У панядзелак музей абвясціў, што карціна была перададзена ў галерэю ў галоўным будынку Нацыянальнага музею ў Кракаве і застанецца там да канца года. Карціна была пазычана з калекцыі Яна Паўла II Варшаўскай архідыяцэзіі.
Гэтая карціна – адзін з першых алейных пейзажаў ван Гога. Мастак напісаў «Вясковыя хаты сярод дрэў» у 1883 годзе, прыкладна за пяць гадоў да сваіх самых вядомых работ, такіх як «Сланечнікі» і «Спальня ў Арле». Куратар Галерэі еўрапейскага мастацтва ў Нацыянальным музеі ў Кракаве адзначыў, што карціна, якая адлюстроўвае сціплую сельскую мясцовасць сярод густой масы дрэў, істотна адрозніваецца ад яго пазнейшых, больш папулярных прац.
«Прастата кампазіцыі, рэдкасць фармальных сродкаў і цёмная, прыглушаная каляровая палітра ўпісваюць твор у эстэтыку рэалізму і рэзка кантрастуюць з познім, парыжскім перыядам мастака, які характарызаваўся інтэнсіўным колерам і імпрэсіянізмам», – адзначыў Мілаш Каргаль з музею.
Згодна з інфармацыяй Нацыянальнага музею ў Кракаве, твор стаў часткай польскіх калекцый у 1980-х гадах. З таго часу ён застаецца ўласнасцю Варшаўскай архідыяцэзіі, а з 2020 года знаходзіцца ў дэпазіце Музею Яна Паўла II і прымаса Вышынскага ў Варшаве. Раней карціна знаходзілася ў прыватных калекцыях Бельгіі і Швейцарыі.
У 2021 годзе эксперты пацвердзілі аўтарства карціны. Спецыялізаванае даследаванне таксама дапамагло вызначыць паэтапны працэс яе стварэння.
Еўрапейская мастацкая галерэя адкрылася ў Нацыянальным музеі ў Кракаве ў пачатку снежня мінулага года. У пастаяннай экспазіцыі наведвальнікі могуць палюбавацца больш чым 120 творамі, створанымі з XIII па XX стагоддзе.
ав