю.

А жыццё Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса скончылася на польскай зямлі — у вёсцы Пустэльнік, якая цяпер уваходзіць у межы горада Маркі пад Варшавай, у 1911 годзе. Пра гэта сведчыць мемарыяльная дошка на будынку бальніцы, дзе памёр мастак і кампазітар.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Ірына Сізоненка з Любліна напісала манаграфію пра мастака з-пад Ваўкавыска Станіслава Жукоўскага

29.11.2024 12:05
Ірына Сізоненка звяртае ўвагу на тое, што мастак Станіслаў Жукоўскі і яго спадчына належаць не адной Беларусі, але і Польшчы, а яго лёс і творчасць звязаны таксама з Расіяй, Літвой і Украінай.