Беларуская Служба

Пісьменніца Югася Каляда ўпершыню прыехала з Вільні ў Варшаву

04.12.2025 15:18
На сустрэчы ў Варшаве з чытачамі з Мінска, Гомеля і Рэчыцы пісьменніца параіла ўдасканальваць беларускую мову, чытаючы з алоўкам творы класікаў.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Ю.Каляда ў Варшаве.
          .
Другая кніга Югасі Каляды «Перамена месцаў» у варшаўскай беларускай кнігарні «Кнігаўка». Viktar Korbut

Беларуская пісьменніца Югася Каляда цяпер жыве і працуе ў Вільні. Вядома яна таксама ў Польшчы. У 2005 годзе ў перакладзе на польскую мову ў Кракаве выйшла яе першая кніга — Traktor albo błąd w sztuce (у арыгінале «Invicta, або Галоўная памылка Афанасія»; перавыдадзена ў Кракаве па-беларуску ў 2025 годзе). А ў лістападзе 2025 года ў Гданьску другая кніга Каляды — «Перамена месцаў», выдадзеная летась у Вільні, — прынесла пісьменніцы другое месца на ўручэнні беларускай Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

На днях Югася Каляда пабывала ў Варшаве — упершыню. 29 лістапада адбылася прэзентацыя кнігі «Перамена месцаў» у варшаўскай беларускай кнігарні «Кнігаўка». Пісьменніца падзялілася з чытачамі сваімі думкамі на тэмы жыцця і творчасці. На сустрэчу прыйшлі беларусы з роднага горада Каляды — Гомеля, а таксама з Мінска, з якім звязана частка яе біяграфіі, Рэчыцы.

Так супала, што ў той жа вечар у Музеі сучаснага мастацтва ў Варшаве выступала нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч. Яна прызналася: «Я пішу ўсе свае кнігі па-руску. І мы не павінны здраджваць сваёй мове. На рускай мове як гаварылі людзі, так і гавораць».


Югася Каляда каля будынка Польскага радыё ў Варшаве.
Фота: Viktar Korbut
Югася Каляда каля будынка Польскага радыё ў Варшаве. Фота: Viktar Korbut

Югася Каляда, у сваю чаргу, у адрозненне ад калегі па пяры, падкрэсліла, што свядома піша і гаворыць па-беларуску і пастаянна ўдасканальвае сваю мову.

— Я не вучу іншыя мовы. Я вучу беларускую. Я чытаю кніжкі з алоўкам. У мяне ёсць спецыяльны слоўнічак, які я складаю. Я выпісваю словы з твораў аўтараў, якія пісалі яшчэ ў савецкі час: з Паўла Місько («Герадотава мора»), Кузьмы Чорнага, Васіля Сёмухі. Таксама я карыстаюся дыялектнымі словамі, якія дапамагаюць пашырыць сінанімічны рад. Мне хацелася б глыбей вывучыць беларускі сінтаксіс, пазнаць яго прыроду, даведацца аб нюансах, якія адрозніваюць яго ад рускага. Я лічу, мне яшчэ далёка да валодання беларускай мовай. Я хачу сказаць, што я яе не ведаю. Я яе вучу не тое, каб як замежную, але пашыраю слоўнікавы запас, у чым якраз дапамагае чытанне твораў іншых аўтараў.

Паміж выхадамі дзвюх кніг Югасі Каляды прайшло амаль 20 гадоў. Пісьменніца патлумачыла, чым быў выкліканы такі доўгі перапынак. Югася таксама падзялілася сваімі развагамі пра вечную праблему чалавецтва — змаганне дабра і зла, а таксама пра тое, як яна вырашае гэта пытанне ў сваіх творах. Каляда расказала пра свой шлях у грамадскае жыццё і тое, як гэта звязана з літаратурай, а таксама пра шлях беларусаў да свабоды — Сізіфаву працу многіх пакаленняў. Югася Каляда паабяцала варшаўскім беларускім чытачам больш не спыняцца ў літаратурнай творчасці.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Праф. Роман Шуль: Каб захавацца як нацыя, важна ганарыцца сваёй мовай і культурай

20.03.2025 15:01
Варшаўскі вучоны Роман Шуль піша кнігу «Народы. Перажытак, пагроза ці неабходнасць?».

Мірослаў Янковяк: У Беларусі няма польскіх школ, а ў Літве з беларускай пераходзяць на польскую мову

29.05.2025 15:13
На тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай засталіся сляды польскай прысутнасці, але не паўсюль гучыць польская мова.