Беларуская Служба

Беларуская дударская традыцыя на Варшаўскай ночы музеяў-2026

13.05.2026 11:12
Арганізатары абяцаюць наведвальнікам сустрэчу з беларускай дударскай традыцыяй — ад гісторыі інструмента да жывой музыкі і майстар-класаў.
.
..

У межах Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве адбудзецца праект «Дуды: музыка мінулага і сучаснасці», які ўвайшоў у праграму Варшаўскай ночы музеяў-2026. Арганізатары абяцаюць наведвальнікам сустрэчу з беларускай дударскай традыцыяй — ад гісторыі інструмента да жывой музыкі і майстар-класаў.

Праграма мерапрыемства стартуе а 16-й гадзіне ў суботу, 16 мая, адкрыццём выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Экспазіцыя распавядзе пра дуду як пра культурны сімвал і частку беларускай спадчыны.

А 18:00 і 20:00 пройдуць аўтарскія экскурсіі з Яўгенам Барышнікавым – музыкам, даследчыкам і выкладчыкам дударскай традыцыі. Наведвальнікі змогуць пачуць гісторыі пра інструмент, ягонае значэнне і традыцыі выканання.

З 19:00 да 23:00 будзе працаваць «Дударская майстэрня», дзе ахвотныя змогуць пазнаёміцца з працэсам стварэння дуды і паспрабаваць сябе ў ролі музыкі.

Завершыць праграму дударскі опэн-эйр, які пачнецца а 23:00 і працягнецца да другой гадзіны ночы. У ім возьмуць удзел беларускія і польскія дудары. Арганізатары абяцаюць жывую музыку і танцы пад адкрытым небам.

У музеі адзначаюць, што праект мае на мэце паказаць дударскую традыцыю як частку сучаснай культурнай прасторы і «жывую памяць, якая працягвае гучаць сёння».

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры