Беларуская Служба

Беларускі гурт Kasary атрымаў узнагароду на фестывалі Польскага радыё «Новая традыцыя»

25.05.2026 14:11
Узнагароду Першай праграмы Польскага радыё атрымаў беларускі гурт Kasary, які выконвае беларускія мужчынскія песні.
Аўдыё
  • Беларускі гурт Kasary атрымаў узнагароду на фестывалі Польскага радыё «Новая традыцыя»
Kasary
Kasarymat.pras.

У Варшаве завяршыўся 27-ы Фестываль Польскага радыё «Новая традыцыя», у межах якога прайшоў конкурс фолк-музыкі.

Гран-пры конкурсу дасталася інструменталістцы Караліне Матушкевіч. Журы адзначыла яе за віртуознасць, духоўную глыбіню і незалежнасць мыслення. Артыстка прадставіла аўтарскую праграму на плоцкай фідэлі і білгарайскай суцы — інструментах, глыбока ўкаранёных у польскую традыцыю, але рэдка выкарыстоўваных як самастойны сродак мастацкага выказвання.

Старшыня журы Ёанна Славіньска адзначыла, што сёлетні конкурс паказаў, наколькі па-рознаму сёння можна працаваць з народнай традыцыяй:

— Калі я слухала конкурс, мяне захапіла тое, што гэта стала незалежным ад народнай культуры і ўвогуле ад традыцыйнай музыкі. Гэта значыць — асобная мастацкая прапанова, заснаваная на традыцыі, але адначасова сучасная ў выкарыстанні голасу, спеву, гармоніі, рытмікі, па-свойму прачытанай, вельмі дакладнай у метрыцы. Той прабел, які мы мелі ў гэтай музыцы ў многіх рэгіёнах Польшчы, быў запоўнены — мы дагналі час.

«Залатыя гуслі» — узнагароду для найлепшага інструменталіста — атрымаў Мікалай Зых з гурта Piąty Żywioł. Спецыяльную прэмію імя Чэслава Немана атрымаў Павел Плоскань, які грае на колавай ліры.

Лаўрэатам радыёпрэміі Чацвёртай праграмы Польскага радыё стаў гурт Piąty Żywioł, прэміі Другой праграмы Польскага радыё — гурт Braty.

Трэцюю прэмію атрымаў гурт WCIAS, другую — гурты Uczta і ZYEM. Узнагароду Нацыянальнага інстытута імя Фрыдэрыка Шапэна атрымаў гурт Uczta, а прэмію Нацыянальнага інстытута музыкі і танца — гурт Braty.

Узнагароду Першай праграмы Польскага радыё атрымаў беларускі гурт Kasary, які выконвае беларускія мужчынскія песні. Журналістка Польскага радыё для Украіны Мар’яна Крыль паразмаўляла з удзельнікамі гурта пасля іх выступу ў Канцэртнай зале Польскага радыё імя Вітальда Лютаслаўскага — адной з лепшых у Польшчы. 

— Для нас гэта сапраўды новы этап. Мы прадставілі новае гучанне — з электроннымі элементамі і разам са Стасам Чахоўскім. Але пры гэтым не адыходзім ад традыцыйнага мужчынскага спеву. Усё гэта толькі падкрэслівае гучанне беларускай песні і дапамагае паказаць яе па-новаму, — кажа музыка гурта Сяржук Доўгушаў.

— У гэтых спевах кожны з нас знаходзіць нешта сваё. Гэта моц нашых продкаў, нашай зямлі. Мы адчувалі яе і калі спявалі а капэла ў вёсцы, і цяпер, калі з’явіліся сучасныя аранжыроўкі. Яны не замінаюць, а дапамагаюць адкрыць традыцыйную песню для сучаснасці, — адзначае ўдзельнік гурта Міхась.

— Калісьці ідэя «Спеўных сходаў» была ў тым, каб людзі зноў спявалі свае песні. Цяпер традыцыйная музыка атрымала другое жыццё. Але з мужчынскімі песнямі ёсць праблема — іх значна менш, чым жаночых. Цяжка знайсці крыніцы. Раней можна было ездзіць у экспедыцыі па Беларусі, цяпер мы працуем з архівамі, запісамі, нешта дасылаюць людзі. Мы працягваем шукаць і збіраць гэты рэпертуар (...), — дадае Сяржук Доўгушаў.

Слухайце аўдыё!

эж


Сяргей Доўгушаў: «У эміграцыі людзі знаходзяць сваю Беларусь»

20.11.2025 07:00
Па словах творцы, у іншай краіне трэба знайсці сваё месца, прыняць яго.

Выйшаў першы альбом гурта «Касары»

26.11.2025 12:24
Цяпер ён ёсць на ўсіх стрымінгавых пляцоўках.

Беларускія і польскія мастакі ўзводзілі «масты культуры», працуючы ў рамках спецыяльнага праекту

01.12.2025 19:31
Некаторыя беларускія ўдзельнікі праекту прасілі не называюць іх прозвішча і не паказваць твараў на здымках.