Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: «Што нам засталося з гэтых гадоў» Мячыслава Фога

13.11.2025 17:00
У міжваенны перыяд музыкант быў надзвычай папулярным, запісаў дзясяткі песень.
Mieczysław Fogg
Mieczysław Fogg Narodowe Archiwum Cyfrowe

Толькі што палякі адзначылі 11 лістапада - Свята дзяржаўнай незалежнасці з нагоды гадавіны вяртання польскай дзяржавы на карту Еўропы. З гэтае нагоды я хачу вярнуцца да класікі польскай музычнай сцэны міжваенных гадоў. Я выбрала песню ў выкананні Мячаслава Фога (Mieczysław Fogg).

Мячаслаў Фог (сапраўднае прозвішча Fogel – Фогель) — польскі спявак, лірычны барытон, адзін з самых вядомых выканаўцаў у гісторыі польскай эстрады. Яго кар’ера ахоплівала больш за шэсць дзесяцігоддзяў — ад міжваеннага перыяду да канца XX стагоддзя.

Сярод яго папулярных песень — «Tango Milonga», «Do ostatniej niedzieli» («Да апошняй нядзелі»), «Jesienne róże» («Асеннія ружы»), «Pierwszy siwy włos» («Першыя сівыя валасы») і «Mały biały domek» («Малы белы домік»).

Фог нарадзіўся ў Варшаве ў маі 1901 года ў сям’і чыгуначнага інжынера. У маладосці ваяваў у польска-бальшавіцкай вайне 1920 года. Потым пачаў спяваць у хоры касцёла святой Анны, а ў 1926 годзе ўзяў сцэнічны псеўданім «Фог». Дэбютаваў у 1928 годзе ў вядомым варшаўскім тэатры Qui Pro Quo, дзе выступаў разам з найбуйнейшымі зоркамі таго часу.

У міжваенны перыяд быў надзвычай папулярным, запісаў дзясяткі песень для кампаніі Odeon, гастраліраваў па Еўропе і ЗША. У 1938 годзе стаў першым польскім артыстам, які выступіў ў тэлеперадачы.

Падчас нямецкай акупацыі і Варшаўскага паўстання (1944) выступаў перад паўстанцамі пад псеўданімам «Пташэк», падтрымліваючы іх маральны дух. За ўдзел у паўстанні атрымаў дзяржаўную ўзнагароду – Залаты крыж. Таксама дапамагаў яўрэям, якія хаваліся ад нацыстаў.

Пасля вайны працягваў канцэртную дзейнасць у Польшчы і за мяжой, стаў сімвалам настальгічнай даваеннай песні. Выступаў да канца жыцця, застаючыся надзвычай папулярным сярод некалькіх пакаленняў слухачоў. Памёр у Варшаве ў 1990 годзе.

А я прапаную вашай увазе кампазіцыю ў выкананні Мячаслава Фога пад назваю «Што нам засталося з гэтых гадоў» (Co nam zostało z tych lat).

Dawne dni, czułe dni, wonią bzów przepojone

Wiosna we krwi, szumiał złoty nasz śpiew

Dziś jesień łka, lecą dziś zwiędłe liście z drzew

I bolesny sen mi się śni - z nocy i dni minionych.
Co nam zostało z tych lat miłości pierwszej
Zeschnięte liście i kwiat w tomiku wierszy
Wspomnienia czułe i szept i jasne łzy co nie schną

I anioł smutku co wszedł i tylko westchnął.

W jeden cień, w jeden dźwięk, w jedną pieśń melancholii
Złączył nas los - płyńmy razem w tę dal!
Czy szczęście to, czy śmierć, czy serdeczny żal
To na zawsze nasze już jest, nasze już jest choć boli.
Co nam zostało z tych lat…


Што нам засталося з тых гадоў. Даўнія дні, пяшчотныя дні, прасякнутыя водарам бэзу. Вясна ў душы, гучаў наш залаты спеў. Сёння восень плача, падаюць з дрэў завялыя лісты, і балючы сон мне сніцца — начэй і дзён мінулых. Што нам засталося з гэтых гадоў першага кахання?

Засохлыя лісты і кветка ў зборніку вершаў, пяшчотныя ўспаміны і шэпт, і ясныя слёзы, што не сохнуць, і анёл смутку, які ўвайшоў і толькі ўздыхнуў. У адзін цень, у адзін гук, у адну песню настальгіі лёс нас злучыў — плывём разам у гэтую далечыню!

Ці гэта шчасце, ці смерць, ці сардэчны жаль — гэта ўжо назаўжды наша, наша, хоць і баліць. Што нам засталося з гэтых гадоў...

Mieczysław Fogg "Co nam zostało z tych lat". Верш напісаў Юльян Тувім у 1932 годзе. Твор быў пакладзены на музыку Уладзіславам Данам. Тэксты паэта апісваюць меланхалічныя ўспаміны і балючыя пачуцці, звязаныя з першым каханнем. Шмат у ім адпаведных вобразаў. Напрыклад:

Wonią bzów przepojone – пахам (водарам) бэзу прасякнутыя. Woń – гэта беларускі пах, прыемны водар. Кагосьці гэта можа здзівіць, асабліва асацыяцыя з расійскай вонью. Але на польскай мове акрэсленне на непрыемны запах падобнае, як на беларускай – smród.

Dziś jesień łka – сёння восень плача. Łkać – гэта не проста плакаць, а плакаць з вялікай горыччу, нават можна сказаць – душыцца ад слёз.

Złączył nas los - płyńmy razem w tę dal! – нас злучыў лёс, плывём разам у гэтую далечыню. Звяртаю ўвагу на займеннік tę – гэтую, вельмі часта палякі гаворыць не tę, а tą. Гэта няправільна з граматычнага пункту гледжання, хаця гэтым варыянтам ужо вельмі шмат людзей карыстаецца ў гутарковай мове. Але правільна ўсё ж такі tę – wziąć tę książkę, kochać tę kobietę – узяць гэтую кнігу, кахаць гэтую жанчыну і г.д.  

нг


Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы