З мовазнаўцам, спецыялістам у галіне дыялекталогіі, супрацоўнікам Славянскага інстытута Чэшскай акадэміі навук Міраславам Янковякам наш карэспандэнт гутарыць пра стан беларускіх гаворак на памежжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй.
— Спадар Міраслаў, не магу не запытацца: колькі часу вы патрацілі на тое, каб так бездакорна размаўляць па-беларуску? Падобнае не часта можна сустрэць у Польшчы.
— Па-першае, я заканчваў беларускую філалогію ў Варшаве. На працягу пяці гадоў абсалютная большасць заняткаў была па-беларуску, але гэта хутчэй мова літаратурная. А вось каб свабодна размаўляць, думаць па-беларуску размоўнай мовай — гэта я вывучыў дзякуючы людзям, з якімі быў знаёмы. Гэта былі і падарожжы па Беларусі, і рознага кшталту актыўнасці, мерапрыемствы, сустрэчы. А калі я паехаў працаваць у Чэхію (а я там ужо восем гадоў), адной з першых рэчаў, якую зрабіў, было тое, што я сабраў каля сябе мясцовых беларусаў-навукоўцаў. Мы даволі сістэматычна сустракаемся, размаўляем па-беларуску — з аднаго боку, каб падтрымліваць мову, а з другога — каб дзяліцца рознымі думкамі. Гэта дапамагае і вывучаць мову, і падтрымліваць яе на добрым узроўні.
— Што датычыць дыялекталогіі, вы маеце значны досвед у даследаваннях на паграніччы. Вы былі і на беларуска-польскім, і на беларуска-літоўскім, і на беларуска-латвійска-расійскім паграніччы. Вось гэтыя тры розныя рэгіёны — што іх розніць з пункту погляду беларускага дыялекту і што аб’ядноўвае?
— Адрозненняў, насамрэч, шмат, а аб’ядноўвае тое, што ўсе гэтыя людзі карыстаюцца беларускай гаворкай — хоць і рознай. Калі мы кажам пра паўночна-ўсходнюю Польшчу ці Віленшчыну — гэта паўднёва-заходні дыялект. Трошкі далей — Дзівінішкі і на поўнач — там ужо сярэднебеларускія гаворкі, і яны маюць іншы характар. Беларускія гаворкі на тэрыторыі Латвіі — гэта ўжо прадаўжэнне ўсходняга, ці, як кажуць, старажытна-крывіцкага дыялекту. Гэтыя гаворкі ў Латвіі больш блізкія да рускай мовы — гэта бачна па лексіцы.
У гаворках на Віленшчыне шмат супольнага з польскай мовай, там шмат паланізмаў. Кожны рэгіён мае сваю спецыфіку, трошкі інакш выглядае пытанне ідэнтычнасці, тоеснасці. На Віленшчыне большасць лічаць сябе палякамі, у Латгаліі — прыкладна 50 на 50, а на пагранічнай тэрыторыі з Расіяй многія кажуць, што яны рускія, хоць і карыстаюцца беларускай гаворкай. На беларускай тэрыторыі ўсе падкрэсліваюць, што яны беларусы. А аб’ядноўвае ўсе гэтыя рэгіёны — гасціннасць і пазітыўнае стаўленне да чужога чалавека. Пра гэта можна не адзін даклад прачытаць.
— Цікава, што тоеснасць людзей на паграніччы адрозніваецца, але ў той жа час, як вы кажаце, усе яны гасцінныя…
— Так, і гэта не проста гасціннасць, але і гатоўнасць расказаць чужому чалавеку пра сваё жыццё, успаміны, традыцыі, звычаі. Гэта неверагодна, бо гэтым сваім багаццем — пражытым жыццём — яны гатовыя падзяліцца са мной.
Чалавек на памежжы ўспрымае ўсё, што вакол яго. Мова — гэта люстэрка жыцця, якое нас акружае. І калі нейкая бабуля, жанчына ці дзяўчынка мела сваіх суседак, сябровак, слухала ад іх розныя мовы і лепш або горш магла на іх размаўляць — па-беларуску, па-польску, па-літоўску ці па-руску — гэта і ёсць багацце памежжа. І тут шмат цікавых момантаў, якія можна даследаваць і не адну кнігу напісаць.
— На ваш погляд, як эвалюцыянуе паняцце дыялектнасці на памежжы цяпер, калі назіраем, што ў Польшчы беларусы становяцца палякамі, у Літве — літоўцамі і г.д., і знікае гэтае багацце полікультуры?
— На жаль, страчваецца. І тут існуе шмат чыннікаў — не толькі ўнутрымоўных, але і знешніх. Калі мы кажам пра меншасць, якая жыве па-за сваёй краінай, звычайна хапае трох пакаленняў, каб страціць родную мову. Прычыны розныя: напрыклад, колькі чалавек у вёсцы гаворыць на гэтай мове. Калі такіх людзей шмат — мова жыве, а калі толькі адна бабуля — ёй няма з кім размаўляць. Шмат залежыць ад інстытуцыянальнай падтрымкі: наколькі меншасць можа арганізоўвацца, мець свае інстытуты, таварыствы, СМІ, адукацыю.
Калі ў мяне былі даследаванні на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі — на Смаленшчыне і ў Пскоўскай вобласці, — то, на маю думку, там ужо ўсё страчана. У Латгаліі я таксама запісваў апошніх людзей, якія нарадзіліся ў 1920–1930-х гадах. З імі сыдзе і беларуская гаворка. На Віленшчыне і Падляшшы сітуацыя трошкі лепшая, бо сярэдняе пакаленне і моладзь яшчэ карыстаюцца беларускай гаворкай.
Таму маю пачуццё адказнасці, асабліва за рэгіёны, дзе гэтыя гаворкі амаль зніклі: трэба напісаць кнігі, падрыхтаваць слоўнік гаворак, стварыць атлас. Бо, напрыклад, у Латвіі за апошнія 40–50 гадоў я быў апошнім навукоўцам, які праводзіў такія даследаванні. Я ведаю, што больш там такіх людзей не будзе, і таму на мне адказнасць — напісаць пра гэтыя гаворкі і захаваць матэрыял для будучых пакаленняў.
— Гэтыя людзі адыходзяць разам са сваёй культурай. А што застаецца пасля іх, калі нашчадкі ўжо не карыстаюцца іх гаворкамі?
— На жаль, усё змяняецца. Калі памірае бабуля, дзеці ці ўнукі часта ўсё выкідваюць з хаты — старыя рэчы, кніжкі, іншае. Гэтая спадчына страчваецца. І тут вялікая задача і для навукоўцаў, і для грамадскіх дзеячоў — зрабіць усё, каб захаваць як мага больш гэтай культуры і мовы. Як мовазнаўца, я магу напісаць дыялектны слоўнік і паказаць, як гэтая гаворка выглядала, бо, калі я дажыву да пенсіі, яе ўжо, магчыма, не будзе.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл