З Настай Карнацкай — кніжнай блогеркай, перакладчыцай, супрацоўніцай выдавецтва «Янушкевіч» і кнігарні «Кнігаўка» — наш карэспандэнт размаўляе пра тое, як у сучасным свеце прадаюцца кнігі і ці зможа штучны інтэлект замяніць пісьменніка.
— Наста, дык як у сучасным свеце выдаўцы імкнуцца прадаваць кнігі? Існуе шмат сацыяльных сетак. Якія з іх выдаўцы выкарыстоўваюць для павелічэння продажаў?
— Часцей за ўсё выдаўцы карыстаюцца стандартнымі спосабамі прасоўвання кніг у сваіх сацыяльных сетках: вядуць старонкі ў Facebook або Instagram. Але апошнім часам пачынаюць пашырацца больш модныя маладзёжныя платформы, такія як TikTok, і выдаўцы таксама глядзяць у гэты бок, робяць відэа, бо гэта можа прывабіць большую колькасць чытачоў.
— Цікава, як гэта працуе праз TikTok? Як дзейнічае такі механізм?
— Паводле апошніх звестак, каля 70% карыстальнікаў TikTok — людзі ва ўзросце ад 18 да 34 гадоў. Ёсць і іншыя ўзроставыя групы, якія карыстаюцца гэтай платформай. Чаму гэта чапляе людзей? Таму што гэта кароткі кантэнт, які не патрабуе шмат часу, але дае лёгкую і хуткую ўцягнутасць. Там няма складаных аглядаў літаратуры, няма крытычных матэрыялаў, пры чытанні якіх можна заснуць літаральна на трэцім радку, бо пачынаецца навуковая тэрміналогія. Гэта акурат той жанр, у якім людзі дзеляцца сваімі ўражаннямі і эмоцыямі — і гэта тое, што найбольш чапляе. Нехта знаёмы напісаў, што кніга змяніла яго жыццё, што ён не спаў усю ноч, чытаючы яе — і гэта зачэпіць іншага. І не трэба тлумачыць, чаму так адбылося: гэтай эмоцыі дастаткова, каб узнікла ланцуговая рэакцыя.
— Што прапаноўваюць праз TikTok, што чытаюць?
— Зразумела, што найчасцей гэта літаратура, якая не патрабуе вялікай разумовай працы. Гэта кнігі для адпачынку, якія некаторыя называюць «несур’ёзнымі жанрамі»: фэнтэзі, любоўныя раманы, «жаночая» літаратура. Але часам нечакана хітамі ў такіх сетках становяцца і сур’ёзныя творы.
— Што датычыцца беларускай літаратуры — ці спрабуюць яе выдаўцы праз сацсеткі прасоўваць продажы?
— Звычайна беларускія выдавецтвы карыстаюцца Facebook і Instagram. Але не варта забываць, што цяпер уваходзіць у моду TikTok, дзе людзі дзеляцца сваім жыццём і ўражаннямі, у тым ліку і пра кнігі. Пакуль беларускія выдаўцы там не надта актыўныя, але беларускіх карыстальнікаў у TikTok нямала.
— А якая з сацыяльных сетак цяпер найбольш папулярная для продажу кніг?
— Калі гаварыць пра сусветны кніжны рынак, то TikTok цяпер у лідарах ва ўсіх сферах — ад продажу касметыкі да кніг. У Беларусі TikTok пакуль не настолькі развіты, у нас больш дзейныя каналы — Instagram і Facebook. Канечне, хацелася б, каб беларускія выдаўцы выкарыстоўвалі ўсе магчымыя інструменты.
— Цікава, што трэба паказаць у TikTok, каб кніга прадавалася?
— Гэта заўсёды непрадказальна. Замежныя выдаўцы маглі траціць вялікія сродкі на прасоўванне кнігі, дасылаючы яе розным блогерам, але яна так і не станавілася папулярнай. Як трапна заўважыў Андрэй Янушкевіч, галоўны чалавек ва ўсім гэтым — чытач. Менавіта ён вызначае, што добрае, а што не. Калі кніга сапраўды добрая, яна знойдзе свайго чытача і стане папулярнай. Колькі б маркетолагі і выдаўцы не трацілі грошай, усё роўна нечакана можа «стрэліць» нейкая іншая кніга, на якую ніхто не рабіў стаўкі. Таму проста трэба даваць людзям ведаць пра кнігі, а якая з іх стане папулярнай — залежыць ад самой кнігі.
— Дарэчы, раней казалі: знікнуць кнігі, тэатр, усё заменяць новыя тэхналогіі…
— Цяпер найбольш папулярнае пытанне — ці заменіць штучны інтэлект аўтараў. Мне здаецца, што ва ўсім гэтым пакуль вельмі мала душы, а людзям, нягледзячы на ўсе тэхналогіі, патрэбная душэўнасць. Патрэбная камунікацыя з людзьмі пра кнігі, якія яны прачыталі, кнігі, напісаныя жывымі аўтарамі, у якіх ёсць жывая эмоцыя. Штучны інтэлект можа зразумець механізм стварэння бестселера, але калі ў ім няма душы, чалавек гэта адчуе. Тое самае і з тэатрам — людзям патрэбная жывая камунікацыя, у тым ліку праз тэатр і кінематограф. Гэта ўсё не знікне, проста змяняе форму, фарматы, месцы распаўсюду.
— Добрая кніга заўсёды застанецца добрай кнігай?
— Абсалютна. Колькі разоў казалі, што знікне папяровая кніга з’яўленнем электроннай — але нічога падобнага не адбываецца.
— Наста, што вы любіце чытаць?
— Я люблю чытаць рознае. Паколькі працую ў сферы беларускай літаратуры, стараюся сачыць за ёй у першую чаргу. Але маю і літаратуру для адпачынку: фантастычную, дэтэктыўную. Мне заўсёды цікава, як гэтыя жанры становяцца папулярнымі. Пры гэтым люблю сур’ёзную, класічную літаратуру. Паколькі я працую ў гэтай сферы, стараюся чытаць нават самыя «нізкія» жанры, на якія многія не звяртаюць увагі. Мне цікава, чаму яны прыцягваюць чытачоў. І часта сярод гэтага можна знайсці нешта сапраўды вартае ўвагі. І хоць я маю філалагічную адукацыю і «абцяжараная» ёю, гэта не перашкаджае мне чытаць тое, што іншыя назвалі б нізкаякаснай літаратурай.
Павел ЗАЛЕСКІ